9 кастрычніка – дзень работнікаў культуры
Менавіта ў гэты дзень віншаванні прымаюць тыя людзі, хто дорыць добры настрой і стварае прыемную атмасферу на канцэртах, імпрэзах, вечарынах. Людзі, для каго свята – звычайны працоўны дзень, які святкуюць нават больш гледачы, чым самі супрацоўнікі.
На працягу некалькіх гадоў сустракае юныя таленты раённы цэнтр культуры. Высокакваліфікаваныя маладыя творцы з яркімі і новымі ідэямі імкнуцца паспрабаваць свае здольнасці на практыцы. Магчыма за іх плячамі яшчэ не так шмат ашаламляльных выступленняў, але многія ўжо змаглі праявіць сябе, паказаць талент. Менавіта да гэтай катэгорыі адносяцца маладыя спецыялісты раённага цэнтра культуры Ягор Раткоўскі і Вераніка Ляшкевіч. Сустрэць іх атрымалася якраз пасля чарговага канцэрта. Маладыя людзі з задавальненнем падзяліліся некаторымі фактамі свайго творчага жыцця і планамі на будучыню.
Ягор родам з Маладзечанскага раёна, але пасля размеркавання прыйшоў працаваць у Валожын, зараз займае пасаду хормайстра раённага цэнтра культуры. Малады чалавек ужо атрымаў прызнанне ад многіх калег і сабраў уласнае кола прыхільнікаў. Дзякуючы свайму таленту, юнак вельмі часта з’яўляецца на галоўнай сцэне горада, дзе выконвае вядучыя вакальныя партыі. Акрамя таго, Ягор – жаданы госць і на розных сцэнічных пляцоўках раёна.
– Я скончыў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага, напрамак – акадэмічны вакал, і пасля размеркавання трапіў у Валожын. Хаця спачатку планаваў заставацца ў Маладзечанскім раёне, але ўмовы для працы і рэалізацыі ў Валожынскім раёне былі лепшыя, да таго ж дабірацца мне ад дому да Валожына не так далёка і вельмі зручна. Акрамя таго, было вялікае жаданне пазнаёміцца з новым горадам, бо раней у Валожыне быў толькі праездам і тое зрэдку.
Чаму я вырашыў атрымаць менавіта музычную адукацыю? Яшчэ са школьных гадоў наведваў музычную школу, і вельмі часта наш калектыў ездзіў на розныя канцэрты. А калі надышоў час выбіраць установу для далейшага навучання, то мой выкладчык музычнай школы пазнаёміла мяне з намеснікам па навуковай рабоце музычнага каледжа Георгіем Іларыёнавічам Юрэвічам, у якога я браў урокі вакалу і, дзякуючы якому, у далейшым стаў навучэнцам музычнага каледжа. Канешне, калі працуеш з ідэйнымі добрымі людзьмі, якія гатовы многае ахвяраваць ва ўгоду іншых – то яны і дораць натхненне.
Самым галоўным у сваёй рабоце лічу данясенне настрою і адчування свята гледачам і ўвогуле ўсім людзям, перадачу эмоцый цераз мастацтва і, безумоўна, творчасць, якая існуе ва ўсім. У далейшым планую паспрабаваць нешта новае, можа быць нават перакваліфікавацца, але ні ў якім разе творчасць я не пакіну. Самай яркай сваёй работай на сённяшні дзень лічу “Папуры”, якое мы падрыхтавалі сумесна з народным хорам ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” і прэзентавалі на свяце горада – 3 ліпеня.
Шмат розных ідэй рэалізавала малады і таленавіты рэжысёр раённага цэнтра культуры Вераніка Ляшкевіч. Дзяўчына ўжо атрымала некаторы вопыт у прафесіі і зараз здзяйсняе свае задумы.
– З самага дзяцінства я займаюся творчасцю: танцую, спяваю – толькі, напэўна, не малюю. Ніколі не ўпускала моманту ўдзелу ў розных гарадскіх і раённых канцэртах і фестывалях. Калі адчула, што хачу звязаць свой лёс з культурай, то не адразу зразумела, у якім напрамку буду рухацца – шмат да чаго ляжала душа. Праз некаторы час вырашыла стаць рэжысёрам, таму што рэжысёр – гэта і выкладчык, і псіхолаг, і арганізатар. Такія перспектывы мне былі даспадобы. Пасля чаго я і пачала развіваць свае здольнасці не толькі як рэжысёра, але і як вакалісткі. Пачала наведваць гурткі ў раённым цэнтры культуры, рыхтавацца да паступленне. І вось пасля заканчэння школы паспяхова здала іспыты і паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Мне падабалася вучоба, таму падчас навучання ніякіх цяжкасцей не адчувала. На другім курсе пачала працаваць у раённым цэнтры культуры. У мяне была тэатр-студыя, дзе мы займаліся з дзецьмі акцёрскім майстэрствам. І вось менавіта тады я зразумела сваё прызванне, пры тым, што сумяшчаць вучобу і работу было складана, паколькі стараешся аддавацца творчасці поўнасцю, мне падабалася займацца сваёй работай.
Магу сказаць што я – працаголік! Для адпачынку мне хапае двух дзён – не магу сядзець без работы, тым больш што зараз вельмі шмат ідэй, якія хачу рэалізаваць. Хутка надыходзяць святы, і я ўжо бачу сваю работу, а самае галоўнае – я хачу гэтым займацца.
Для рэжысёра вельмі важнымі з’яўляюцца такія якасці, як уменне своечасова і аргументавана сказаць “не”, шукаць вырашэнне праблемы імгненна і дапамагаць кожнаму, хто просіць тваёй дапамогі. А самае важнае – знайсці патрэбныя словы для артыста ці проста калегі. Лічу, што настрой рэжысёра залежыць ад тых, з кім ён працуе. Мая работа менавіта тут, у раённым цэнтры культуры, вельмі разнапланавая. Я не толькі арганізую мерапрыемствы, пішу сцэнарыі, але і займаюся кіраўніцтвам двух калектываў: эстраднай студыі “Зорка” – вайсковай часці і тэатральна-музычнага калектыву “Art Way”, дарэчы, у які нядаўна быў новы набор, таму работы шмат.