Многія прыходзяць адразу пасля ўніверсітэта і застаюцца тут назаўсёды, а для кагосьці Валожын – толькі пачатковая стадыя для далейшай рэалізацыі свайго патэнцыялу.
У гэтым годзе, як і ў папярэднія, раён папаўняюць маладыя спецыялісты. Свае дзверы для маладога таленту ў гэтым годзе адкрыла Гародзькаўская дзіцячая школа мастацтваў. Творчы калектыў стаў багацейшым яшчэ на аднаго прафесіянала. Дзяніс Бягун – выкладчык па класе цымбалаў, сваёй рабоце аддадзены душой і сэрцам. Навучэнцы музычнай школы з зацікаўленасцю звяртаюцца да настаўніка, які, у сваю чаргу, з адказнасцю і сумленнем ставіцца да кожнага вучня.
Дзяніс Бягун:
– Cкончыў я Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага па класе цымбалы. Першапачаткова хацеў паступаць у іншым кірунку, але так, напэўна, склаўся лёс. З дзяцінства імкнуўся быць падобным да свайго куміра – Віктара Цоя, таму вельмі хацелася авалодаць гітарай, але пры паступленні не набралі патрэбную колькасць абітурыентаў, і я выбраў цымбалы. Мне падалося гэта цікавым, люблю спрабаваць нешта новае.
Безумоўна, былі і складаныя моманты. Але, дзякуючы згуртаванаму калектыву, у якім я працую, ва ўсіх пытаннях атрымалася разабрацца. Пакуль што не сутыкаўся з такімі глабальнымі праблемамі ў культуры, якія вырашыць было б немагчыма, таму што ў дадзенай сферы задзейнічаны людзі адукаваныя і ўсебакова развітыя.
Зараз пачаўся вучэбны год, планаў шмат, і вельмі хочацца іх усе здзейсніць, галоўнае, каб дзецям было цікава – тады і выкладчыкі будуць з задавальненнем прыходзіць на працу. Цяжкасць пакуль адчуваю хіба што ў дакументацыі, усё ж такі я чалавек творчы, але з вопытам і гэта праблема адпадзе.
Усім сваім калегам хачу пажадаць цярпення і як мага больш паслухмяных дзяцей, а таксама з велізарнай зацікаўленасцю і жаданнем займацца высокім мастацтвам.
— Дзеці натхняюць ствараць нешта незвычайнае і новае, увогуле прыемна бачыць у іх вачах азарт і
зацікаўленасць у занятках. Вялікая адказнасць – навучыць, даць правільны кірунак і пры гэтым захаваць тую “іскру”, з якой ставяцца да вучобы, — гаворыць малады спецыяліст.