Героі нашага творчага праекта сталі Пётр і Лідзія Лоўчыя, што жывуць у вёсцы Маршалкі ў доме № 12.
Да гаспадароў мы прыехалі праз гадзіну пасля тэлефоннай размовы – можна сказаць, самі напрасіліся ў госці. Яшчэ на пад’ездзе да сядзібы ўбачылі вялікі падворак, акуратна пастрыжаны газон, які на сёння займае даволі значную плошчу, у радочак высаджаныя маладзенькія туі – яны нібы падзяляюць спрадвечныя для вёскі соткі і грады на сучаснае жыццё і мінулае. Дом размешчаны воддаль ад цэнтральнай вуліцы – на ўзгорку, а вось за ім змайстравана прыгожая альтанка, вялікія арэлі, лазня. За невысокім плотам з суцэльнага металапрофілю схаваліся гаспадарчыя пабудовы, а наўкола – мноства кветак.
Знайшлося тут месца і агародніне, і садавіне, і зерневым культурам – хаця, зразумела, што калісьці яны займалі ўвесь прысядзібны ўчастак. А ён складае ні многа ні мала – адзін гектар зямлі.
На дварэ нас чакалі Пётр Паўлавіч і Лідзія Сяргееўна. Простыя вяскоўцы, якія пражылі тут усё жыццё, шчыра адпрацавалі ў калгасе, выгадавалі дваіх сыноў, прычакаліся ўнукаў. Па ідэальным парадку наўкола стала зразумела: да гасцей тут не рыхтуюцца загадзя. Надзвычайная чысціня і акуратнасць – у характары гэтых людзей. Што, дарэчы, і пацвердзіла сама гаспадыня, зрабіўшы невялікую экскурсію па доме, які пакуль не закранула цывілізацыя. Прасторныя сені, кухня з рускай печчу, спальня з жалежнымі ложкамі, вялікая зала з канапамі. І паўсюдна на падлозе чысцюткія дываны – нібы на іх і не ступае нага чалавека.
Лідзія Сяргееўна апярэджвае маё жаночае здзіўленне і захапленне:
– У нас так было заўсёды, – расказвае яна. – Памятаю, мне гадоў дзевяць-дзесяць. Кожную суботу трэба было вымыць падлогу – выдзерці дзеркачом да жоўценькага бліскучага колеру, бо тады яе ніхто не фарбаваў. Пакуль усю хату прыбрала, вельмі змарылася і каля печы ў сенцах адклала венік у бок, смецце анучай згарнула: хопіць, добра і так. Матуля паглядзела на такую маю работу і кажа: “Запомні, дачушка, калі бярэшся што рабіць, то рабі акуратна”. Гэтыя словы, нібы матулін наказ, пранесла праз усё жыццё – “нашуся” з гэтай акуратнасцю і ўпынку не маю. Не магу інакш жыць: калі што не ў парадку ці не на тым месцы ляжыць – уся знярвуюся.
А вось пераўвасабленні на падворку пачаліся гадоў з пяць таму. Узяліся за справу абодва сыны, калі па стане здароўя бацькі не змаглі ўпраўляцца з вялікай гаспадаркай і вымушаны былі зменшыць хатнюю жыўнасць і зямельныя надзелы. Зразумела, прывыкаць на вёсцы да гарадскога ладу жыцця было няпроста, як і прымаць пераўтварэнні. Але зараз вокам кінуць – сапраўднае хараство навокал!
– Сваіх сыноў я не прамяняла б на самых лепшых дачок, – з гонарам сцвярджае матуля. – Дай Бог кожнаму такіх: вельмі клапоцяцца пра нас з бацькам, прывозяць поўныя сумкі – чаго толькі душа жадае. А як прыедуць на выхадныя – адразу ж за работу бяруцца: сталярку ўласную змайстравалі, трактар маюць. Калі свята якое, дык у альтанцы ў даміно любім пагуляць разам, у суботу ў лазні памыемся, а пасля на арэлях памаленьку пагойдаемся з дзедам. Хіба ж мы маглі марыць пра такую асалоду і ўцеху ў старасці?!
Безумоўна, вельмі радуе, калі дзеці не цураюцца бацькоўскай хаты, а, наадварот, стараюцца “амаладзіць” яе – надаць другое жыццё. Родныя мясціны – бы глыток жыватворнай крынічнай вады, з якой чэрпаюцца сілы і цягнецца нябачная нітка радаводу. Няхай яна ніколі не перарываецца ў дружнай сям’і Лоўчых!
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА