Интервью

Алена Гаспарэвіч: » Вельмі любіла сваю работу, і яна вызначыла мой лёс»

Алена ГАСПАРЭВІЧ аддала сацыяльнай службе Валожыншчыны больш за тры дзясяткі гадоў.

Успамінае, як пасля заканчэння 8 класаў паступіла ў фінансава-эканамічны тэхнікум на спецыяльнасць “Правазнаўства і ўлік у сістэме сацыяльнай абароны”. Пасля вучобы па размеркаванні яна і патрапіла ў наш раён – гэта быў 1967 год.

– Якраз тады толькі пачаў дзейнічаць закон аб калгасных пенсіях, – расказвае Алена Іванаўна. – У нас быў вялікі аб’ём работы, а спецыялістаў-інспектараў усяго чатыры. Колькасць пенсіянераў – прыкладна пад 19 тысяч чалавек. Было вельмі шмат спраў, асабліва калгаснага назначэння, нямала адмоўных спраў, бо некаторыя грамадзяне не падыходзілі да назначэння пенсіі – не мелі патрэбнага стажу.

Аддзел тады ўзначальвала Марыя Аляксандраўна Косарава, старшым інспектарам працавала Марына Аляксандраўна Кавалеўская. Служба размяшчалася на другім паверсе колішняга будынка райвыканкама (дзе цяпер знаходзіцца рэдакцыя нашай газеты). Займалі толькі два кабінеты: у адным размяшчалася бухгалтэрыя, у якой налічвалася 12 чалавек: выплату пенсій праводзілі ўручную. І ўвогуле ўсю работу рабілі ўручную пры дапамозе лічыльнікаў (косточковых счетов). Таму даводзілася працаваць у выхадныя, браць работу на дом.

– Гаспадарак у раёне было многа, за адзін дзень яны маглі прывезці па 10-15 пенсійных спраў: іх трэба было апрацаваць, не ўлічваючы таго, што ў аддзел прыходзілі наведвальнікі, – працягвае ветэран працы. – Раз за разам рабілі пераразлікі: спачатку калгасная пенсія складала 6 рублёў, пасля – 12, далей павялічылася да 20. Узрастаў і памер дзяржаўнай пенсіі. У нашым аддзеле я была адзіным дыпламаваным спецыялістам, да таго ж падчас вучобы ў тэхнікуме праходзіла вытворчую практыку ў Барысаўскім аддзеле, у абласным сабесе і ў сваім родным Чэрвені. Базу атрымала добрую. Тут мне далі самы вялікі і аддалены ўчастак – Івянецкі сельсавет, а там у большасці хутарная сістэма. Ездзіла з праверкамі ў Волму, Залессе, Пральнікі: набяру дакументаў у сумку і па 10-12 кіламетраў пешшу – транспарту ж ніякага ў аддзеле не было.

Зарплату малады работнік атрымлівала па тым часе невялікую – 62 рублі 50 капеек. Сямейныя абставіны склаліся так, што адна выхоўвала сына, жыла на кватэры. Сродкаў не хапала на самае асноўнае. Таму давялося перайсці ў іншую арганізацыю, дзе ёй прадаставілі жыллё і далі добры заробак. Аднак досыць хутка зразумела, што ёй больш падабаецца працаваць з людзьмі, а не з паперай.

Калі прыехала ў Валожын, думала: адраблю тры гады і ні за што тут не застануся. Пасля мяне сюды прыехалі па накіраванні яшчэ дзве дзяўчыны. Але адпрацавалі вызначаны тэрмін і вярнуліся ў родныя мясціны. У мяне нават ёсць загад у працоўнай кніжцы аб пераводзе ў абласны аддзел. Памятаю, тады нашы работніцы запэўнілі: “Алена Іванаўна, куды ты паедзеш: у 5 раніцы будзеш у Мінску ўставаць, цягнуць дзіця на прыпынак, а ён плакаць будзе. Ты тут яго за ручку ўзяла і спакойна завяла ў дзіцячы сад…” Трэба сказаць, што калегі заўсёды выручалі: калі затрымлівалася дзе на раёне, забіралі майго сына да сябе дадому. Вось так і прыжылася на Валожыншчыне на ўсё жыццё. Вельмі любіла сваю работу, і яна вызначыла мой лёс.

Паўсядзённая работа многа чаму навучыла. Павага да людзей пенсійнага ўзросту ў А. І. Гаспарэвіч засталася з маладых гадоў: “Іду па горадзе і бачу, што пажылы чалавек дарогу не можа перайсці – я яму абавязкова дапамагу, пагутару. Не на словах ведаю, што гэта такое, бо працавала ў сацыяльнай сістэме…”

У прафесійнае свята ветэран сацыяльнай абароны раёна пажадала ўсім, хто працуе ў такой важнай і адказнай сферы, у першую чаргу здароўя, мірнага неба над галавой, сіл, цярпення, адносіцца да людзей з разуменнем і душой.

Алена ЗАЛЕСКАЯ