Алена Рай з Валожына па адукацыі аграном, але больш за два дзясяткі гадоў прысвяціла вельмі важнай і значнай галіне: дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Святая місія… І так атрымалася, што пранесла яе Алена Аляксееўна не толькі праз работу, але і праз лёс: шмат гадоў з вялікай любоўю, клопатам і ўвагай даглядае за старэнькай матуляй і дачкой з абмежаванымі магчымасцямі. І трэба сказаць, што жыве такое жаночае царства ў трох пакаленнях пад адным дахам вельмі дружна: сталасць дзеліцца мудрасцю, а малады запал не дае састарэць.
Ужо тры гады, як А. А. Рай знаходзіцца на заслужаным адпачынку, напрыканцы жніўня мінулага года адзначыла 60-годдзе. Да юбілейнай даты на 180 градусаў вырашыла змяніць звыклы для большасці жанчын яе ўзросту ўклад жыцця і знешнасць – занялася, як цяпер модна казаць, сабой. Ад новага вобразу – у захапленні!
А. А. Рай нарадзілася ў Бранскай вобласці Расіі ў простай вясковай сям’і. Была адзіным дзіцем. Зямля, луг, карова, свінні, гусі – спрадвечныя сялянскія клопаты, якія кожны ведаў змалку, жывучы ў сельскай мясцовасці. Таму нездарма вырашыла ў будучым стаць аграномам – прафесія была вельмі паважанай і прэстыжнай у той час. На Валожыншчыну патрапіла за мужам – разам вучыліся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і справілі студэнцкае вяселле. “Беларусь мне была блізкая з дзяцінства – мы ж выраслі на “Песнярах”, “Сябрах”, “Верасах”, “Чараўніцах”, на іх творчасці, – з усмешкай кажа мая суразмоўца. – Ды і Гомельская і Бранская вобласці мяжуюць паміж сабой. У Бабруйску жыла матуліна сястра – ездзілі да яе ў госці. Падабалася, што тут заўсёды чыста, акуратна”.
Дыпламаванаму спецыялісту адпаведнай работы ў калгасе імя Леніна не было – усе шэсць ставак агранома былі заняты: надзейна і надоўга. Ёй прапанавалі пасаду спецыяліста па кадрах: займалася налічэннем пенсій і цесна супрацоўнічала з работнікамі райсабеса. Ведала калектыў – яго ўзначальвала Людміла Іванаўна Мяльгуй, і саміх дзяўчат, якія тут працавалі. Яны часта дапамагалі мне ў вырашэнні розных пытанняў, а іх бяло нямала: даводзілася шмат пытацца, даведвацца, цікавіцца. Мне тлумачылі, вучылі, расказвалі.
– Сацыяльная служба пачыналася з малога. Ужо шмат гадоў існуюць тэрытарыяльны цэнтр, упраўленне па працы, а не райсабес, дзе займаліся толькі пенсійным забеспячэннем. Прырастае, прымнажаецца, узбуйняецца і, адпаведна, павялічваецца кола вырашаемых пытанняў, аб’ём работы, кантынгент абслугоўваемых, колькасць грамадзян, якія ахоплены гэтай службай.
Мець зносіны з пажылымі людзьмі – гэта цэлая навука. Трэба праявіць вялікае цярпенне і ўвагу, каб зразумець чалавека, увайсці ў яго становішча. Яшчэ складаней – наладзіць кантакт, каб чалавек табе адкрыўся. Зараз ёсць спецыяльныя сацыяльныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ні адна ВНУ гэтаму не навучыць. Усё ідзе знутры, з душы: каб пачуць іншага – трэба падстроіцца пад яго. І нават калі ён памыляецца, неабходна абысці вострыя вуглы, каб не пакрыўдзіць і не зрабіць балюча.
Быў 1998 год, у аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму, што ўжо дзейнічала ў структуры райсабеса, з’явілася вакансія намесніка загадчыцы. Аддзяленне займалася абслугоўваннем на даму адзінокіх, адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў. Тут працавалі шэсць спецыялістаў – усе сядзелі ў адным пакоі на другім паверсе райвыканкама. Загадвала ім Рома Паўлаўна Рагель – мой першы настаўнік, якой удзячна бясконца.
Работа была зусім новая. Мне даводзілася больш займацца адміністрацыйнымі пытаннямі, кантраляваць працу сацыяльных работнікаў: выязджала на абследаванне ўмоў пражывання грамадзян, якіх у далейшым бралі на абслугоўванне. Транспарту не хапала, а ездзілі па ўсім раёне, часта ў самыя аддаленыя населеныя пункты. Дабіраліся на маршрутным аўтобусе, а пасля ішлі пешшу. Я была самая маладая ў калектыве аддзялення, не ўлічваючы некаторых яшчэ маладзейшых сацыяльных работнікаў. Каб усё спасцігнуць і ўсяму навучыцца, пыталася ў старэйшых калег-інспектараў: Ірыны Іванаўны Бункевіч, Ірыны Ігнацьеўны Бітэль, Алены Бенядзіктаўны Ліштван, якая робіць і сёння. Нягледзячы на пасаду, была ў іх вучаніцай – пачынала ж з нуля. Камп’ютараў яшчэ не было – усё пісалі і афармлялі ўручную. Праз год, калі Р. П. Рагель пайшла на заслужаны адпачынак, я ўзначаліла аддзяленне.
Па статыстыцы амаль трэцяя частка нашага насельніцтва – пажылыя людзі, пенсіянеры. Многа адзінокіх. Апошнія дзесяцігоддзі так сфарміравалася ў грамадстве, што ў маладых – дзяцей, унукаў – свае праблемы. Наша дзяржава сацыяльна арыентаваная і працягвае руку дапамогі тым, каму яна патрэбна, каб чалавек не адчуваў сябе пакінутым, забытым. І гэта вельмі важна.
У 2004 годзе арганізавалася зусім новая структура – тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Да кола пажылых і інвалідаў дадаліся шматдзетныя, малазабяспечаныя, няпоўныя, нядобранадзейныя сем’і, сіроты, людзі з месцаў пазбаўлення волі – усе тыя, хто насамрэч мае патрэбу ў падтрымцы. Алена Аляксееўна ўзначаліла аддзяленне пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання. Менавіта тут збіралі ўсю інфармацыю і стваралі базу даных на грамадзян сацыяльна неабароненай катэгорыі насельніцтва. Пустыя кабінеты, новыя сталы, камп’ютарнае абсталяванне. Ізноў давялося пачынаць з нуля. У яе падпарадкаванні знаходзіліся тры спецыялісты. Работы значна прыбавілася, з’явілася шмат справаздачнасці.
Маё асабістае жыццё цесна перапляталася з людскімі лёсамі. І гэта давала магчымасць у штодзённай рабоце больш глыбока адчуваць і разумець тых, хто звяртаўся ў цэнтр, – расказвае Алена Аляксееўна. – Нашы задачы: патлумачыць, падказаць, параіць, парэкамендаваць, накіраваць, дапамагчы сабраць патрэбныя дакументы, каб вырашыць праблему.
Розныя сітуацыі надараліся. Бывае, чалавек зусім небагаты, а ў хаце просценька, чысценька, акуратненька. Нічога не патрабуе, сціпла кажа: “Дзякуй, у мяне ўсё ёсць”. І, наадварот: добраўпарадкаванае жыллё, на дварэ – машына. І толькі чуеш: “Усё дрэнна”. Пазіцыя такая: увесь свет абавязаны. Пачынаеш тлумачыць, чым дапамагае дзяржава. Пагаджаецца і паступова мяняе сваё меркаванне.
Выхоўваючы дачку-інваліда, крыху па-іншаму глядзіш на жыццё – яе вачамі, яе ўспрыманнем свету. Разумееш, што чалавек не ўсё можа, ён у нечым абмежаваны. Уваходзіш у яго сітуацыю і атрымліваеш сілу і цярпенне. Вельмі ўдзячна свайму былому калектыву і асабіста дырэктару Галіне Фадзееўне Рай, якія заўсёды ішлі насустрач. Нягледзячы на сямейныя абставіны, ні аднаго дня не сядзела дома – сам-насам са сваёй бядой, а хадзіла на работу, карысталася мацярынскім днём, у адпачынку была летам. Дачушка наведвала цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Таму я ўсё жыццё прапрацавала і ў тэрмін пайшла на заслужаны адпачынак.
Адзінаццаць гадоў таму Алена Аляксеўна перавезла да сябе матулю. Ізноў жа, што адчувае чалавек у такім узросце, пакідаючы, як яна казала, родную хатку, дапамагла работа. На новае месцажыхарства ўзялі з сабой і старэнькі матулін куфар, і ложак, і крэсла, і тэлевізар. Адвялі асобны пакой у доме – абсталявалі ўсім, што было люба сэрцу. І, дзякуй Богу, старое дрэва тут прыжылося – у коле самых блізкіх і дарагіх людзей карані ажылі. Больш таго, карэнная расіянка, не ведаючы беларускай мовы, чытае раённую газету, слухае радыё і ўсё разумее. А яшчэ заўсёды навучае дачку: “Задавольвайся малым, а вялікае само прыйдзе…” І яна радуецца новаму дню, сонейку, дажджу, дзякуе Богу за свой лёс і кажа, што кожнаму даецца крыж па яго сілах…
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА