Выдатная выстава “Багацце спадчыны” майстра па вышыўцы рышэлье і гладдзю Ніны Макарэвіч прайшла ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.
Ніна Сямёнаўна нарадзілася ў вёсцы Руднікі 31 мая 1940 года. Гэта дата гаворыць пра тое, што ўсё яе маленства прыйшлося на суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенную разруху. Сям’і, дзе ўжо было чацвёра дзяцей, і так жылося нялёгка, а калі на фронце загінуў бацька, 30-гадовай матулі давялося спраўляцца з нягодамі адной.
Малая Ніна старалася ва ўсім дапамагаць роднаму чалавеку. Яна навучылася ажурнай вышыўцы рышэлье, якая ствараецца шляхам абкідвання контуру малюнка спецыяльным швом, пры гэтым прамежкі ўзору выразаюцца, і атрымліваюцца прыгожыя карункі. Разам з маці, якая ўмела і любіла гэты занятак, яны, каб зарабіць грошы, прымалі заказы і прадавалі прыгожыя вырабы, што карысталіся добрым попытам. Захапілася дзяўчына і такім вытанчаным відам рукадзелля, як вышыўка гладдзю. Для будучых вырабаў юная майстрыха сама ўмела наносіла малюнкі на тканіну.
Калі вырасла, Ніна Сямёнаўна пакахала хлопца са сваёй вёскі і выйшла за яго замуж. Душа ў душу пражылі яны 61 год разам, нарадзілі траіх дзетак, пабудавалі ўласны дом у Багданаве, дзе цяпер, на жаль, яна засталася адна.
Працавала наша гераіня ў мясцовым дзіцячым садку. Жанчына вельмі любіла дзяцей, і тыя плацілі ёй тым жа. Працалюбівая, няўрымслівая, яна ўмела выконвала любую работу, у тым ліку і мужчынскую: хадзіла за плугам, касіла, арала і інш. Але і для свайго галоўнага захаплення заўсёды знаходзіла час – з задавальненнем вышывала. Шмат яе вырабаў сталі выдатнымі падарункамі для родных, блізкіх і проста знаёмых.
І цяпер Ніна Макарэвіч не сядзіць склаўшы рукі – то парадак на двары наводзіць, то кветкі даглядае, то хату малюе, то нешта майструе. А як смачна яна гатуе! Стараецца парадаваць нечым смачненькім дзяцей, унукаў і праўнукаў, што прыязжаюць да бабулі ў госці.
Ёсць у Ніны Сямёнаўны яшчэ адзін талент. Яна складае цудоўныя вершы, дзе апісвае ўласнае жыццё, распавядае пра сваю сям’ю, пра малую радзіму і г. д.
На выставе “Багацце спадчыны” прадстаўлены вышываныя работы майстра. Тут можна ўбачыць прыгожыя фіранкі, сурвэткі, што выкананы ў тэхніцы рышэлье, саматканыя посцілкі, ручнікі, абрусы, якія рукадзельніца вышыла гладдзю, і інш. Прыгожыя, маляўнічыя ўзоры прыцягваюць позірк. Цяжка пераацаніць мастацкі густ, працавітасць і талент вышывальшчыцы.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара