Сельское хозяйство

Сяргей Рыснік са сталёвым канём заўсёды на «ты»

Трактарыст-машыніст сельгаспрадпрыемства “Багданаўскае” Сяргей РЫСНІК названы лепшым на прэсаванні саломы: летась на трактары “МТЗ-1221” у пары з прэс-падборшчыкам “ППРО-155” ён запрасаваў 1392 тоны.

Сяргей Уладзіміравіч родам з вёскі Сіняя Гара. І, як кажуць у народзе, дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся. З маленства цікавіўся тэхнікай – любоў да стальнога каня прывіў бацька, які ўсё жыццё адпрацаваў трактарыстам у “Падбярэззі”. У гэтай жа гаспадарцы азы будучай прафесіі асвойваў і ён. А з 2006 года працуе на багданаўскай зямлі. Яго вялікая дружная сям’я, у якой выхоўваюцца трое дзяцей, жыве ў Дзясятніках. Жонка таксама працуе ў гаспадарцы бухгалтарам. У свой час кіраўніцтва заахвоціла маладога работніка жыллём, а ён стараецца не падвесці – працуе з душой.
Ветлівы, сціплы, добрасумленны – такім ведаюць Сяргея Рысніка калегі па рабоце. А вось кіраўнік Павел Родзь адзначае і яшчэ адну важную якасць – надзейны: па-гаспадарску ставіцца да тэхнікі і да даручанай справы. Ніколі не падвядзе. А вынікі працы гавораць самі за сябе.