У сельскагаспадарчым ліцэі ўшанавалі ветэранаў педагагічнай працы
Восень. Маляўнічая прырода, дажджы, непагадзь, халаднаватыя дні, бабіна лета, павольна танцуючы вальс лісця і яркія астры ў кветніках. Менавіта ў такую прыгожую пару года ўся краіна адзначае Дзень настаўніка. Словы ўдзячнасці адрасуюцца тым, хто адкрывае вучням шлях у дзівосную краіну, якая дорыць радасць пазнання свету, бескарыслівай дружбы і адданасці роднай зямлі. Настаўнік заўсёды застаецца ў душах людзей розных узростаў.
Цёплую атмасферу стварылі ў Валожынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі напярэдадні прафесійнага свята для ветэранаў педагагічнай працы, якія большую частку свайго жыцця, вопыту і прафесіяналізму аддалі навучэнцам.
Прыемныя словы выказала дырэктар ліцэя Святлана Мучынская. Яна падзякавала калегам за мудрасць, чуласць, адданасць прафесіі, адзначыла поспехі, якімі славіўся калектыў, а таксама расказала пра сённяшні дзень установы. Кожны ветэран асабіста атрымаў віншаванне і запрашэнне на свята, адчуваючы да сябе глыбокую ўдзячнасць. Над гэтым пастараліся старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Таццяна Шумская і педагог-арганізатар Лілія Бітэль.
Душэўныя размовы, успаміны, шчырасць сведчылі пра пераемнасць пакаленняў, любоў да прафесіі, сваёй гісторыі, роднай краіны. Мы стараліся быць для навучэнцаў добрымі анёламі-ахоўнікамі, каб яны памяталі і цанілі тое, што ім далі: веды, веру ў сябе, свае сілы, сумленнасць. З цеплынёй і пяшчотай узгадалі тых, каго ўжо няма побач, але яны пакінулі значны след у навучальнай установе.
Добры настрой падтрымалі песні нашай маладосці ў выкананні работнікаў раённага цэнтра культуры Ягора Раткоўскага і Веранікі Ляшкевіч.
Многія педагогі-ветэраны не змаглі быць на святочнай урачыстасці – гады, здароўе, трагедыі пакідаюць свой адбітак. Але будзем спадзявацца, што яшчэ не аднойчы ліцэй гасцінна адчыніць дзверы для тых, хто пакінуў у ім часцінку сябе. Нізкі паклон усяму калектыву ад ветэранаў педагагічнай працы! Поспехаў, творчасці, новых здзяйсненняў!