Интервью

Ты – гаспадар на сваёй зямлі!

Галіна і Віталій ГУПАЛОВІЧЫ жывуць у Судніках. У сям’і гадуюцца два маленькія прадаўжальнікі роду – Глеб і Антон. Летась яны прадстаўлялі Валожыншчыну на абласным конкурсе “Уладар сяла”.

Маладыя муж і жонка нарадзіліся і выраслі ў вёсцы. Галіна Аляксандраўна родам з Макасічоў, што ў трох кіламетрах ад Суднікаў. Скончыла Навапольскі аграрна-эканамічны каледж, атрымала прафесію бухгалтара. Спачатку працавала ў гаспадарцы, пасля – у гандлёвым цэнтры ў сталіцы, але неўзабаве вярнулася ў родныя мясціны.

– Мінск – не маё, – кажа яна. – Душа сумавала па прыродзе і прасторы: люблю зямлю, свой агарод, жыўнасць на падворку. Тут і сынам ёсць дзе пагуляць. Муж альтанку сваімі рукамі зрабіў, пясочніцу для дзяцей, зараз займаецца гаражом у двары.

Віталій Аляксандравіч – з суседняй з Суднікамі вёскі Баброўнікі. Ён – перадавы механізатар сельгаспрадпрыемства “Суднікаўскі”: працуе трактарыстам на пагрузчыку, а падчас жніва – на камбайне. Каб не ўпусціць перспектыўныя маладыя кадры, кіраўніцтва гаспадаркі выдаткавала сям’і Гупаловічаў дом і, можна сказаць, што ён з’яўляецца ўжо іх уласнасцю.

Застаць гаспадара сям’і ў такую гарачую пару дома немагчыма. Таму размаўлялі з гаспадыняй.
– Калі нам прапанавалі прыняць удзел у конкурсе “Уладар сяла”, пагадзіліся, – працягвае Галіна Аляксандраўна. – Праходзіў ён у Клецкім раёне. Было крыху страшнавата, бо адказнасць вялікая: прадстаўляць усю Валожыншчыну. Самі конкурсныя спаборніцтвы не складаныя – усё тое, што мы робім пастаянна ў вясковым жыцці: дровы рэзалі, секлі, а пасля складвалі; венікі вязалі; дранікі смажылі. Было весела і неяк па-дамашняму ўтульна, дзеці спявалі і танцавалі.

Па словах Галіны Гупаловіч, у Судніках пражывае нямала маладых сем’яў.

– На вёсцы сёння можна жыць і развівацца, – сцвярджае яна. – Цяпер такія дамы будуюць, што выгоды не ўступаюць гарадскім. Але трэба любіць вясковае жыццё – без звычкі цяжка давядзецца. А вось сумаваць не будзе калі! Нам дом далі і пачалі памаленьку абжывацца: спачатку склеп пабудавалі – памяшканне вельмі патрэбнае ў гаспадарцы; назбіралі грошай і купілі машыну – стаў патрэбен гараж. Сам участак на падворку акультурылі: ёсць і кветнікі, і грады. Безумоўна, усё гэта патрабуе дбайных, руплівых, працавітых рук, але радасць і задавальненне прыносіць, бо адчуваеш: ты – гаспадар на сваёй зямлі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ