Главное

Нагадваем, якія юбілейныя даты святкуе Валожын у 2022 годзе

615 гадоў спаўняецца гораду Валожыну. У 1407 годзе Валожын быў падараваны вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага Вітаўтам віленскаму старасту Войцеху Манвіду.

515 гадоў таму, у 1507 годзе, Валожын як цэнтр староства ўваходзіць у склад Навагрудскага ваяводства.

440 гадоў таму, у 1582 годзе, маёнтак Валожын становіцца ўласнасцю віленскага ваяводы Мікалая Радзівілы.

130 гадоў таму, у 1892 годзе, у Валожыне афіцыйна закрыта яўрэйская духоўная акадэмія (ешыбот).

125 гадоў таму, у 1897 годзе, у Валожыне праведзены першы перапіс насельніцтва (пражывалі 4533 жыхары).

115 гадоў (1907 год) з дня пабудовы Аляксееўскага касцёла ў г. п. Івянец.

155 гадоў таму (1867 год) у Забрэззі пабудавана царква.

130 гадоў таму (1892 год) у Валожыне пабудавана першая драўляная лячэбніца на 10 ложкаў, пачала дзейнічаць прыватная аптэка.

105 гадоў таму (19-20.10.1917 года) у Валожыне праходзіў з’езд дэлегатаў 3-га армейскага корпуса 10-й арміі заходняга фронта.

105 гадоў таму (10.11.1917 года) у Валожыне быў абраны рэўкам на чале з М. В. Радынам.

105 гадоў (10.11.1917 года) з дня ўтварэння ў Валожыне і іншых мястэчках  валасных саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

60 гадоў таму (25.12.1962 года) па рашэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Валожынскі раён быў ліквідаваны. Яго тэрыторыя падзелена паміж Маладзечанскім і Стаўбцоўскім раёнамі.

225 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Бястужава (псеўданім Марлінскі). Нарадзіўся 23.10.1797 года ў Пецярбургу, загінуў у баі 7.06.1837 года. Дзекабрыст, рускі пісьменнік. З лістапада 1821 года па студзень 1822 года жыў у вёсцы Выганічы Валожынскага раёна.

215 гадоў таму (23.01.1807 года) нарадзіўся Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцінкевіч у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Магілёўскай вобласці. Памёр 29.12.1884 года ў вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна. Беларускі пісьменнік і драматург, класік беларускай літаратуры XIX стагоддзя.

115 гадоў таму (1907 год) Фердынанд Рушчыц назначаны прафесарам Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Фердынанд Рушчыц (10.12.1870 – 30.10.1936 гг., вёска Багданава Валожынскага раёна). Жывапісец, графік, тэатральны дэкаратар і педагог.

100 гадоў з дня смерці Ядвігіна Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі; 4.01.1869, мястэчка Добасня Магілёўскай вобласці – 14.02.1922 года). Беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы. Дзіцячыя гады прайшлі ў вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна.

80 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Пятровіча Рагойшы (05.06.1942 года, вёска Ракаў Валожынскага раёна). Крытык, літаратуразнаўца, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1969 года), доктар філалагічных навук (1993 год).

110 гадоў з дня нараджэння Пятра Іванавіча Біталя (19.06.1912 – 18.10.1991 гг., вёска Вішнева Валожынскага раёна). Беларускі паэт, перакладчык.

110 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Фёдаравіча Бруя (25.06.1912 – 28.07.1985 гг., вёска Ракаў Валожынскага раёна). Беларускі спявак, заслужаны артыст Беларусі, саліст оперы Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.

110 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага (20.07.1912 – 11.11.1984 гг., вёска Сівіца Валожынскага раёна). Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1967 год).

80 гадоў (24.09.1942 года) з дня гібелі Героя Савецкага Саюза маёра Васілія Васільевіча Шчарбіны, які загінуў у баі на Валожыншчыне.

65 гадоў з дня смерці Уры Фінкеля (8.10.1896 – 5.12.1957 гг., вёска Ракаў Валожынскага раёна). Яўрэйскі крытык і літаратуразнаўца.

65 гадоў (1957 год) з дня адкрыцця Валожынскай дзіцячай музычнай школы.