Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
05.04.2014. З сястрой Валяй і яе мужам Віцем (з намі былі іх дачка Надзя і ўнук Цімур) ездзілі ў Ракаў у майстэрню, дзе робяць помнікі… Абапал дарогі няма пралесак. Ці ўжо адцвілі, ці яшчэ збіраюцца…
Зайшлі ў майстэрню. І я адразу ўбачыў гранітную пліту з партрэтамі мамы і бацькі. Як жывыя… Бацькаў партрэт мастак выбіваў цэлы дзень, а мамін ажно тры дні. Казаў, што больш уручную партрэты рабіць не будуць, бо вельмі цяжка, і многія потым выказваюць сваё незадавальненне (то ўсмешка не такая, то прычоска, то яшчэ нешта не так). Пяройдуць на камп’ютар. Тут ужо які дасі здымак, такі і пойдзе на помнік…
Мастак аказаўся гаваркім чалавекам. Ад яго даведаліся, што ў Санкт-Пецярбургу партрэты мастакі выбіваюць стоячы, а ён робіць, паклаўшы пліту. Стамляецца за дзень. Вочы і рукі баляць, а яшчэ і душа, бо вельмі шмат памерлых ва ўзросце ад сарака да пяцідзесяці…
З’ездзілі з майстрам на могілкі. Побач новых пахаванняў няма. Каля
бацькоўскіх магіл пачала прабівацца трава, а кусты зелянець. Жыццё працягваецца…
Пабыўшы з бацькамі, паехалі ў Пугачы. У Бузунах на буслянцы стаяў бусел. Белы, як бярозавы…
У вокнах роднай хаты цёмная самота… У двары ціха і пуста, як на бязлюдным востраве… Завёў насценны гадзіннік, і хата зноў ажыла… Многія рэчы так і ляжаць на тым месцы, як былі пакладзены бацькам…
Завіталі на хвіліну да дзядзькі Шуры. Ён з сынам і ўнукам правілі плот. Нядаўна дзядзька збіраўся прадаць хату і паехаць да сыноў у Маладзечна. Перадумаў. І добра, бо ў Пугачах і так ужо мала нашай радні засталося…
06.04.2014. Учора ў бацькоўскім садзе пад яблыняй знайшоў мёртвую варону. Думаў, што, вярнуўшыся ў горад, забудуся пра яе. Ды не, не забыўся, бо варона была мёртвая…
У раёне плошчы Свабоды ў памяць пра Магдэбургскае права, нададзенае Мінску, з’явілася кампазіцыя «Гарадскія шалі», якую стварыў скульптар Аляксандр Прохараў. Яна выяўляе, як гараджане мінулых стагоддзяў узважваюць тавар. Паблізу Мінскай ратушы пару дзён таму паставілі яшчэ адну скульптуру – войта, які трымае дакумент – аб наданні Мінску Магдэбургскага права. Верхні горад усё прыгажэе і прыгажэе. З Людмілай і Веранікай спецыяльна ездзіў, каб падзівіцца. Акрамя нас, было нямала замежнікаў, і амаль усе кітайцы…
Еду ў тралейбусе. Стаю каля жанчыны. Яна з тоўсценькай бяззубай дачкой гадоў шасці. Дзяўчынка гаворыць: “Я хачу быць паліцэйскім!” “І што ты будзеш рабіць?” – цікавіцца маці. “Буду бандытаў лавіць. Паганюся за цэлай бандай. Даганю самага бандзюгу і… ўлюблюся!” – задаволена жмурачыся, кажа малая…
Паэт Сяргей Чыгрын напісаў пад здымкам, на якім я з дзядзькам Шурам і ягонымі сынам і ўнукам: “Не сатруцца ў колаў шыпы, не парвуцца падэшвы… Будуць жыць на зямлі Шніпы, як вершы”.
07.04.2014. Прыходзіла бабулька, на выгляд гадоў пад восемдзесят. Хоча выдаць кнігу пра фларыстыку. Не наша тэматыка, але я павёў госцю да мастакоў. Там разгаварыліся, і бабулька сказала: “Я рукапіс кнігі падрыхтую, але прынясу яго толькі восенню, бо з’язджаю на лецішча, а там у мяне спраў непачаты край. Я ўжо хутка не магу ўсё рабіць. Мне 91 год…”
10.04.2014. Нечакана атрымаў у падарунак кнігу Рыгора Барадуліна “У неба пехатою. Апошнія вершы”. На вокладцы здымак Рыгора Іванавіча. Гляджу на яго і ўспамінаю бацьку, які незадоўга да сыходу ў лепшы свет гэтак жа выглядаў, калі я часам па тыдню яго не галіў. Гэткі ж маршчыністы лоб, гэткія ж барада і вусы, гэткія ж бровы, гэткія ж вочы, гэткі ж позірк…
11.04.2014. Прыходзіў у выдавецтва празаік Уладзімір Ягоўдзік. З ім і паэтам Анатолем Зэкавым больш за гадзіну ўспаміналі памерлых і жывых пісьменнікаў. Пачалі з Алеся Пісьмянкова – 23 красавіка будзе 10 гадоў з дня яго смерці. Успамінаючы Алеся, згадалі былы “ЛіМ” і яго супрацоўнікаў і аўтараў. Мала хто (а можа і зусім ніхто) з маладых літаратараў цяпер ведае, што быў такі пісьменнік Алесь Асіпенка, і ён быў галоўным рэдактарам штотыднёвіка. Хто з маладых чытаў вершы Юрася Свіркі? Петруся Макаля? Анатоля Вялюгіна? Аляксея Русецкага? Прозу Адольфа Варановіча? Яўгена Міклашэўскага? Раманы Івана Чыгрынава? А колькі сярод нас жывых пісьменнікаў, якія нібыта памерлі…
12.04.2014. Дзень касманаўтыкі. Ніколі не марыў быць касманаўтам. І ўсё ж у кожнага паэта ёсць свой космас…
13.04.2014. Узгадалася, як два гады таму хадзіў да бацькі на кватэру і прынёс яму свянцоныя вербныя галінкі, убачыўшы якія, бацька сказаў: “Праз тыдзень Вялікдзень…”
Вербная. Сонца няма, і няма таго светлага настрою, якога хочацца. Успамінаю бацькоў. А пра маму нават чатыры радкі прыдумаліся:
Маміна неба цяпер нада мной.
Больш чужых зорак няма ні адной
Там, дзе цяпер мая мама жыве.
Мама са мной, як малітва ў царкве…
14.04.2014. Пяты вечар праводжу з кнігай Рыгора Барадуліна “У неба пехатою. Апошнія вершы”. Чытаю па некалькі твораў. Няма куды спяшацца. Чытаю, думаю, успамінаю. Напрыканцы сакавіка 1985 года, даведаўшыся, што ўжо дакладна еду ў Маскву вучыцца ў Літінстытут на ВЛК, я зайшоў у госці да Барадуліна, каб пахваліцца сваёй навіной. Як заўсёды, Валянціна Міхайлаўна мяне накарміла. Гаварылі доўга пра жыццё, пра літаратуру. Рыгор Іванавіч казаў, каб не ўздумаў жаніцца ў Маскве. Я абяцаў. У той дзень, развітваючыся, атрымаў у падарунак вялікі канверт, у якім ляжалі два тамы выбраных твораў паэта, што выйшлі ў 1984 годзе.
15.04.2014. Сем гадоў да вучобы ў Літінстытуце я амаль нідзе не працаваў. Пісаў вершы, хадзіў па рэдакцыях. Жыў за атрыманыя ганарары. Часта карміўся ў сяброў і недзе пару разоў у месяц у Рыгора Барадуліна. У маі 1983 года я прыйшоў у рэдакцыю газеты “Звязда” да Сяргея Законнікава, каб пакінуць яму новыя вершы для друку. Сяргея Іванавіча не было. Яго забралі на працу ў ЦК, а на ягоным месцы сядзеў мой сябра Уладзімір Марук. Валодзя, ведаючы, што я перабіваюся з капейкі на капейку, прапанаваў мне зрабіць для газеты з кім-небудзь інтэрв’ю, бо вершы яны не могуць часта друкаваць. “А можна я з Рыгорам Барадуліным пагавару?” – нясмела запытаўся я. “Пагавары, калі Рыгор Іванавіч пагодзіцца!” – адказаў Марук.
У той жа дзень я паведаміў свайму Настаўніку, што хачу зрабіць з ім гутарку для “Звязды”. Я раней інтэрв’ю ні з кім не рабіў, пра што пры сустрэчы прызнаўся Барадуліну. Валянціна Міхайлаўна, пакарміўшы мяне, пакінула нас на кухні. Рыгор Іванавіч прынёс паперу і аўтаручку. Пасадзіў бліжэй да святла і пачаў дыктаваць пытанні да сябе і свае адказы. Гаварылі гадзіны дзве. І як вынік – 11 чэрвеня 1983 года ў “Звяздзе” з’явілася маё інтэрв’ю з Барадуліным “Сваё слова – ад маці”. Праз месяц мне выдалі ганарар, і я адразу паехаў да Рыгора Іванавіча, каб палавіну грошай аддаць яму. Даведаўшыся, чаго я прыйшоў, Барадулін засмяяўся і, не ўзяўшы грошай, сказаў: “Ты іх чэсна зарабіў!”
16.04.2014. Рыгор Барадулін і Пятрусь Макаль жылі ў некалькіх хвілінах хады адзін да аднаго. Пятрусь Міхайлавіч на пачатку 80-х гадоў працаваў у часопісе “Маладосць” і рыхтаваў да друку вершы. Чалавек ён быў кампанейскі і гасцінны. Неяк, чытаючы мае новыя творы, Макаль прапанаваў прыйсці да яго дахаты ў выхадны дзень і пагаварыць пра паэзію. Я не адмовіўся. У той час сын Макаля (амаль мой аднагодак) пісаў вершы і ваяваў у Афганістане. Нам было пра што пагаварыць. Пасля першай хатняй сустрэчы з Петрусём Міхайлавічам я стаў частым госцем у ягонай кватэры. І вось неяк я іду ад Макаля і сустракаю Барадуліна. Рыгор Іванавіч, холадна павітаўшыся, адразу сказаў: “Тут мне нядаўна Макаль хваліўся, што ў яго з’явіўся надта таленавіты вучань. І хто, ты думаеш, гэты вучань? Віктар Шніп!” Пасля той сустрэчы з Барадуліным я перастаў хадзіць да Макаля…
17.04.2014. Хадзіў у Дом літаратара на прэзентацыю кнігі Махтумкулі “З кубка вечнасці мёд”. Пра выданне клапаціўся Ганад Чарказян, і ён мне прапанаваў паўдзельнічаць у стварэнні фаліянта, прысвечанага 290-годдзю з дня народзінаў класіка туркменскай літаратуры. Я пераклаў пятнаццаць вершаў. Сярод перакладчыкаў – Рыгор Барадулін, Алесь Звонак, Анатоль Клышка, Артур Вольскі, Алег Лойка, Мікола Мятліцкі, Казімір Камейша і іншыя паэты. На прэзентацыі былі паслы Туркменістана, Таджыкістана, Узбекістана, Кіргізстана, Казахстана і Малдовы, а таксама народная паэтэса Туркменістана. Ад беларускага боку выступілі Георгій Марчук, Мікола Мятліцкі, Іван Саверчанка і Ганад Чарказян. Камейшу і мне слова не давалі, а мы і не пакрыўдзіліся. Я сядзеў паміж Таццянай Сівец і Навумам Гальпяровічам. Перад імі стаялі таблічкі з прозвішчамі, з імем і імем па-бацьку, а ў мяне было напісана: “Віктар Шпін”…
У Мексіцы ва ўзросце 87 гадоў памёр лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Габрыэль Гарсія Маркес. Закончыліся ягоныя сто гадоў адзіноты…
18.04.2014. Патэлефанавалі з Ракава і паведамілі, што паставілі помнік маім бацькам. У мамы заўтра дзень народзінаў. Пастаўлены помнік, як падарунак да яе 84 гадоў…
Колькі не фатаграфуйся каля помніка Янку Купалу, Купалам не станеш…
19.04.2014. Сёння маме было б 84. Трэці яе дзень народзінаў без яе…
20.04.2014. Вялікдзень. Успамінаецца, як мама да свята пякла булкі ў печы. Яны былі вялікія-вялікія і смачныя-смачныя. Такіх булак, як у мамы, я ніколі не еў ні тады, ні цяпер. Фарбавалася дзясяткаў пяць (а то і болей) яек, каб усім хапіла, хто прыйдзе ў жачкі. Да свята бацькам у дзеда былі навэнджаны каўбасы, паляндвіцы і сала. Для валачобнікаў заўсёды было нагнана літраў дваццаць самагонкі, а таксама падрыхтавана велізарная бочка квасу з бярозавага соку. Словам, з бацькамі Вялікдзень быў сапраўдным Вялікаднем…
Па тэлефоне павіншаваў з Вялікаднем сваякоў, якія жывуць у вёсках. І так захацелася да іх, што хоць ты кінь усё і зараз едзь. Але не кіну і не паеду, бо іх, дзякуй Богу, шмат, таму некага наведаць, а некага не, будзе для іх у гэты дзень як нейкая ацэнка іх блізкасці. Абавязкова трэба будзе аб’ехаць іх усіх у гэтым годзе, пакуль яны яшчэ жывыя. Даведаўшыся, што па бацьках мы паставілі помнік, цётка Стася сказала: “А мы з мужам ужо гадоў дзесяць, як зрабілі сабе помнік. Стаіць у пуні…”
У кватэру праз расчынены балкон заляцела пчала. Пагудзела над нашым велікодным сталом і паляцела назад на вуліцу. Згадаліся бацькі…
Сум мой светлы, як першыя веснія кветкі каля бацькоўскіх магіл…
22.04.2014. З Вячаславам Рагойшам, Ганнай Запартыка і Уладзімірам Марозам (нас вазіў Валодзя) ездзіў у Маладзечна ў Цэнтральную раённую бібліятэку імя М. Багдановіча, дзе ўдзельнічаў у навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Асветнік з Карпілаўкі”, прысвечанай 145-годдзю Ядвігіна Ш. Акрамя нас выступалі Марыя Барткова, Валерый Бурэнь, Тамара Бярэзіна, Людміла Сільнова і Андрэй Унучак. Вёў рэй Міхась Казлоўскі, дзякуючы якому гэта канферэнцыя і была арганізавана. Пасля ўсяго мы фатаграфаваліся. Прыехаўшы дадому, захацеў паглядзець здымкі. А іх няма. Такое не ўпершыню. Не ўсе ўмеюць карыстацца чужымі фотаапаратамі…
Па сённяшні дзень для некаторых Ядвігін Ш. гэта Ядвігін Трэці. Для мяне Ядвігін Ш. да гадоў сямнаццаці быў Ядвігіным Шніпам. У той жа час я хацеў узяць сабе псеўданім Вітаўт Ш.
25.04.2014. Паэтычны тэатр “Арт.С” у бібліятэцы Цёткі прадставіў працяг паэтычна-міфалагічнага праекта “Сакральная Беларусь”. Гэта была трынаццатая сустрэча. Яна прысвечалася мястэчкам. Я выступаў апошнім. Давялося падкараціцца, бо імпрэза зацягнулася. Усе выступалі з натхеннем, забываючыся на рэгламент…
У 1959 годзе ў маіх бацькоў, якія тады толькі пабраліся шлюбам, узнікла пытанне: “Дзе будавацца?” Старэйшы мамін брат Павел жыў і працаваў брыгадзірам у Ракаве. Мама хацела жыць побач з братам. Бацька, прывыкшы жыць з бацькамі, катэгарычна не захацеў з’язджаць з Пугачоў. І я нарадзіўся непадалёку вёскі, на хутары дзеда Юзі і бабулі Параскі…
У Ракаве мог нарадзіцца Янка Купала, калі б ягоныя бацькі незадоўга да яго нараджэння не пераехалі ў Вязынку. Здаецца, у японцаў днём народзінаў лічыцца не той дзень, калі чалавек нарадзіўся, а той, калі ён быў зачаты. Купала быў зачаты ў Ракаве…
У Ракаве нарадзілася, жыло і жыве шмат вядомых людзей. Сярод іх Вячаслаў Рагойша і браты Янушкевічы. Тыдзень таму, едучы ў Маладзечна, Вячаслаў Пятровіч расказаў: “З дзяцінства люблю вясновае разводдзе. Стаўшы студэнтам, я спецыяльна прыязджаў у Ракаў, каб паглядзець, як выходзіць з берагоў наша рэчка. Чарговы раз прыехаўшы дамоў, я пайшоў да вады. На другім беразе далекавата ад мяне былі два хлопчыкі. Аднаму гады тры, а другому гадоў восем. Яны то падыйдуць да лёду, то адыдуцца. Відаць, хочуць перайсці на мой бераг, каб вярнуцца дамоў. І вось нарэшце малыя адважыліся і пабеглі па крыгах. На сярэдзіне ракі дзеці праваліліся ў ваду. Я іх ледзьве павыцягваў. Чыіх я выратаваў дзяцей, я не ведаў, бо тады малых у Ракаве было шмат. Вечарам да нас прыйшла маці маіх выратаванцаў і ў падзяку прынесла мне розных пачастункаў. Гэта была маці будучага мастака і будучага літаратуразнаўца…”