У кожнай бібліятэкі ёсць работнікі, якія з’яўляюцца гонарам і багаццем калектыву. Гэта сапраўдныя майстры кніжнай справы.
Захопленыя любімай работай, яны аддаюць часцінку свайго таленту і душэўнай цеплыні калегам і чытачам. Да ліку такіх адносіцца і Алена СУГАКА. Любоў да прафесіі ёй прывіла матуля. І вось ужо амаль чатыры дзясяткі гадоў Алена Францаўна аддана служыць Яе Вялікасці Кнізе, пацвярджаючы ісціну: колькі б гадоў табе не было, няма нічога лепшага за харошую кнігу ў руках.
Некалькі слоў пра сябе
Нарадзілася А. Ф. Сугака ў вёсцы Пяршаі. Бацька, Франц Адамавіч Бобрык, працаваў шафёрам у калгасе імя Карла Маркса – вазіў старшыню. Маці, Ядвіга Іванаўна, спачатку 13 гадоў была настаўніцай пачатковых класаў у Пяршайскай школе, а затым перайшла ў школьную бібліятэку, дзе і працавала бібліятэкарам да выхаду на заслужаны адпачынак. Алена была адзіным і доўгачаканым дзіцем у бацькоў і ўзгадвае, як у дзяцінстве, пакуль яшчэ была дашкольніцай, кожны вечар матуля расказвала ёй новую казку. Ужо потым прызналася, што казкі абавязкова рыхтавала кожны дзень. Маці вельмі любіла чытаць і чытала, дарэчы, усё сваё даволі доўгае жыццё. Метавіта яна прывіла любоў да кніг і чытання сваёй дачцэ. А кніг у іх доме заўжды было шмат: матуля сабрала добрую хатнюю бібліятэку – зборнікі твораў беларускіх, рускіх і замежных класікаў. Калі ў кніжную краму, якая працавала ў той час у Пяршаях, паступалі навінкі, Ядвіга Іванаўна амаль заўсёды набывала нешта для нашай хатняй бібліятэкі.
Школьніцай, Алена амаль на кожным перапынку бегала ў бібліятэку. З задавальненнем дапамагала расстаўляць кнігі альбо бібліятэчныя фармуляры, вельмі радавалася, калі матуля дазваляла запісаць кнігу чытачу. Так паступова і вызначыўся выбар будучай прафесіі.
Пра вучобу ў школе засталіся самыя лепшыя ўспаміны. Яе вучылі настаўнікі з вялікай літары: Міхаіл Міхайлавіч Макрыцкі, Данута Вікенцьеўна і Франц Францавіч Шаўлоўскія, Мікалай Рыгоравіч Рыжкоў, Марыя Іванаўна Стэльмах, Анастасія Ільінічна Руткоўская, Галіна Мікалаеўна Курдо. Ды і ўсе педагогі без перабольшвання былі прафесіяналамі сваёй справы. Асабліва ўдзячна настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыі Уладзіміраўне Бобрык. Называе яе “бясплатным рэпетытарам”, бо менаввіта яна займалася са здольнай вучаніцай дадаткова, каб падрыхтаваць да паступлення ў Мінскі інстытут культуры. Атрымаўшы пасля заканчэння школы залаты медаль, вырашыла рыхтаваць адзін прадмет – беларускую мову і літаратуру. Здаўшы яго “на выдатна”, была залічана на факультэт “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, які скончыла у 1983 годзе.
Першае месца працы
Размеркаванне атрымала ў Валожынскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Патрапіла ў вельмі добры калектыў, які ўзначальвала Алена Канстанцінаўна Родзевіч. Была назначана на пасаду бібліёграфа ў метадычны аддзел раённай бібліятэкі.
– З цеплынёй успамінаю сваё першае месца працы: загадчыцу Алену Ігнацьеўну Барахоўскую, метадыста Вольгу Іванаўну Шыкуць, Таісію Пятроўну Камароўскую і Ірыну Міхайлаўну Пучкову, – расказвае Алена Францаўна. – Бібліятэка месцілася ў падвальным памяшканні дома на вуліцы Партызанскай, 6. Пакойчык метадычнага кабінета быў вельмі маленькім, тым не менш месца хапала ўсім.
Сетка бібліятэк на той час была вялікая – 65 сельскіх і 4 гарадскія бібліятэкі (у Валожыне і Івянцы). Таму і працы для метадыстаў, якія адказвалі за работу сельскіх бібліятэк, таксама было шмат. Часта ездзілі “на раён” для аказання метадычнай і практычнай дапамогі сельскім бібліятэкам, а таксама дзеля праверкі іх працы. Акрамя транспарту аддзела культуры, прыходзілася карыстацца рэйсавымі аўтобусамі і нават спадарожным транспартам. Трэба сказаць, што мне, як маладому спецыялісту, было бы вельмі складана, каб не дапамога маіх каллег, асабліва Вольгі Іванаўны Шыкуць – вопытнага метадыста, якая добра ведала бібліятэчную справу і бібліятэчныя ўстановы раёна.
Пасля давялося папрацаваць і ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. У 2002 годзе Алена Сугака ўзначаліла Валожынскую дзіцячую бібліятэку і прарабіла на пасадзе 11 гадоў.
– Гэта цікавы, насычаны рознымі падзеямі, адрэзак жыцця і вельмі адказнай працы, – працягвае гераіня аповеду. – Калектыў падабраўся дружны, крэатыўны, творчы, прафесійны, аддадзены любімай справе: Алена Іванаўна Трасцянка, Святлана Аляксееўна Янкоўская, Жанна Міхайлаўна Ажэўская і Галіна Сямёнаўна Патапчанка. Мы праводзілі сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі і паэтамі – членамі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” на чале з Валянцінай Францаўнай Гіруць-Русакевіч, з якой мы вельмі плённа супрацоўнічалі. Ладзілі творчыя знаёмствы з дзіцячымі пісьменнікамі Міколам Маляўкам і Міхасём Пазняковым, паэтамі Сяргеем Законнікавым, Вячаславам Карабаном, Маргарытай Прохар і інш. Шмат мерапрыемстваў рыхтавалася (і рыхтуецца цяпер) да Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, працягваў працаваць літаратурны клуб “Кругагляд”, лялечны гурток “Сонейка”, радыёклуб “Сэрцам і розумам”, прафарыентацыйны клуб “Ветразь” для падлеткаў. Была распрацавана праграма па прыцягненню дзяцей да чытання “Чытанне адкрывае свет”.
Дзіцячая бібліятэка “запала мне ў душу”
Найбольш значнай і складанай падзеяй стаў пераезд дзіцячай бібліятэкі ў 2012 годзе ў новае месца – капітальна адрамантаваны будынак у цэнтры горада, дзе дагэтуль месціўся цэнтр дзіцячай творчасці. Гэта было вельмі хвалююча і адказна: усім калектывам мы планавалі як і дзе лепш размясціць аддзелы бібліятэкі, яе кніжны фонд, якія стэлажы заказаць. З’явілася магчымасць стварыць чытальную залу для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Малышок” і абставіць яе спецыяльнай мэбляй. Такая чытальная зала для маленькіх чытачоў “запала мне ў душу” пасля наведвання Жодзінскай дзіцячай бібліятэкі падчас абласнога семінара бібліятэчных работнікаў. Там жа ўпадабала стэлаж у выглядзе паравозіка, які вязе кнігі. У выніку атрымалася прыгожа і ўтульна, а маленькія чытачы яшчэ з большым задавальненнем сталі наведваць бібліятэку. А праз непрацяглы час на базе нашай бібліятэкі прайшоў абласны семінар бібліятэкараў.
Напрыканцы 2013 года Алена Францаўна перайшла на работу ў раённую бібліятэку на пасаду загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі. І зноў жа, па яе словах, трапіла ў кола цудоўны людзей. Знатакамі сваёй справы былі Марына Ігараўна Тур і Ірына Віктараўна Мамонька, якіх, на вялікі жаль, ужо няма. Цяперашні склад калектыву аддзела абслугоўвання – загадчыца Дзіяна Уладзіміраўна Гасціловіч, бібліёграф Іна Дзмітрыеўна Родзевіч, бібліятэкары Алена Паўлаўна Журкевіч і Святлана Міхайлаўна Ацесленка.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак А. Ф. Сугака працягвае працаваць у аддзеле. З’яўляецца кіраўніком клуба для пажылых людзей і інвалідаў “Міласэрнасць”, які шмат гадоў працуе пры бібліятэцы. З задавальненнем працуе на абанеменце альбо ў чытальнай зале і вельмі рада, калі чуе словы падзякі за добрую кнігу, за патрэбны і цікавы часопіс і, наогул, прыемныя словы за тое, што бібліятэка існуе. Як прафесіянала бібліятэчнай справы, ёй цешыць душу, што ёсць людзі, якія шмат чытаюць, што тэлевізар і Інтэрнэт не замянілі друкаваныя выданні. Яна сама не ўяўляе сябе без кнігі і чытання, усё жыццё з задавальненнем ідзе на працу.
Алена Залесская