Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
04.08.2010. Згадаўся наш сямейны адпачынак на Нарачы, калі Максіму было дзесяць гадоў. Жылі, як людзі, пакуль Максім не вычытаў абвестку пра конкурс прыгажосці ў дзіцячым лагеры. Пайшлі. Пасля конкурсу былі танцы, і наш Максім стаў танцаваць з самай прыгожай дзяўчынкай, якая перамагла ў конкурсе. Яна была з дзіцячага дома і на Нарачы адпачывала з кучай гэткіх жа сірот, як і сама. Зразумела, што дзетдомаўскія хлопцы адразу ўбачылі ў Максіме канкурэнта, таму да самага канца адпачынку даводзілася мне і Людміле час ад часу ахоўваць свайго сына, калі ён сустракаўся з прыгажунькай. Дзяўчынку звалі Даша. Ад’язджаючы дамоў, Максім абмяняўся з новай сяброўкай тэлефоннымі нумарамі, але, прыехаўшы дамоў, заўважыў, што дзяўчынка не пазначыла, з якога яна горада. Доўга наш Максім чакаў званка ад Дашы, але так і не дачакаўся…
30.04.2011. Стаю на прыпынку ў раёне станцыі метро “Інстытут культуры” і чакаю тралейбус № 23. І раптам да мяне падыходзіць маладая жанчына з хлопчыкам і пытаецца: “Вы Віктар?” “Так…” – адказваю. “Мы з вамі і вашай сям’ёй гадоў дзесяць назад пазнаёміліся ў час адпачынку на Нарачы…” – працягвае жанчына, і я адразу ўспамінаю яе. Але тут якраз праз хвіліну падыходзіць патрэбны жанчыне аўтобус, і яна, на хаду паведамляючы, што яе сыну пяць гадоў і яго завуць, як і майго сына, Максім, знікае сярод людзей…
01.08.2011. Павінны былі сёння паехаць адпачываць на Нарач, але не атрымалася. І цяпер адчуванне, нібыта адсталі ад цягніка, і ў нас у кватэры, як на вакзале…
04.08.2011. На Маскоўскі аўтавакзал на таксі з Людмілай ехалі моўчкі (Максім наогул паехаў на метро), нібыта пасварыліся. Замест чаканага камфартабельнага аўтобуса, які быў абяцаны пры куплі самых дарагіх білетаў на Нарач, на прыпынку нас чакала звычайная маршрутка. Пасажыраў набралася 12 чалавек, з якіх два казахі і два нецвярозыя мужыкі. Казахі ўсю дарогу баяліся праехаць Мядзель, а мужыкі пілі гарэлку, запіваючы мінералкай, і прыставалі да дзяўчыны, якая сядзела паперадзе іх.
Першы прыпынак быў у Ільі. Гледзячы расклад, прыклеены каля білетнай касы, стары з нашай маршруткі сказаў мне: “А я ў Красным працаваў…” “Там побач Ракуцёўшчына, дзе некалькі месяцаў жыў Максім Багдановіч…” – дабавіў я. “Так…” – працягнуў стары размову, якая тут жа перарвалася, бо нас паклікалі ехаць далей.
У курортны пасёлак Нарач заехалі за дзве з паловай гадзіны. Гаспадыня кватэры, дзе мы сабраліся адпачываць, сустрэла нас на прыпынку. Жыллё нам спадабалася. Пераапрануўшыся і перакусіўшы, пайшлі да Нарачы, каля якой Максім прапанаваў паглядзець санаторый “Нарачанскі бераг”, дзе мы адпачывалі восем гадоў таму. І мы пайшлі, і, прыйшоўшы да санаторыя, нібыта трапілі ў 2003 год – каля будынка на лавачках інтэлігентныя старыя, побач каля іх бегаюць шустрыя дзеці і стаіць гіпсавы Ленін. На танцпляцоўцы папса, якую мы чулі і ў 2003 годзе. Дзяўчаткі танцуюць, а хлопцы глядзяць, старэйшыя кураць. Нічога новага. У кватэру вярнуліся, калі ўжо сцямнела…
05.08.2011. Пакуль Людміла і Максім спалі, зрабіўшы сняданак, схадзіў у краму. Купіў алею…
З дому выйшлі ў 12 гадзін. Пайшлі па беразе Нарачы. Прыпыніліся каля старых пісьменніцкіх лецішчаў. Праходзячы каля нас, пажылы мужчына сказаў: “Гэта дачы нашых пісьменнікаў: Лынькова, Куляшова і Танка…”
Ужо другі дзень бачу на Нарачы човен пад белым ветразем. Адчуванне, нібыта на чаўне няма людзей…
Малькі ў вадзе чыстай каля берага, як брудныя ільдзінкі…
Каля аддзялення “Беларусбанка” цэлы дзень чарга. У чарзе адны і тыя ж людзі – скупляюць валюту. Праз дарогу каля будынка, дзе пахаронныя паслугі, лавачкі таксама не пустуюць – тут спыняюцца маршруткі з новымі адпачываючымі, якім прапануюцца кватэры, а я напачатку, гледзячы на кучу людзей, падумаў, што нехта памёр…
На пляжах стаяць знакі з папярэджаннем, што нельга карміць качак і лебедзяў. А гэтых птушак і не бачна…
Усе баяцца купацца, бо ў вадзе, кажуць, ёсць нейкая зараза ад птушак. Але многія купаюцца…
06.08.2011. Сніўся паэт Анатоль Сыс. Ён мне чытаў свае новыя вершы. Казаў, каб пасылаў усіх падалей, хто будзе вучыць, як жыць…
Разбудзіў тэлефонны званок ад мастака Алеся Квяткоўскага. Ён цяпер з жонкай у сяброў у Вілейцы. Пахваліўся, што амаль усю ноч спявалі песні на вершы Сыса, Рублеўскай і мае…
З акна праз дарогу бачу, як на сваю будоўлю на новенькай машыне прыехаў мужчына гадоў сарака. Фундамент ужо зроблены, а каля яго навернуты кучы пяску і цэглы. Па-гаспадарску пахадзіўшы па будоўлі, мужчына сеў у машыну і паехаў…
Хадзілі ў вёску Нарач, якая раней называлася Кабыльнікі. Нас цікавілі храмы. Царква была збудавана ў 1875 годзе. Мураўёўка. Замкнутая. Касцёл быў збудаваны ў 1901 годзе. Адчынены. Каля касцёла пахаваны ксяндзы. Адзін у 1922 годзе. Пражыў 27 гадоў. Другі памёр у 1942-м ва ўзросце 42 гады. На тэрыторыі пры храме стаіць скульптура Яну Паўлу ІІ.
У цэнтры вёскі Нарач сціплы помнік землякам, якія загінулі ў партызанах і на фронце. Надпісы па-беларуску…
Вяртаючыся з вёскі Нарач, дзівіліся яе велічыні. Асабліва ўразілі шыкоўныя лецішчы, якія абляпілі вёску…
Прыпыніліся каля верталётнай пляцоўкі. Можна палётаць над Нараччу. 10 хвілін каштуе 700 тысяч…
Пад вечар хадзіў з Людмілай да Нарачы. Ветрана. Хвалі, як на моры. На чорным небакраі човен пад белым ветразем, як прывід…
Вечар. У краме людна. Шмат моладзі. Усе купляюць піва. А мы сок і малако…
07.08.2011. Людміла купалася ў Нарачы, а я не палез у ваду, бо ўсё яшчэ баліць зуб. Тэмпература паветра была 24 градусы, а вады – 21. Пакуль я чакаў Людмілу з вады, над Нараччу лётаў верталёт – відаць, нехта не пашкадаваў 700 тысяч…
Утраіх каталіся на катамаране. Нядорага – за гадзіну 10 тысяч. Заплывалі далёка за буйкі, дзе глыбока і вялікія хвалі. Гледзячы толькі на ваду, я ўяўляў, што мы сярод бяскрайняга мора…
Часта сустракаюцца маладыя кітайцы. Сярод іх ёсць вельмі сімпатычныя кітаянкі…
Нарачанскія хлопцы прапанавалі купіць рыбу. Мы адмовіліся. Але калі б яны прапанавалі парыбачыць, то мы б з радасцю ў іх узялі вудачкі…
08.08.2011. Прачнуўся ад шуму дажджу за акном. Адчыніў фортку, і ў пакой заляцеў матылёк…
Калі дождж прыціх, з Людмілай пайшлі да Нарачы. На пляжах пуста. На вадзе каля берага плавалі качкі, якіх нельга карміць…
Ідучы па пантоне, назіралі за рыбамі. Следам за намі на пантонны астравок прыйшлі хлопец з дзяўчынай. Ён яе абдымаў і называў “сонейкам”, а дзяўчына ўсё пыталася: “Ці любіш мяне?”
Пахадзілі па тэрыторыі санаторыя “Нарач”. Паназіралі, як на лавачцы пад дрэвамі хлопчык пазіраваў мастачцы. І потым яшчэ ўбачылі лысага з вялікім жыватом мужчыну, які нёс згорнуты ў трубку гатовы партрэт сына і, гледзячы далёка перад сабой, задаволена ўсміхаўся, а хлопчык плёўся следам…
09.08.2011. Выбраліся на экскурсію. Першы прыпынак быў на страусінай ферме. Праўда, там толькі два страусы, таму гэта ферма больш свінаферма, бо ў загонах дзясяткі свінней розных парод…
Праязджалі каля вёскі Агароднікі, дзе нарадзіўся Уладзімір Дубоўка. Экскурсаводка падрабязна пераказала ўсю біяграфію паэта. Нават зачытала асобныя радкі з вершаў…
Вёска Лучаі, як маёнтак, упершыню ў летапісах згадваецца ў 1542 годзе. На сённяшні дзень Лучаі – даволі немалая вёска. Касцёл святога Тадэвуша, нібыта чакаў нас, быў адчынены, і на ўвесь двор гучала арганная музыка. Мы думалі, што гэта іграе арган. Ды не! Магнітафонны запіс. Ксяндза Мікалая не было, і мы ўсе вольна адчувалі сябе ў храме, які ў свой час быў распісаны мастаком Казімірам Анташэўскім. З касцёла выходзілі пад песню “Авэ Марыя”…
У Паставах наш аўтобус спыніўся на цэнтральнай плошчы. Царква зачынена. З яе на рыштаваннях мужчына са шланга змываў пабелку, і пырскі бруднай вады выляталі аж на вуліцу. І мы пайшлі ў касцёл святога Антонія Падуанскага 1880-1887 гг. На касцёле вісіць шыльда, якая паведамляе ўсім, што будынак ахоўваецца дзяржавай. У касцёле ўсё па-беларуску.
Напрыканцы вандроўкі экскурсаводка расказвала пра Тызенгаўзаў. І было вельмі прыемна чуць апладысменты, калі яна скончыла свой расповед пра нашых слаўных землякоў і прачытала верш пра Беларусь Анатоля Грачанікава…
10.08.2011. Захацеў купіць якую-небудзь газету. Падышоў да кіёска, а там стаіць маладая кіяскёрка, усміхаецца і корміць немаўля…
З Людай пайшлі па беразе Нарачы ў бок Мядзеля. Прайшоўшы метраў пяцьдзясят, вярнуліся да дарогі – сцяжына, па якой мы хадзілі восем гадоў назад, зарасла трыснягом і кустамі…
…І ўсё ж праз кусты прабраліся да Нарачанскага берага, на якім высяцца векавыя сосны…
У трыснягу знайшлі замаскіраваны вялікі човен. Магчыма, кантрабандысцкі. Паплаваць на ім не змаглі, бо човен быў прывязаны да ўбітага ў нарачанскае дно жалезнага кала…
Праз гадзіну па беразе Нарачы дайшлі да дарогі з аўтастанцыяй, адкуль можна паехаць у Мінск. А потым, згледзеўшы ўказальнік, з якога даведаліся, што праз 400 метраў знаходзіцца рыбны магазін, пайшлі па рыбу. На жаль, у рыбным магазіне нарачанскіх вугроў не было…
Які ўжо дзень у адпачынку, а я ўсё ніяк не магу расслабіцца – старасць і нямогласць бацькоў, як бомба, якая можа ў любы момант узарвацца, у маёй галаве і ў сэрцы…
11.08.2011. Пахаладала. 15 градусаў. Змрочна. Але ўсё роўна адпачываючыя ходзяць каля Нарачы, як каля сваёй здзейсненай мары…
Сніўся памерлы аднакласнік Сашка Балотнік. Я хадзіў да яго дапамагчы ўключыць у хаце святло. Не дапамог…
Глядзелі дакументальны фільм пра Отта Юльевіча Шмідта. З выгляду замухрышка, але добры авантурыст і шчасліўчык. Калі “Чэлюскінец” затануў і больш ста чалавек высадзіліся на ільдзіну, Отта Юльевіч не даў нікому замерзнуць, і так стараўся абагрэць усіх, што амаль усе жанчыны (іх было дзесяць) зацяжарылі. Не абмінуў Шмідт і прыбіральшчыцу…
Упершыню за сем гадоў працы ў выдавецтве ўжо тыдзень адпачываю за межамі горада. А так, звычайна, даводзілася амаль кожны дзень забягацца на працу і вырашаць нейкія творчыя пытанні, якія б маглі вырашыцца і без мяне…
Людміла з Максімам ходзяць у санаторый “Белая Русь” у басейн. Хваляцца, што там вельмі добра…
12.08.2011. Сёння не выспаўся. Нічога страшнага. У нашым жыцці сон – не самае галоўнае…
Раніца. Цяплее. Ужо 17 градусаў. Сіноптыкі абяцаюць 20. Буду чакаць, бо ўчарашнія 15 мяне замардавалі…
Ужо 22 градусы, і мая душа пачынае вызваляцца са змроку ўчарашняга дня і холаду мінулай ночы…
Сяджу адзін у чужой кватэры на пятым паверсе, як у вежы рэстаўраванага на сучасны лад замка…
Навальніца. Жадання пабегаць босым пад дажджом ужо няма…
На Нарачы хвалі, як на беларускім моры…
З Людмілай прайшлі каля лецішчаў Лынькова, Куляшова і Танка. Углядаліся ў зарослыя двары, нібыта спадзяваліся ўбачыць старых гаспадароў…
Цямнее. Старыя і пажылыя вяртаюцца ад Нарачы па сваіх дамах, а моладзь, нягледзячы на дождж, ідзе да вады…
13.08.2011. Адпачываць можна і нікуды не выязджаючы з Нарачы, што многія і робяць, седзячы ў шашлычных. Мы ж прыехалі, каб спазнаваць мясціны, у якіх цяпер часова жывём. На жаль, цікавых экскурсій для адпачываючых прапаноўваецца малавата…
Па дарозе ў вёску Княгініна ад экскурсаводкі даведаўся, што раней наш курортны пасёлак называўся мястэчкам Купа. І гэта мястэчка было не менш слаўнае, чым цяпер, маючы назву “курортны пасёлак Нарач”…
Вёска Княгініна вядомая з XV стагоддзя. У ёй Троіцкая царква збудавана ў канцы XVII стагоддзя. Храм драўляны, невялікі, захаваліся вельмі старыя іконы. У царкве каля сценкі стаіць прыгожы крыж з пазнакай: “Жертва воина Константина Дубяго. 25 марта 1914 года”. Каля Храма пахаваны а. Мітрафан (1864.V.25 – 1928.Х.1) і ягоная жонка Алена (1864.V.20 – 1949.ІХ.13), а таксама мітрафорны протаірэй Мікалай Башко (1927.29.03 – 1996.28.02)…
Праязджаючы каля Пількаўшчыны, экскурсаводка паведаміла, што гэта родная вёска Максіма Танка і прачытала ягоны верш пра Нарач. На жаль, наведванне магілы паэта не ўваходзіць у экскурсійны маршрут…
У Будславе мы з Людмілай і Максімам ужо былі два гады назад. Частка касцёла цяпер рэстаўрыруецца, а так нічога не змянілася. Праўда, сёння сам храм мне падаўся не такім велізарным, якім я ўбачыў яго ўпершыню…
Крыху ад’ехаўшыся ад Будслава, экскурсаводка падзякавала за ўвагу і сціхла. І амаль гадзіну мы ехалі дамоў сярод цікавых мясцін, чытаючы ўказальнікі…
(Заканчэнне будзе).