Валянціна Фёдараўна Круглік сорак гадоў была брыгадзірам, а пасля начальнікам участка ў колішнім калгасе “1 Мая” (цяпер “Сакаўшчына-Агра”). Гэтыя дзесяцігоддзі, напоўненыя цяжкай, але такой стваральнай працай, яна лічыць самымі шчаслівымі ў жыцці. Росквіт прыйшоўся на час гаспадарання ў “1 Мая” Мікалая Сцяпанавіча Шчуцкага – чалавека-легенды Валожыншчыны. Таму і вынікі атрымліваліся відавочныя. Калгас грымеў на ўсю рэспубліку і паказчыкамі, і людзьмі.
За доблесную працу Валянціна Фёдараўна Круглік удастоілася ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаля “За працоўную доблесць”, узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. З’яўлялася дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў трох скліканняў, была вылучана кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР, але па сямейных абставінах адклікала сваю кандыдатуру.
Нарадзілася будучая “зорачка” сакаўшчынскай зямлі ў простай сялянскай сям’і ў вёсцы Савяцевічы. Дзяцей было чацвёра. Бацькі працавалі з ранку да змяркання, гэтаму ж прывучалі і сваіх дзяцей. “Ніхто тады ў нас не пытаўся, чаго мы хочам ці пра што марым, – успамінае мая суразмоўца. – Бацькоўскае слова было законам: падымуць у 4 раніцы – трэба карову пасвіць, гусей, свіней.
Памятаю, мы з Анатоліем Мікалаевічам Кулаком (у будучым – намеснікам старшыні райвыканкама) цераз хату жылі. Яго бацька быў намеснікам старшыні ў калгасе. Тады не дазвалялася на палетках, напрыклад, з лубінам траву рваць. А карову трэба было нечым вечарам пакарміць. Дык я яго, меншага, угавару (бо яго ж бацька начальнік, таму чапаць не будуць, і мяне тады не пакараюць), нарвём вялікія кучы травы, бацька прыедзе на возе, вышэй драбінак накладзе, а я яшчэ ў мех напіхаю і пру, ледзве пацягнуць. Вось так і жылі – працавалі да салёнага поту. Таксама дома даводзілася гадаваць меншых братоў, бо маці з бацькам увесь час на калгасных палетках шчыравалі. Часта і есці варыла, і за парадкам у хаце сачыла, і скаціну аглядала – у кожнага былі свае абавязкі”.
Вучоба ў школе бацькоў мала хвалявала. А прадметы ёй даваліся лёгка, асабліва матэматыка і фізіка, таму пасля васьмі класаў вырашыла пайсці вучыцца на агранома. Паехала ў Мар’іну Горку – выбрала гэты горад за назву: ён здаваўся незвычайным і казачным. Там была актывісткай-выдатніцай – скончыла з адной чацвёркай, з’яўлялася членам камітэта камсамола навучальнай установы.
На работу прыйшла да Анатолія Пятровіча Горскага – арганізатара калгаса “1 Мая”. “Ён такі строгі быў, – распавядае Валянціна Фёдараўна. – Уяўляеце, я на веласіпедзе кожны дзень аб’язджала 10 брыгад: з Савяцевічаў у Стайкі, Чартавічы, Баркі, Жураўцы, Буні, Сакаўшчыну, Бомбалы – бывала, што ў Замасцяны ўжо не заеду. Збірала даныя, што механізатары зрабілі за дзень і ўчора, прыязджала ў кантору, налічвала ім за мяккае ворыва, а затым аддавала звесткі бухгалтару”. Праз восем месяцаў яе перавялі брыгадзірам паляводчай брыгады ў Чартавічы.
“ Увогуле, мне вельмі пашанцавала на пачатку працоўнай дзейнасці працаваць з разумнымі, мудрымі кіраўнікамі і спецыялістамі – з імі было лёгка і цікава. Другі старшыня калгаса Сяргей Паўлавіч Курлыпа: ініцыятыўны і глыбока культурны чалавек, ніколі не дазваляў сабе накрычаць ці ўнізіць работніка: калі чалавек правініўся ў нечым, выкліча да сябе ў кабінет і выкажа адзін на адзін усё, што той заслужыў. Гэта ён прыдумаў сустрэчу Новага, 1969 года на тройках коней. Менавіта ён накіраваў мяне працаваць брыгадзірам у Чартавічы. Я вучылася ад старэйшых спецыялістаў: вопыту не мела, дапамагалі Віктар Фёдаравіч Рыжыкаў, Іосіф Іванавіч Рай – талковыя, спрактыкаваныя аграномы. Заўсёды падтрымлівалі Мікалай Васільевіч Ракавец, Станіслаў Вікенцьевіч Кербедзь, Пётр Аляксандравіч Лебядзевіч, які, калі працавала ўжо начальнікам участка ў Сакаўшчыне, увесь час з’яўляўся маім намеснікам. Спецыялістам ад Бога па адносінах да даручанай справы быў Юрый Сушко. Толькі добрыя ўспаміны засталіся пра загадчыцу фермы Ядвігу Іванаўну Садоўскую, начальніка комплексу Ганну Пятроўну Бабіч, заатэхніка Мікалая Слабодскага, ветурача Расціслава Юшко, эканаміста Алу Сямёнаўну Іода – старэйшую не па гадах, але па стажу работы ў калгасе, бухгалтара Валянціну Іванаўну Тумель, трактарыста Віктара Васільевіча Ракаўца, электрыка Рыгора Цаюна, будаўніка Пятра Шчэрбетава і многіх іншых, з якімі хацелася працаваць.
У 1971 годзе старшынёй гаспадаркі прызначылі Мікалая Сцяпанавіча Шчуцкага. Ён прыйшоў надоўга – быў не з ліку перакаці-поле. Пры ім у калгасе пачалася вялікая будоўля: пабудаваліся фермы ў Чартавічах, Стайках, комплекс для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, адміністрацыйны будынак, дзіцячы садок, стала ўзводзіцца жыллё для спецыялістаў, новы добраўпарадкаваны інтэрнат – туды засялялі студэнтаў, рабочых, якія прыязджалі на ўборку. У кожнай брыгадзе мелі сваю лазню. Адбылася газіфікацыя зернесушыльнага комплексу, працавалі кілбасны і сырцэхі, лазнева-пральны камбінат, будаваўся спіртзавод.
Менавіта падчас кіравання Мікалая Сцяпанавіча на вялікую дарогу выйшлі сем кіраўнікоў калгасаў”.
…Ужо дваццаць гадоў, як перадавік вытворчасці, ветэран працы знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Сёлетняй вясной адзначыла сваё 75-годдзе. Па стане здароўя займацца спрадвечнымі вясковымі клопатамі не можа, аднак сядзець без справы – не ў характары Валянціны Фёдараўны Круглік. Яна актыўна ўключылася ў творчасць – вышывае бісерам карціны, у асноўным на рэлігійныя тэмы, вырабляе з паперы прыгожых лебедзяў. А пасля свае работы дорыць блізкім і сябрам – са шчырым сэрцам на доўгі ўспамін. Пры гэтым, не-не, ды вернецца ў маладыя гады – душа ўмомант ажывае і пачынае спяваць на розныя лады: як жа было весела, дружна, цікава тады на вёсцы жыць і працаваць! Ёсць што ўспомніць, ёсць чым усцешыцца, ёсць чым падзяліцца. А нашчадкам – ёсць чым ганарыцца.
Нам жа, не пабаюся гэтых слоў, – прадаўжальнікам легендарнага савецкага пакалення – трэба вучыцца: іх стойкасці, вытрымцы, самаахвярнасці, імкненню, вялікай волі і жаданню рабіць усё магчымае, а часам і немагчымае, дзеля росквіту роднай бацькоўскай зямлі. У кожнага ёсць такая магчымасць, бо толькі працай славіцца чалавек.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА