Без рубрики Калейдоскоп

Чатыры дыпломы пераможцаў прывёз калектыў харавікоў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў

Чатыры дыпломы пераможцаў – такі вынік удзелу вучняў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў у II Міжнародным конкурсе вакальна-харавога мастацтва імя Ігара Лучанка, які прайшоў у Магілёве напрыканцы сакавіка.

Конкурс сабраў больш за 2 тысячы выканаўцаў і калектываў з Беларусі і Расіі, якія выступалі сольна, у складзе ансамбляў і харавых калектываў у эстрадным, акадэмічным і народным вакале. Ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы: вядучыя дзеячы сферы культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, заслужаныя артысты, выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны.

Так, дыплом I ступені ў намінацыі “Акадэмічны вакал, сола” ў 2-й узроставай катэгорыі (7-9 гадоў) атрымала Аліна Каўрыга, якая выступала з песняй “Кукарэку, пеўнік”. Софія Марына ўдастоілася дыплома II ступені, Аляксандр Кашэўскі – III ступені. Такі ж вынік дуэта ў складзе Сабіны Драневіч і Аляксандра Кашэўскага. На рахунку А. Каўрыгі і С. Марынай – і дыпломы лаўрэатаў II і III ступеняў у IV Міжнародным вакальна-харавым конкурсе “VoicеFest”, які праходзіў у лютым-сакавіку бягучага года ў Маскве і быў прымеркаваны да 225-годдзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна.

Юныя таленты Валожыншчыны: Аліна Каўрыга, Аляксандр Кашэўскі і Софія Марына

Гэта толькі сёлетнія вынікі вялікай і вельмі карпатлівай работы ракаўскіх харавікоў. А ўвогуле ў дзіцячай школе мастацтваў чатыры дзіцячыя харавыя калектывы. Хор хлопчыкаў “Fortis” (каля 30 чалавек) пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны Русецкай; хор “Жаваранкі” (13 чалавек), з якім займаецца Наталля Мікалаеўна Гурына; хорамі “Іслачанка” (малодшы склад: 19 чалавек, 6-10 гадоў, і сярэдне-старэйшы склад: 17 чалавек, 10-14 гадоў) кіруе Юлія Аляксандраўна Краўчык.

Хочацца адзначыць, што зводны хор Ракаўскай ДШМ стаў пастаянным удзельнікам раённых урачыстасцей – без выступлення юных талентаў не абыходзіцца ні адно вялікае мерапрыемства. І ўспрымаюць іх гледачы на ўра. Не толькі таму, што гэта такое далёкае-блізкае і светлае-шчымлівае з савецкай эпохі. А ў першую чаргу – зачароўваючы жывы гук некалькіх дзясяткаў выканаўцаў. І спяваюць дзеці непадробна, чыста, пранікнёна, на некалькі галасоў.

Загадчык вакальна-харавога аддзялення Ю. А. Краўчык адзначыла, што харавыя спевы – вельмі распаўсюджаная з’ява ў дзіцячых школах мастацтваў.

Калектыўнае музіцыраванне павінна быць на ўсіх аддзяленнях. А вось на харавым аддзяленні хор – адзін з асноўных прадметаў. У вучняў ёсць пастаноўка голасу, фартэпіяна, але хор – гэта іх спецыяльнасць, гэта галоўнае, – тлумачыць Юлія Аляксандраўна. – Малодшаму складу хору вельмі цікава спяваць разам. Напрыклад, з аднаго класа Ракаўскай сярэдняй школы ў музычную адразу ходзяць сем чалавек. Яны разам ідуць, займаюцца, сябруюць. Такая калектыўная творчасць аб’ядноўвае.

Дзеці з хораў не проста спяваюць, яны развіваюць свой патэнцыял, пашыраюць рэпертуар, сцэнічны вопыт.

Мы прымаем удзел у канцэртах, ездзім на конкурсы. Напрыклад, летась малодшы і старэйшы склад “Іслачанкі” выступаў на вялікай сцэне ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску. Быў такі канцэрт “Нас яднае хор”. А вось зараз збіраемся з малодшым складам і 17 красавіка паедзем у Астравец на вакальна-харавы конкурс “Вакальная капель”: і салістаў павязём, і хор.

Дзеці прыходзяць у хор маленькімі – у 6-8 гадоў: у такім узросце, у прынцыпе, усе любяць спяваць. Для іх яшчэ не вельмі важна: ён саліст ці спявае ў хоры. А пасля паступова растуць і прывыкаюць да гэтай атмасферы. І для іх хор – святое: ён становіцца без перабольшвання другой сям’ёй.

Каб удзельнічаць у конкурсе, адзін твор даводзіцца вывучаць, дапрацоўваць, шліфаваць на працягу некалькіх месяцаў. Напрыклад, “Мураўіны ліхтаршчык”, з якім паедзем у Астравец, пачалі рыхтаваць з пачатку новага навучальнага года. Твор двухгалосы: для малодшага складу “Іслачанкі” гэта зусім няпроста – яго неабходна “ўпець”, каб дзеці адчувалі два галасы. Напачатку вывучаем адну партыю, пасля дабаўляем другую. Пры гэтым адначасова рыхтуем іншыя канцэртныя нумары.

Мне як дырыжору неабходна ўтрымаць увагу дзяцей. Гэта досыць карпатлівая работа і каласальная нагрузка. А калі атрымліваеш вынік, разумееш, што ўсё недарэмна, калі чуеш, што гэта гучыць, калі прыходзяць бацькі і кажуць, як гэта было прыгожа, то толькі далей і наперад. Сядзіш, выбіраеш праграму: каб і дзецям падабалася, каб і можна было паказаць, і па складанасці каб было на годным узроўні. Вось тады з’яўляецца азарт.

Па словах Юліі Аляксандраўны, у сучасным свеце харавыя спевы набылі другое дыханне.

Цяпер хораў на самай справе вельмі шмат. Апошнія пяць гадоў ідзе масавае адраджэнне, – кажа педагог. – У нас у Беларусі самы вядомы конкурс, які збірае вялікую колькасць удзельнікаў, – “Вясновы спеў”, што праходзіць у Мінску.

Вось такі дружны калектыў харавікоў у Ракаўскай ДШМ

Харавыя спевы спрадвеку моцна ўздзейнічалі на чалавека, як і музыка ў цэлым. Харавое выкананне мела і мае такую папулярнасць менавіта з-за незвычайнай энергетыкі і прыгажосці, ад якой бясконца атрымліваеш асалоду.

Алена ЗАЛЕСКАЯ