Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
17.10.2015. У скверы маладая маці стаіць на сцежцы і назірае, як малая дачка збірае апалае кляновае лісце. Без сонца светла.
18.10.2015. Патэлефанаваў аўтар “Буквара” Анатоль Клышка і выказаў сваё захапленне маімі вершамі, што былі ў “ЛіМе” за 9 кастрычніка. Сказаў, што прачытаў і рэцэнзію Грышчук на маю кнігу “Заўтра была адліга”, пасля якой захацелася займець выданне. Прыемна чуць добрыя словы ад аўтарытэтнага пісьменніка, а тым больш, што некаторыя з майго пакалення (а мо і маладзейшыя), калі што з’явіцца маё на якім-небудзе сайце, дзе можна каментаваць пад псеўданімам, абавязкова напішуць якое небудзь паскудства. Ствараецца ўражанне, што большасць беларускіх пісьменнікаў шчыра лічаць, што акрамя іх у літаратуры не павінна быць нікога, і калі што вартае з’явіцца на “іхнім полі”, яго неадкладна трэба ці патаптаць, ці зрабіць выгляд, што яго няма.
20.10.2015. З Людмілай Крушынскай рыхтуем да друку новую кнігу пра Уладзіміра Мулявіна пад яшчэ ўмоўнай назвай “І сэрцам, і думамі…”. Сёння Людміла Аляксееўна дадала да рукапісу пяць старонак інтэрв’ю з Песняром, якое было запісана ў 1999 годзе і нідзе не друкавалася.
Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў прынёс фотаздымкі з Мулявіным, якія таксама не былі ў друку. Разабраўшыся з матэрыяламі да кнігі, Арлоў паскардзіўся: “Сёлета ездзіў на мора ў Італію з тваёй “Баладай камянёў”, якая там ужо была! Падары новую, каб было што налета чытаць!” Падпісаў кнігу “Заўтра была адліга”. Развітваючыся, кінарэжысёр сказаў: “Будзеш ладзіць свае выступленні, запрашай мяне!”
21.10.2015. Прыходзіў пісьменнік, якому хутка 80. Паразмаўляўшы пра выдавецкія справы, ён распавёў гісторыю пра мастака Міхаіла Савіцкага. Гэта было пасля вайны. Савіцкаму ў вызваленым ад немцаў Мінску далі памяшканне для майстэрні, у якім нічога не было – голыя сцены, у адной з якіх чарнела дзірка. Мастак гэту дзірку адразу не заладзіў, а потым ужо і не стаў, бо з яе выбягала мышка. Шэрая. Маленькая. Цікаўная. Хутка мышка прывыкла да Савіцкага і стала браць з яго рук хлеб і тут жа есці. Прамінуў нейкі час, і мастаку далі новую майстэрню, куды ён пераехаў, забраўшы ўсё, што меў. Адразу ж на наступны дзень Савіцкі адчуў, што яму на новым месцы нечага не стае. І ўзгадалася мышка, якая, паеўшы з рук мастака, падоўгу назірала, як ён малюе. І паехаў Савіцкі на старое месца, каб забраць мышку. Прыехаўшы, доўга клікаў малую, але яна так і не выйшла…
23.10.2015. Вяртаючыся дахаты па абляцелым лісці праз нудотны дождж, пачуў радкі:
Ізноўку дождж, як напамін пра тое,
Што быў патоп, і можа зноў вада,
Што з дрэў зрывае лісце залатое,
І нас са свету змыць, каб зноў жуда
Адна пад небам дажджавым стаяла,
Трымаючы аблокі над сабой,
Як дрэва крону, што сівою стала,
Дазнаўшыся, што змыта ўсё вадой…
Заўтра субота. Чакаеш выхадных, чакаеш, а яны такія кароткія, як шлях ад камп’ютара да лядоўні…
24.10.2015. Заходзіў да Алеся Квяткоўскага ў майстэрню. Пасумавалі, што юбілей Кастуся Тарасава амаль усе, хто яго павінен быў успомніць, праігнаравалі. Але як бы тут цяпер не было, кніжка Тарасава “Памяць пра легенды” ў 80-я гады для многіх беларусаў стала праўдзівым падручнікам па нашай гісторыі. Згадалі Анатоля Сыса і тых, хто сёння паехаў у Гарошкаў на свята паэзіі, прысвечанае ягонай памяці.
Амаль гадзіну з Алесем Квяткоўскім гаварылі пра нашых сяброў, успаміналі тыя часы, калі мы былі маладыя. І ўвесь гэты час з новай Алесевай карціны на нас глядзеў Уладзімір Караткевіч.
25.10.2015. Дзесяць гадоў таму ў нашым раёне па вуліцы Волаха рабілі капітальны рамонт дамоў. Акрамя ўсяго, ліквідоўвалі ў кватэрах воданагравальныя калонкі. У нашым доме і яшчэ ў некалькіх пенсіянеры выступілі супраць цэнтралізаванага водазабеспячэння: “Мы прывыклі да калонак! Мы хочам, каб і так далей было, як ёсць!” І нам паставілі бясплатна новыя газавыя калонкі. Пенсіянеры хваліліся: “У нас гарачая вада будзе штодзённа!” Праз некалькі гадоў наша калонка пачала працякаць. З кожным месяцам усё мацней. За суткі накапвала літраў пяць вады. Я сам рамантаваў – навучыўся.
У пачатку гэтага года наш сын Максім уздумаў зрабіць еўрарамонт кухні. Зрабіў. Паставілі новую сучасную газавую калонку “Арыстон”, якая з электрычным распальваннем. Мінула паўгода. Учора вечарам калонка перастала працаваць. Не ўключаецца. Патэлефанаваў у сэрвіснае абслугоўванне. Сказалі, што мы такія калонкі не рамантуем. Далі нумар тэлефона іншай фірмы. Там ніхто не адказвае. Цяпер, калі няма гарачай вады, вельмі хочацца прыняць душ. Гляджу ў акно, а там каля пад’езда на лавачцы сядзяць пенсіянеры, дзякуючы якім мы маем тое, што маем…
Учора, калі перастала працаваць газавая калонка, я па старой звычцы палез яе рамантаваць. Толькі адкруціў нейкую чорную гайку, як адтуль, куды яна была ўкручана, даў такі моцны струмень вады, што я напалохаўся і пачаў гайку вяртаць на месца. Праз хвіліну ўсё было навокал мокрае. Праўда, праз гэту хвіліну я пачаў клікаць сына, каб дапамог, і самае галоўнае – я здагадаўся перакрыць ваду. На мой крык на кухню прыбеглі Максім, Вераніка і сабачка Міёна. Вада была ўсюды. Нават трапіла ў электраразеткі. Як мяне токам не забіла – не ведаю. Пасля ўсяго гэтага я пачаў чытаць інструкцыю па эксплуатацыі газавых калонак. Не спаў да паловы другой ночы. Прачнуўшыся а восьмай, праз гадзіну стаў тэлефанаваць у фірму па рамонту калонак. Там такія не рамантуюць. У час абеду Максім прыйшоў на кухню са сваім інструментам. Усё адключылі. Разабралі калонку, хоць і нельга яе па інструкцыі чапаць, бо пасля ніхто не будзе рамантаваць. Максім параскручваў, паразвінчваў усё, што можна было, а потым усё сабраў. Уключылі. І адбыўся цуд! Калонка запрацавала. Цяпер чакаем Людмілу з далёкай вандроўкі, каб пахваліцца, якія мы майстры па рамонту газавых калонак…
Чалавеку для таго, каб адчуваць сябе шчаслівым, не так шмат і трэба. Вось адрамантавалі разам з сынам газавую калонку для нагрэву вады, і цяпер на душы радасна. Хоць перамога была над калонкай, але ж перамога…
На павуцінцы бярозавы лісток гайдаецца, як маятнік восеньскага гадзінніка…
26.10.2015. Побач прайшла дзяўчына на высокіх абцасах. Гледзячы ўслед прыгажуні, згадаліся 80-я гады, калі і ў мужчынскім абутку былі абцасы немалыя. Праўда, не па пятнаццаць сантыметраў, але па сантыметраў пяць дакладна былі. Вось з такімі абцасамі я прыехаў у вёску. На іх хадзіць па горадзе было добра, а ў вёсцы па калдобінах не вельмі зручна. І вось летам у вёсцы ў майго мадняцкага чаравіка адарваўся абцас. Паказаў бацьку са спадзяваннем, што той адрамантуе мой абутак. Бацька паглядзеў, пакруціў чаравік і сказаў: “Дрэнь нейкая, а не чаравік! Можаш выкінуць!” Словам, бацька адмовіўся дапамагчы. І я пачаў сам думаць, як і што тут можна зрабіць. Хутка прыдумаў. Узяў шыферны цвік і прыбіў абцас. Вечарам паехаў у Мінск. На абцасе, прыбітым шыферным цвіком, хадзіў яшчэ некалькі дзён, бо не адразу змог купіць новы абутак…
28.10.2015. Поўня – срэбная манета, кінутая Богам пад ногі вандроўніка…
Ніхто з аўтараў не прыходзіў. Толькі ліст бярозавы праляцеў за акном, як пачатак верша…
29.10.2015. Прыходзіў гісторык, геральдык Анатоль Цітоў. Пытаўся, ці можна выдаць томік прозы Мар’яна Віжа, складзены з твораў, якія пры жыцці пісьменніка не выходзілі асобнай кніжкай. Праўда, спадар Анатоль рукапіс не прынёс. З Мар’янам я быў добра знаёмы. Ён, калі я ў пачатку 90-х працаваў у газеце “Наша слова”, спецыяльна завітаў у рэдакцыю і запрасіў мяне выступіць перад ягонымі студэнтамі. Тады ён, калі не памыляюся, выкладаў у медінстытуце. Пасля той вечарыны мы часта сустракаліся ў рэдакцыі. Потым Мар’яна мы ўзялі на працу ў “Наша слова”. Праз яго я пазнаёміўся з Міколам Ермаловічам, Георгіем Штыхавым, Генадзем Кісялёвым, Язэпам Юхо.
Памятаецца, як мы з Людмілай і дзецьмі адпачывалі ў Доме творчасці “Іслач”, і Мар’ян спецыяльна прыйшоў да нас. Ён прыязджаў да маці, якая працавала каля Ракава ў адным з піянерскіх лагераў. Прабыў з намі паўдня. Потым у Мінску нечакана, бо без папярэджання, заглянуў да нас у госці і падарыў нам гаршчок, які ён у свой час знайшоў на раскопках у Мінску. Сказаў, што гэтаму гаршку больш за тысячу гадоў. У нашым “Альбоме сустрэч” Мар’ян пакінуў запіс: “Аднойчы ў свеце наведаў хату, дзе жывуць адразу два Паэты. Дзіўна, што ў іх тут усё ладзіцца. З найлепшымі пажаданнямі. Мар’ян Віж. 14.08.92”.
У Мар’яна пры жыцці выйшлі дзве кнігі – “Чары даўніны” (1989) і “Лабірынт” (1991). Прыход Анатоля Цітова ў выдавецтва быў адным з найрэдкіх выпадкаў, калі пісьменнік прасіў выдаць кнігу сябра па пяры, а не сваю…
30.10.2015. Здарыўся цуд! Нам у выдавецтва пошта прынесла газеты “Рэспубліку” і “СБ” за 8 чэрвеня 2013 года і каля дваццаці канвертаў з дакументамі, якія былі высланы нам з бібліятэк, што закуплялі нашы выданні. Апошнія два гады мы тэлефанавалі ў гэтыя бібліятэкі і прасілі даслаць накладныя за атрыманыя кнігі, і заўсёды чулі: “Мы ўсё вам адправілі!” Сярод лістоў прыйшло запрашэнне на свята, што два гады таму адбылося ў Александрыі. Словам, нам прыйшлі лісты з мінулага…
31.10.2015. Раніцай лістота на прыступках у шматпавярховік, як залатыя сляды бяздомных сабак і катоў…
Ветэрынар для нашай сабачкі Міёны выпісаў патрэбны корм, ад якога не будзе алергіі. Я пайшоў у сабачую краму. Стаю ў чарзе, трымаючы паперчыну, дзе напісана, што мне трэба. Падыходзіць мая чарга. Крамніца бярэ паперчыну, і я падаю свой голас: “Нашай сабачцы трэці месяц…” Жанчына тут жа ўскліквае: “А я думала, што Вы не ўмееце гаварыць! Я ўжо хацела крычаць Вам на вуха…” Словам, я ў чарзе за сабачым кормам у вачах крамніцы быў глуханямым…
Сонечна. Іду па прыхопленай шэранню лістоце. Яна самотна шалясціць пад нагамі, і мне чуецца адвечнае: “Вось і ўсё, што было…”
У двары сярод яшчэ зялёна-залатых дрэў стаіць бязлістая бяроза. Стаіць, як мёртвая. У двор прыляцела варона і села на бярозу…
Калі прыкласці да вуха марскую ракавінку, можна пачуць шум мора, якое жыве і будзе жыць. Але, калі разгарнуць кніжку і прыкласці да вуха, можна пачуць шум лесу, якога ўжо няма…
У Нацыянальным мастацкім музеі ў межах выставы “Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ-ХХ ст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі” разам з сябрамі “Літаратурнага прадмесця” ўдзельнічаў у паэтычнай імпрэзе, якую вяла Людміла Рублеўская…
З дому выйшаў параней, каб паглядзець на апошні дзень кастрычніка, які ў горадзе выдаўся нязвыкла сонечным… Зайшоў у царкву. Сонца заглянула ва ўсе аконцы. Светла і святочна ў храме, як на небе…
Каля машыны, упрыгожанай стужкамі і штучнымі кветкамі, стаяць маладажоны. Яна яшчэ маладая і прыгожая, а ён ужо і не малады, і да ўсяго лупаты. Падумалася: “І яшчэ адзін няроўны шлюб…”
Зазірнуў у шкляное ратушнае збудаванне, як у падзямелле. І вялікі стол, каля якога стаяць кошыкі з кветкамі, падаўся мне велізарнай труной, у якой ляжыць волат, што загінуў, абараняючы Менск…
Зайшоў у касцёл. Якраз ішло вянчанне. Іграў арган. Стварылася ўражанне, што я трапіў у дзевятнаццатае стагоддзе. Маладыя маладыя і прыгожыя, з усмешкамі. Светлыя, нібы родныя…
У скверыку па дарозе да Нацыянальнага мастацкага музея ліхтары, як замерзлыя бурбалкі…
На жаль, не ўсе літпрадмесцеўцы змаглі прыйсці на імпрэзу. А тыя, хто прыйшоў, – Рагнед Малахоўскі, Мікола Кандратаў, Таццяна Пратасевіч чыталі вершы паэтаў Сярэбранага веку ў перакладах і свае творы. Пакуль мы выступалі, да Рублеўскай час ад часу падыходзілі людзі і прасілі аўтограф. Супрацоўніца музея Надзея Вусава для Людмілы і мяне правяла экскурсію па выставе карцін Мая Данцыга. На другім паверсе карціны мастака я глядзеў адзін. Усе карціны ў аднолькавых па колеру рамках. З-за гэтага ў мяне з’явіўся паэтычны радок: “Рамкі белыя, як са снегу, праз які прабіваецца золата апалай лістоты…” На першым паверсе ўбачыў зусім іншага Мая Данцыга. Манументаліста. Ад Надзеі даведаліся, што многія работы выстаўляюцца ўпершыню, і яны гадамі ляжалі скручанымі ў рулоны. Кажуць, што нядаўна ў Лондане выстава Данцыга мела вялікую аўдыторыю, і там былі куплены карціны на мільён долараў. На пытанне “Ці праўда гэта?” мастак толькі ўсміхаецца.
Дамоў вярталіся доўга, вандруючы па вячэрнім горадзе, як па сваёй маладосці, дзе ў паветры, як срэбная павуціна, лётае паэзія…
01.11.2015. У нашым двары перад маім акном чорны кот па дрэве ходзіць, і лістота ападае на зямлю, як парваны залаты ланцуг…
02.11.2015. Ранкам жоўтая поўня, як рамонак, на якім уначы гадаў закаханы анёлак, плыве па нябёсным акіяне…
03.11.2015. Чым даўжэй восеньскія вечары, тым даўжэйшым здаецца жыццё…






