Сельское хозяйство

Яўген Арцюкевіч ходзіць на працу, як на свята

Трактарыст-машыніст сельгаспрадпрыемства “Агра-Дубінское” Яўген АРЦЮКЕВІЧ працуе ў гаспадарцы 15 гадоў на пагрузчыку. У размове і ўсур’ёз, і жартам зазначыў: “Я вадзіцель пагрузчыка ўжо ў трэцім пакаленні: дзед на такой тэхніцы рабіў, пасля бацька, цяпер сам – яшчэ і сын расце!” “А колькі ж Вашаму сыну?” – пытаюся. “Сем гадоў, але куды ён дзенецца – трэба ж дынастыю працягваць!”

Сам Яўген Уладзіміравіч нарадзіўся і вырас у Дубіне. Тут стварыў сям’ю, набыў уласны дом, добраўпарадкаваў яго. “Люблю я вёску і ад работы сваёй атрымліваю сапраўднае задавальненне! Хварэю працай – хаджу на яе, як на свята: мне не трэба ні выхадных, ні адпачынку, толькі б быць занятым!” – кажа старанны механізатар. Кіраўніцтва адзначае, што ён працавіты, настойлівы, патрабавальны да сябе, адказны за вынікі сваёй работы, беражліва ставіцца да замацаванай тэхнікі. Лепшым у раёне Яўген Арцюкевіч прызнаны па нарыхтоўцы кармоў.