Здагадайцеся, хто яны – людзі, якія “жывуць” ці “працуюць” паміж небам і зямлёй. Вы скажаце: касманаўты, пілоты або альпіністы. І дзесьці ваша меркаванне будзеце дакладным. Але гаворка ідзе пра прафесію, якая адрозніваецца ад шматлікіх і часта з’яўляецца напрамкам творчых пазываў душы. Гэта паэты, пісьменнікі, драматургі, кампазітары, мастакі.
Што адрознівае паэта ад усіх астатніх? Ён не проста чалавек, які піша вершы. Ён – прыёмнік, праз які боль, радасць і надзея цэлага народа або адной асобы ператвараюцца ў словы. Чым жыве, незалежна ад кропкі на планеце, паэт? Ён жыве мовай сваёй краіны, пяшчотнымі, звонкімі, часам балючымі ўражаннямі і падзеямі. У творчасці паэта – сіла продкаў, шэпт лясоў, спевы палёў і шурпатасць гістарычных старонак. Кожнае слова для яго – не пустая гукавая абалонка, а “жывая істота”, з якой трэба абыходзіцца паважліва і з любоўю.
У гэтыя цудоўныя, святочныя дні пераходу з аднаго года ў іншы адзначыў свой юбілей паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Курыла.
Мая сям’я – гэта тое, чым я заўжды ганаруся, што дае мне жыццёвыя сілы, акрыляе, натхняе на творчасць.
Міхась Курыла
Гэты чалавек туташні, наш зямляк, побач з намі. І гэта вельмі добра і ўдзячна. У кожнага чалавека свае вытокі і свой лёс. Яго лёсам стала паэтычная творчасць, праз якую ён заявіў аб сваім існаванні ў свеце і якой адказаў на пытанні: як варта жыць, як неабходна любіць жыццё, якое ніколі не скончыцца.
На яго светапогляд вялікі ўплыў аказала сям’я, дзе панавалі лад і парадак, узаемная павага, любоў і спагада. Кемлівы, цікаўны хлапчук “увабраў у сябе” ўсю прыгажосць роднага Налібоцкага краю, яе каларыт і фарбы. Ён вельмі любіў чытаць творы Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Цвятаявай, Я. Смелякова. Яшчэ ў падлеткавым узросце пачалі фарміравацца творчая асоба, прабівацца на свет парасткі, праяўляцца літаратурныя здольнасці.
Вытокі натхнення – гэта вясковыя краявіды, лясы і пушчы. У яго вершах мы бачым пазіцыю мудрага чалавека са сфарміраваным светапоглядам і пазітыўным стаўленнем да ўсяго навакольнага. Паэт адчувае сябе толькі малой часткай вялікай жыццёвай стыхіі. Метафары, якімі ён карыстаецца, дапамагаюць разгадаць настрой гэтай стыхіі і ўбачыць яе непаўторную прыгажосць.
Вытокі натхнення – гэта і сям’я. Асабліва жонка Таццяна, якая і сябар, і доктар, і выхавальнік. Яна і сама творчая асоба: шмат гадоў адпрацавала ў Доме піянераў і потым у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Сын Максім, яго жонка і трое ўнукаў таксама займаюць значнае месца ў жыцці і творчасці паэта. Але асаблівае месца ў яго паэзіі прысвечана той жанчыне, якая падарыла жыццё, любоў і павагу да якой выказаў у вершы “Декабрист”.
Нарадзіўся Міхась Курыла (Міхаіл Аляксеевіч) 2 студзеня 1956 года ў сям’і калгаснікаў у весцы Зафільцы Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Бацька працаваў механізатарам, маці – рахункаводам у калгасе “17 верасня”. Скончыў Брылькоўскую васьмігодку. Шэсць гадоў правучыўся завочна на філфаку БДУ імя
У. І. Леніна. У 1982 годзе атрымаў дыплом гэтай установы.
У 1983-м пайшоў працаваць загадчыкам Лужанскай сельскай бібліятэкі Валожынскага раёна. У 1986 годзе з сям’ёй пераехалі ў райцэнтр. Працаваў пераплётчыкам бухдакументацыі ў КБА. З 1997 года – кіраўнік гуртка “Мастацкае слова” Валожынскага раённага цэнтра творчасці. Потым метадыстам народнага мастацка-літаратурнага аб’яднання “Рунь” пры РЦК.
Друкавацца пачаў з 1975 года. Першая падборка ў газеце “ЛіМ” з’явілася ў 1986 годзе. Акрамя таго, друкаваўся ў “Мінскай праўдзе”, “Чырвонай змене”, часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, “Вясёлка”, “Роднае слова”, альманаху “Дзень паэзіі”. Выдаў тры кнігі вершаваных твораў: “Белы птах” (1996), “Асенні рэнесанс” (2001), “В краях золотым соловьем” (2015).
ДЕКАБРИСТ
Облетел с деревьев позолоты лист.
Плачут в парке голые качели.
А у мамы в спальне ожил декабрист,
Красота такая – вы бы поглядели!
За окном метели, пляшут холода.
В комнате уютно, будто снова лето.
Будто сам волшебник приходил сюда,
Чудо нам оставил маленькое это…
Я не верю в мистику, я же реалист,
Только почему-то думаю упрямо:
В комнате у мамы ожил декабрист –
Значит, снова ночью приходила мама…
Будучы яшчэ загадчыкам бібліятэкі, набыў вялікі жыццёвы досвед. Урокі ад людзей, таму што на той час яшчэ кніжку людзі трымалі ў руках – ітнтэрнэту не было. У бібліятэку заходзілі не толькі па кнігі, але і па парады. Як загадчык і як чалавек быў начытаны і эрудзіраваны, таму і мог сабе дазволіць параіць па медыцынскіх і юрыдычных пытаннях. А было тады Міхаілу Аляксеевічу толькі каля трыццаці гадоў.
Цягнуліся да яго людзі ў вольны ад працы час як да цікавага суразмоўцы. На базе бібліятэкі арганізоўваліся танцавальныя вечары, сустрэчы з ветэранамі. Выступалі артысты з раённай самадзейнасці. Як кажа сам Міхаіл Аляксеевіч, ёсць што ўспомніць. Менавіта тут ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў у Сугваздах.
Расказвае Міхаіл Аляксеевіч і пра тое, што любоў да паэзіі ў яго склалася са школы, дзякуючы добрым настаўнікам у роднай Брылькоўскай школе. Літаратура і руская мова сталі асновай выхавання прыгажосці душэўнай і слова. Працоўнае выхаванне, сумесныя суботнікі, збор ураджаю бульбы і зносіны з прыродай – усё паўплывала станоўча на будучыню. Духоўныя, лагодныя і высокія адносіны бацькоў сталі таксама ўзорам у станаўленні юнага Міхаіла. Як сцвярджае сам Міхаіл Аляксеевіч, нейкая асаблівая прыгажосць была ў працы, у адносінах людзей вакол. Родная вёска жыла сваім асаблівым жыццём, насычаным і цікавым. Усе святы адзначалі разам, цэлымі дварамі. Ці то провады ў армію, вяселле, ці проста чыесьці імяніны. І заўсёды ігралі гарманіст і скрыпач. Ніхто не саромеўся. Хадзілі адзін да аднаго ў госці. На Сёмуху на лузе раскладваўся “абрус-самабранка”. Неслі пачастункі з усіх дамоў. Першы выпас кароў, уборку ўраджаю і гэтак далей – усё заўсёды адзначалі разам. Бацькоўскі дом Міхаіла Аляксеевіча часта быў поўны гасцей. Прыязджалі сёстры, браты бацькоў, у тым ліку і стрыечныя. Магчыма, шмат што з таго мінулага паўплывала на любоў да жыцця, да прыгожых адносін і шмат што вылілася ў паэзію.
СЛАВЯНСКІ РУХ
Славянскi рух – рух да сябе,
Да мовы матчынай i веры,
Да хат вясковых, што ў журбе
Чакаюць клопату мiж цемры…
Славянскi рух – здзяйсненняў рух,
Шлях у часы Сярэднявечча,
Калi славян бунтоўны дух
Шукаў свой воблiк чалавечы.
…Ад працы пальцы ў мазалях,
А рукi – цягнуцца да неба,
Нiбы намацваючы шлях,
Якi ў сям’i прайсцi нам трэба,
Каб не забыцца пра сябе –
Адкуль i хто мы ў гэтым свеце…
Славянскi рух бярэ разбег,
І сонца ясна ўсiм нам свецiць.
ПУШЧА
Налiбокi, Налiбокi –
Маляўнiчы родны кут,
Пералескi, лес, аблокi
Ды прасёлкаў вязкi грунт.
Жыватворныя крынiцы,
Жвавых рэчак рукавы,
Крыж пахiлы ля бажнiцы,
На пагорку – здань царквы.
Па-над лугам крык варонi,
Гонi бульбы на палях,
Збожжа выспелага промнi,
Прахалода – у гаях…
Месяц ясны, ясны зоры –
Супачынак для душы;
Налiбоцкiя прасторы –
Пакаяння рубяжы!
Творчасць і жыццё працягваюцца. Разам з Таццянай выгадавалі цудоўнага сына і дачакаліся траіх унукаў. Унукі ўспадкавалі матэматычны склад розуму, як у бабулі Таццяны, але ганарацца сваім творчым дзедам.
– Мне падабаецца пісаць пра сваіх маці, Радзіму, жонку. Змагальны вобраз Мадонны, успеты многімі класікамі, паўплываў на маё бачанне жанчыны наогул, – расказвае Міхаіл Аляксеевіч. – Рытму, вершаскладанню, выкарыстанню метафар вучыўся ў іх жа. Майстэрства і ўменне прыходзіць паступова, гэта не толькі натхненне. Талент даецца Богам, усё астатняе прыходзіць з досведам. На гармоніцы граць не магу, колькі разоў не спрабаваў, а вось вершы атрымліваюцца. Яшчэ, каб працаваць у творчым кірунку, трэба ўмець адводзіць ад сябе негатыў, проста не слухаць злых людзей. Чым ты сябе напоўніш, тое і аддасі свету. Мне пашанцавала, што са мной побач многа добрых людзей. Бацькі жылі годна, і я так стараюся, і сваіх нашчадкаў гэтаму вучу. Атрымліваецца, што браў прыклад не толькі з вялікіх паэтаў, але і з людзей, якія побач. Добрыя людзі звычайна маўклівыя і ціхія. Для балансу ў прыродзе ўсё важна. З часам па справах кожнага становіцца зразумела, хто чаго варты.
Мая творчасць – гэта пасыл свету пра тое, што жыццё цудоўнае, жыць варта. Верыць у Бога, у сябе, у сваіх блізкіх. Ведаць і разумець, што мы ўсе на правільным шляху. Наша цудоўная краіна і яе людзі з такім складаным лёсам. Прыгажэйшай за нашу Беларусь няма! Дабрадушнасць – тое, што ўпрыгожвае ўсіх нас. Чытайце паэзію, слухайце яе, бо ў гэтых радках – біццё сэрца нашай зямлі.
Удзельнікі народнага калектыву “Рунь” жадаюць, каб творчая літаратурная плынь паэта і проста добрага, спагадлівага і таленавітага чалавека не мялела, але і далей несла нам радасць жыцця, значнасць свайго існавання на зямлі, павагу і любоў да роднага краю.
Іна ДАЛІДОВІЧ







