Общество

Антаніна Адамовіч:»Нашчадкі пачалі сыпацца, як гарох, – розніца паміж імі зусім малая»

Менавіта гэтыя складальнікі лічыць сапраўдным шчасцем для чалавека шматдзетная матуля, жыхарка вёскі Камень Івянецкага сельсавета Антаніна Адамовіч.

Зусім нядаўна Антаніна Алёйзаўна ўдастоілася самай высокай для жанчыны ўзнагароды – ордэна Маці. Разам з мужам Анатолем Антонавічам яны выхоўваюць пяцёра дзяцей – тры сыны і дзве дачушкі: 12-гадовага Андрэя, 10-гадовую Віялету, Аляксею хутка споўніцца 9 гадоў, Арсенію – пяць, а маленькай Маргарыце ўсяго год і пяць месяцаў.

Шматдзетная сям’я – з мясцовых. Антаніна нарадзілася на хутары ў Козліках, іх у бацькоў было трое, яна – самая старэйшая. Анатоль родам з Каменя, рос разам з братам. З будучым мужам хадзілі ў школу ў Камені – ён вучыўся ў адным класе з яе родным братам. Таму ведалі адзін аднаго, можна сказаць, з дзяцінства.

А вось сям’ю стварылі, калі Антаніна Алёйзаўна ўжо працавала настаўніцай у сваёй роднай школе. Маладыя месяц пажылі з бацькамі мужа, а пасля адасобіліся. “Пачатак сям’і павінен быць самастойным – паміж мужам і жонкай, разлічваць толькі на сябе”, – лічыць гаспадыня. Да таго ж у спадчыну Анатолю дасталася дзедава хата ў Камені, куды яны і перабраліся.

Колькі будзе дзетак – ніхто не планаваў. “Ну, двое-трое, – кажа шматдзетная матуля, – а каб пяцёра – не чакалі. Хаця ў маіх бацькоў – што па матулінай, што па бацькавай лініі, іх мелі па дзевяць. Таму на генетычным узроўні ўсё гэта ўжо закладзена даўным-даўно. Але былі складанасці: жылі мы ў шлюбе шэсць гадоў, аднак прадоўжыць свой род ніяк не атрымлівалася. А пачынаючы з 2010 года, нашчадкі пачалі сыпацца, як гарох, – розніца паміж імі зусім малая”.

– Правілы ў нашай сям’і такія. Першае – верыць у Бога. Другое – дабрыня. Трэцяе – дапамагаць адзін аднаму. Выхоўваем сваіх дзяцей на прынцыпах спагады і справядлівасці. Залатое правіла – любоў, цярпенне і давер, – гаворыць Антаніна. – Ёсць і традыцыі: у нядзелю абавязкова рыхтуем бліны з мачанкай – іх чакаюць усе з нецярпеннем і нават напярэдадні пытаюцца, ці будзе любімая страва. Абавязкова ходзім у касцёл: старэйшыя хлопцы ўжо самастойна наведваюць, ну а меншыя – па магчымасці. Вера вельмі дапамагае ў жыцці – гэта аснова: так было ў нашых дзядоў, бацькоў, перадалося і нам.

Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці бацькі паказваюць дзецям сваім прыкладам, дзе бацька – галава, а матуля – шыя. Бацька – здабытчык, мужны муж, настойлівы, дзелавы мужчына і пры гэтым добры сем’янін. Дзеці слухаюцца яго ва ўсім: што бацька сказаў – зразумела з першага разу. У адрозненне ад матуліных просьбаў, якія можна паўтарыць і тройчы. Большыя сыны Андрэй і Аляксей даўно дапамагаюць бацьку ў мужчынскіх справах, таксама самастойна даглядаюць за трусамі, якіх папрасілі набыць, за трыма сабакамі і двума катамі. 10-гадовая Віялета – матуліна памочніца на кухні. Ёй падабаецца займацца выпечкай, упрыгожваць тарты. Яшчэ яна любіць маляваць, рабіць упрыгажэнні з бісеру і аквамазаікі.

Памятаю, як на нашым вяселлі маёй хроснай матулі вядучыя далі мікрафон і папрасілі патлумачыць, што такое шчасце. Яна адказала: “Шчасце – мір на зямлі і хлеб на стале, а ўсё астатняе прыкладзецца”. Гэтыя словы мне вельмі запомніліся – мы ўзялі іх як лозунг у будучае сямейнае жыццё. Яны бясспрэчныя ва ўсе часы.
Антаніна Адамовіч

Арсеній таксама любіць маляваць, складаць канструктар “Лега”. З маленькай пястухай Маргарытай іх не разліць вадой, хоць брацік даўно ходзіць у дзіцячы сад і без пяці хвілін школьнік.

Юны канструктар Андрэй дэманструе сваё ноу-хау

Асобна хочацца расказаць пра захапленне самага старэйшага – Андрэя: ён майструе драўляныя машыны. Усё пачалося яшчэ з маленства – 2-3-х гадоў, калі бацькі купілі хлопчыку набор дзіцячых цацачных інструментаў, з якім ён спаў і хаваў пад ложак, і прыносілі з магазіна скрынкі з кардону. У першым класе папрасіў, каб купілі шрубавёрт. Цяпер у яго арсенале цэлы набор розных ужо дарослых інструментаў – большы, чым у бацькі, і свая міні-майстэрня. Хлопец зрабіў вялікую драўляную машыну з рулявым кіраваннем, каб можна было кіраваць коламі ўлева і ўправа, падключыў святло ў фарах – дзетвара яе настолькі палюбіла, што проста не вылазіць адтуль. Да свайго хобі прыцягнуў і брата – зараз “мазгуюць” разам.

Ох, і пакатаемся ж на братавай машынцы!..
Ружы-кветкі і настрой уздымаюць, і ўтульнасць ствараюць

Сама ж Антаніна вельмі любіць ружы – хоць часу на іх застаецца зусім мала, але цвітуць яны на падворку пышнай квеценню і напаўняюць наваколле сваім хараством. Яшчэ адзін занятак для душы шматдзетнай матулі – шыццё: многія рэчы ў сямейным гардэробе пашыты менавіта яе рукамі.
Шматдзетная сям’я Адамовічаў атрымала дапамогу ад дзяржавы і дабудавала ў доме другі паверх. На парадку – унутраныя работы і газіфікацыя: на гэтыя мэты плануюць выкарыстаць мацярынскі капітал. А што засталіся жыць на вёсцы – ніколі не пашкадавалі, а зараз тым больш: дзеці могуць вольна і ў любую хвіліну гуляць на ўласным падворку, вучыцца быць гаспадарамі, любіць куточак маленькай радзімы, дзе вітае дух продкаў і адкуль ідуць твае карані. А яны – вельмі глыбокія і трывалыя, як і само дрэва: з моцнымі, разгалістымі галінкамі і лісточкамі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ