Выстава вырабаў з мыла маладога майстра Марыны Янкоўскай праходзіць у памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.
Родам Марына з Мінска, але ў свой час выйшла замуж за валожынскага хлопца і таму часта наведвае наш горад, а летам, наогул, праводзіць тут водпуск, а дачушка Марыя прыязджае да бабулі на ўсе канікулы.
Па прафесіі наша гераіня – педагог, яна выкладае англійскую і нямецкую мовы ў школе алімпійскага рэзерву, дзе рыхтуюць спартсменаў, якія прадстаўляюць нашу рэспубліку на міжнародных арэнах і абараняюць яе гонар на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Маладая жанчына вельмі любіць сваю работу, але яе творчая натура патрабавала яшчэ чагосьці для душы. Спрабавала майстраваць нешта з шакаладу, воску, але бліжэй прыйшліся вырабы з мыла.
Новай для сябе справай Марына занялася недзе паўгода таму. Перад гэтым яшчэ паўгода пільна прыглядалася да тэмы мылаварэння. Пра задуму нікому нічога не казала. Прамудрасці майстэрства спасцігала самастойна. Інфармацыю знаходзіла ў асноўным у інтэрнэце: глядзела відэаролікі на Youtube, наведвала анлайн-вебінары. І вось перад Вялікаднем рашылася на першую работу. Разам з дачушкай яны вырабілі велікоднага зайчыка. Каб усё было прафесійна, загадзя купіла якасную сіліконавую форму. У адрозненне ад пластыкавых з такіх лягчэй дастаць гатовы прадукт і яны дазваляюць паўтарыць самыя дробныя дэталі.
Усёй сям’ёй Янкоўскія дзівіліся на зайчыка, ён атрымаўся як жывы. Дачка Маша самастойна размалявала яму мыску. Хобі захапіла. Спыніцца ўжо было немагчыма. За першым зайчыкам была зроблена яшчэ цэлая партыя такіх. Знаёмыя і не толькі з задавальненнем набывалі рознакаляровых вушасцікаў на падарункі да Вялікадня.
Цяпер у Марыны ўжо шмат самых разнастайных формаў: на кожную кветку ў мыльным букеце ёсць свая. Наша гераіня пастаянна ўдасканальвае ўласнае майстэрства: спрабуе новыя пахі, кампаненты, інгрэдыенты і інш., вядзе старонку ў сацыяльнай сетцы Instagram. Асабліва натхняе тое, што людзі праяўляюць інтарэс да яе творчасці, радуюцца такім арыгінальным падарункам.
Члены сям’і, чым могуць, дапамагаюць жанчыне, у кожнага з іх ёсць адпаведныя абавязкі. Марыя любіць размалёўваць гатовыя фігуркі. Уручную акрылавымі фарбамі на вадзяной аснове дзяўчынка робіць жывёлам з мыла вочкі, лапкі, носік і інш. Муж забяспечвае сваю цудоўную палавінку неабходнымі матэрыяламі. І любімая справа ўсё больш зацягвае, хаця з’яўляюцца і новыя задумкі.
Вырабы майстрыхі радуюць вока, зачароўваюць прыгажосцю і прыемнымі пахамі. Яны прыцягваюць позірк разнастайнасцю формаў і колераў. У якасці араматызатараў Марына выкарыстоўвае масляныя дабаўкі з натуральнымі кветкавымі і фруктовымі пахамі. Такое мыла не сушыць скуру.
Хочацца адзначыць вельмі прадуманае, прыгожае афармленне кожнай фігуркі, букета. Ва ўпакоўцы, якая выконвае не толькі дэкаратыўную функцыю, але і падкрэслівае ўнікальнасць самога прадукту, падарунак выглядае ідэальна. Такі чароўны, яркі і запамінальны сувенір не сорамна паднесці ў якасці мілага прэзента калегу, школьнаму настаўніку, сваяку ці сяброўцы з нагоды любога свята.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара