Общество

Услаўляем Нараджэнне Хрыстова

“Я абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу: нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Збавіцель, які ёсць Хрыстос Гасподзь” (Лк. 2, 10-11)

Улюбёныя ў Госпадзе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Праз цяжкія шляхі выпрабаванняў і подзвігі посту наблізіліся мы да Ражджаства Хрыстова і Новага года. Зноў гучаць у нашых храмах і душах усяленскія спевы Анёлаў і людзей, што сустракаюць Ражджаство Хрыстова: “Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, у людзях – добрая воля”. Неба і зямля ўслаўляюць народжанага Бога-Хрыста, які пачаў на зямлі сваю вялікую выратавальную місію.

Сціпласць нараджэння Хрыстова не збянтэжыла ні пастухоў, ні прамудрых вешчуноў, што прыйшлі з розных краін, каб пакланіцца Цару цароў. Агульная вера простых людзей і царскіх асоб аб’яднала іх у даверы да Бога і ў пакланенні Сыну Божаму. На шляху да Віфлеема мудрацы зрабілі прыпынак у пячоры. Больш як праз 11 стагоддзяў у ёй, на тэрыторыі абіцелі Феадосія Вялікага, будзе пахавана прападобная маці наша Еўфрасіння, ігумення Полацкая, 920-годдзе якой адзначалася ў мінулым годзе. У гэтым, больш чым праз дзве тысячы гадоў, мы бачым дзіўнае сведчанне пра сувязь часоў і народаў, пра вялікі промысел Божы аб родзе чалавечым і Беларусі. 2023 год вызначаецца 230-й гадавінай заснавання Мінскай епіскапскай кафедры, што палажыла пачатак адраджэнню святой Царквы ў беларускіх землях на цвёрдай кананічнай аснове.

Дні сённяшнія мала прыносяць нам радасці, сапраўднага духоўнага трыумфавання. Водгукі вайны ў бліжэйшых суседзяў даносяцца да нашай зямлі. Знішчэнне людзей і набытку, неўладкаванне жыцця і галеча народу, хваробы і эпідэміі – усё гэта, як ніколі, трывожыць беларускі народ.

Памнажэнне любові да Бога і чалавека застаецца галоўнай хрысціянскай задачай. Міласэрнай любові наканавана лячыць душэўныя раны і знямоглы дух чалавека. Будзем памятаць пра тое, што, ствараючы мір у сваёй душы, мы садзейнічаем міру і любові ў цэлым свеце.

Мы, беларусы, павінны абапірацца на моц нашай хрысціянскай веры, на тыя плады Святога Духа, пра якія нам нагадвае апостал Павел: мір, любоў і радасць. Няхай жа яны пануюць між намі заўжды, няхай усё, што мы мяркуем зрабіць на карысць нашай Бацькаўшчыны – Беларусі, робіцца з Богам. Наша мэта – цераз доўгія гады захаваць Веру, маральныя каштоўнасці, той духоўны і культурны код нацыі, што пакінулі нам у спадчыну продкі.

Лёс свету і лёс нашай Айчыны сёння ў значнай ступені залежаць ад нас, хрысціян, ад нашых духоўна-маральнага стану, малітвы і пакаяння, здольнасці несці добрую вестку Ражджаства Хрыстова і здзяйсняць справы міласэрнасці, а святло Віфлеемскай зоркі асвятляе нам дарогу да народжанага Хрыста, каб праз усё сваё жыццё ісці толькі за Ім – Уладаром сусвету.

З Ражджаством Хрыстовым і Новым годам вас, браты і сёстры! Няхай памнажаецца радасць у сэрцах вашых! Веры вялікай і Любові Хрыстовай, міру і шчасця ўсім людзям добрай волі на доўгія гады. Амінь.

Благачынны Валожынскай акругі, протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ