Интервью

«Проста жыву, люблю, працую…»: Марыя Пыжык пра сябе, сям’ю, работу


У гасцёўні раённай газеты – былы галоўны ўрач, урач-метадыст, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Валожынскай райбальніцы Марыя ПЫЖЫК.

Гэта жанчына шчыра і адкрыта прызнаецца, што мае мноства рыс характару, якія б больш падышлі мужчыну. Магчыма, гэта звязана з матэматычным складам мыслення. Знешне жаноцкая, прычым натуральная бландзінка, яна з маленства ўспрымала свет праз прызму дакладнасці і рацыяналізму. У той час, калі большасць дзяўчынак трызняць рамантычнымі гісторыямі, юная Марыя з Іўя з натхненнем паглыблялася ў формулы і тэарэмы, пакуль аднойчы не агучыла рашэнне: “Буду доктарам!”

– Марыя Іосіфаўна, дзякуй за згоду на сустрэчу. Нашы чытачы і не здагадваюцца, як доўга я Вас угаворвала.
– Проста я не публічны чалавек. Не люблю гучных заяў і пазёрства. І зусім не ўпэўнена ў тым, што мой светапогляд можа кагосьці зацікавіць.

– Выключны інтраверт?
– Ведаеце, я пражыла столькі гадоў з цікавым, адукаваным, адкрытым чалавекам – мужам, які аказаў на маю асобу каласальны ўплыў. Да сустрэчы з ім сапраўды была, так бы мовіць, сама ў сабе, аднак зараз ужо і не ведаю. Для кагосьці закрываюся, для блізкіх – адкрытая душа.

– Чаму дзяўчынка з матэматычнымі здольнасцямі накіравалася ў медыцыну, а не зацікавілася, напрыклад, прыкладной матэматыкай?
– Бацькі моцна хацелі, каб я паступала ў Інстытут народнай гаспадаркі (так тады называўся эканамічны ўніверсітэт), але я ўпёрлася. Захварэў бацька. Мне было яго шкада, здавалася вялікай несправядлівасцю, што чалавек вось так раптам можа злегчы. Таму вырашыла сваё жыццё прысвяціць вечнай барацьбе між чалавекам і захворваннем.

– Вы – тэрапеўт, кардыёлаг. Чаму не хірургія ці любая іншая спецыялізацыя?
– А я і хацела заняцца хірургіяй. Мне заўсёды было патрэбна штосьці энергічнае. Але выйшла замуж. Самі разумееце – сям’я, дзеці. А хірургія, яна забірае спецыяліста, як кажуць, душой і целам. Вось муж, хоць па натуры і гуманітарый, літаральна трызніў і жыў хірургіяй. Для працы ў маёй галіне медыцыны таксама патрэбна прызванне. Гэта зараз безліч методык даследавання. А калі я пачынала, што ў доктара было? Фанендаскоп і вушы! Ну яшчэ кардыёграф. Патрабаваліся вопыт і неверагодная інтуіцыя.

– Валожын ні для Вас, ні для мужа не з’яўляецца радзімай. Але ж менавіта з ім звязана ўсё жыццё. Як так атрымалася?
– Мой Мікалай Уладзіміравіч з Салігорска. Але Вы б ведалі, як гэты чалавек любіў наш горад! Не аднойчы ўзнікала магчымасць перабрацца ў сталіцу, толькі ён нават чуць пра такое не жадаў. Без усялякіх умоў быў адданы сям’і, прафесіі і Валожыну. Я ж без усялякіх умоў падзяляла погляды чалавека, якога лічыла ў сваім жыцці галоўным.

– Доўгі, шчаслівы шлюб аднадумцаў... Ці ж не шчасце? А сакрэт у чым?
– Няма ніякага сакрэту. Проста любілі, проста хацелі жыць па-людску. Дзяцей гадавалі. Мы пражылі 43 гады. Ужо шэсць гадоў, як я жыву без яго. Канешне ж, люблю сваіх сыноў, нявестак, унукаў (у мяне іх пяцёра), але муж быў маім сусветам. Ведаеце, нават зараз ніколі не гавару “ў мяне”, толькі – “у нас”.
– Вас хвалюе тэма ўзаемаразумення між прадстаўнікамі розных пакаленняў? Наколькі востра ўспрымаеце праблему, што ва ўсе часы турбавала свет?
– Я не бачу ніякай праблемы. Так, дзеці не разумеюць бацькоў. І не павінны! Яны – іншае пакаленне. Моладзьзаўсёды эпаціруе старэйшых. Так было, так ёсць і так будзе. Менавіта таму мне хочацца заклікаць сямейныя пары жыць у ладзе між сабой, а ў адносінах да дзяцей (асабліва калі яны маюць уласныя сем’і) у пэўнай ступені трымаць дыстанцыю і ніколі (ніколі!) не лезці са сваімі парадамі да ўнукаў. Толькі ў гэтым выпадку ўдасца пазбегнуць сутыкненняў. Наадварот, з’явіцца магчымасць наладзіць сяброўства.
– Марыя Іосіфаўна, дазвольце запытаць пра свет Вашых захапленняў. Што лічыце для сябе цікавым? Ці маеце хобі?
– Я і ў дзяцінстве шмат чытала, але пасля таго, як звязала лёс з выбраннікам, апантаным літаратурай, і сама стала такой, як ён. Мы, нягледзячы на занятасць, сядзелі ў кнігах, абмяркоўвалі класіку, спрачаліся наконт навінак… І зараз я па-ранейшаму адданы аматар чытання. Цікаўлюся і кіно, раней часта бывала ў тэатрах. Люблю падарожнічаць, наведалася ў многія краіны. Мне ўвогуле цікавы свет, людзі, іх звычаі, культура, кулінарыя. У Інтэрнэце ў асноўным чытаю артыкулы, што тычацца геаграфіі і гісторыі. Асалодай для душы лічу лес. Проста лес. Ні за ягадамі і грыбамі, ні на пікнік – пахадзіць, падыхаць, падумаць… Прычым у любую пару года. Як і большасць усяго лепшага, гэта ўва мне ад мужа.

– Сябры і сяброўкі. Не магу не закрануць сваю любімую тэму, бо лічу яе адной з важнейшых у жыцці чалавека.
– Згодна з Вамі. У дружбу веру свята. І тое, што сяброў сапраўдных быць не можа шмат, для мяне – аксіёма. Побач са мной – толькі самыя цудоўныя і шчырыя людзі, лепшыя з лепшых.

– А здрады давялося перажываць?
– Не без гэтага. Толькі я ўсё прыняла як непазбежнасць. Хіба можна пражыць столькі гадоў сярод розных людзей і не зведаць зайздрасці і подласці? Паколькі я вельмі спакойны і вытрыманы чалавек, блізкія нават думаюць, што падобныя моманты мне даліся лёгка. Гэта няпраўда. Баліць. Але што зробіш?
– Як наконт даравання?
– Абавязкова дарую. Толькі на зыходную не вярнуся ніколі.

– Быць медыкам – мець неверагодную адказнасць, бясконца павышаць
адукацыйны ўзровень, праз гады выпрацоўваць стрэсаўстойлівасць. Зразумела, што праца не для кожнага. Як Вы спраўляліся, калі непасрэдна працавалі з пацыентамі?

– Спраўлялася і нядрэнна. Не хвалюся, але мой характар добра падыходзіць для медыцыны. Я не панікёр, не істэрычка, магу спакойна і ўдумліва разрульваць любую сітуацыю. Але гэта не азначае, быццам не спачуваю хворым, проста не дапускаю лішняй эмацыянальнасці ў рабоце. Увогуле прыхільнік сціплых паводзін, не яркай эмацыянальнасці.

– Цікава пачуць Вашу думку наконт таго, як патрэбна наладжваць жыццё, каб яго падоўжыць.
– О, адказ на такое пытанне хацеў бы пачуць кожны. Толькі ж я не Усявышні. Усё не адназначна. Ёсць людзі, якія не прытрымліваюцца ніякіх правіл, а дажываюць да ста гадоў і болей. Таксама як некаторыя прыхільнікі здаровага ладу жыцця рана пачынаюць хварэць. Аднак упэўнена: беражонага і Бог аберагае. Памятаеце, як у фільме “Формула любові” доктар сказаў, што нажом і відэльцам мы выкопваем сабе магілу. Штосьці ў гэтым ёсць. І яшчэ: мяне ніхто не пераканае, быццам алкаголь і нікацін – дабро хоць у нейкай ступені.

– Вы ўжо даволі працяглы час на заслужаным адпачынку. Да таго ж аўдавелі. Што і хто напаўняе Вашу паўсядзённасць, дорыць радасць, дапамагае добра выглядаць?
– Я працую! І праца ў арганізацыйна-метадычным аддзеле мне падабаецца. Вопыт адміністрацыйнай работы, што ні кажы, маю значны. Вакол – калегі, шмат моладзі. Жыццё працягваецца. Вольны час прысвячаю дачы, наведваю басейн. Часта выхадныя праводжу з дзецьмі і ўнукамі, але, калі даводзіцца пабыць дома адной, ніколі не сумую. Занятку чалавеку, які здольны думаць і рухацца, заўсёды хапае. Што тычыцца знешнасці, асаблівага значэння ёй не надаю. Толькі стараюся не набіраць вагу. Апранаюся сціпла, без выкрутасаў. Увогуле люблю ўсё самае простае, асабліва адносіны.
– Што пажадаеце чытачам “Працоўнай славы”?
– Якія словы можна пачуць у адказ на такое пытанне ад урача, не здагадваецеся? Безумоўна, жадаю ўсім здароўя! У цудоўным рамане пісьменніка Міхаіла Герчыка “Обретение надежды” адзін з урачоў (кніга пра станаўленне інстытута анкалогіі) сказаў: “Будзьце здаровымі! Богам прашу, будзьце здаровымі!”. Лепшага пажадання не прыдумаеш. І яшчэ: не цярпіце таго, што вас разбурае, – з любой сітуацыі ёсць выйсце.

– Шчырае дзякуй, Марыя Іосіфаўна! Вам таксама – здароўя!

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара