Интервью

Мы таксама крышачку чараўнікі…

5 студзеня – дзень работнікаў сацыяльнай абароны

У першыя дні новага года сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта служба заўсёды прыходзіць на дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы, хто мае патрэбу не толькі ў матэрыяльнай дапамозе, але і ў простым спагадлівым слове.

З нагоды прафесійнага свята мы сустрэліся з дырэктарам Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галінай РАЙ і пагутарылі.

– Галіна Фадзееўна, так сімвалічна склалася, што напачатку года, разам з самымі вясёлымі і радаснымі зімовымі святамі, вы прымаеце віншаванні і з Днём работнікаў сацыяльнай абароны. З якім настроем сустракае калектыў свой дзень у календары?

– Безумоўна ж, у гэтай навагодняй мітусні настрой святочны. Увесь час ажно да Старога Новага года мы стараемся парадаваць тых, каго абслугоўваем: пажылых людзей, інвалідаў, дзяцей-інвалідаў, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і, малазабяспечаных грамадзян – падтрымаць, калі яны ў нечым маюць патрэбу. “Армія” работнікаў у нас вялікая – 191 чалавек працуе ў цэнтры, 103 з іх – сацыяльныя работнікі, якія кожны дзень прыходзяць да сваіх падапечных у дом. Гэта сядзелкі, няні, а таксама спецыялісты цэнтра, што займаюцца рашэннем праблем і пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі.

– Я так разумею, калі бяда – дык адразу да вас?

– Чалавек нараджаецца – звяртаецца ў сацыяльную абарону, і калі адыходзіць з зямлі – таксама ж сюды прыходзяць яго блізкія. Ды і на працягу ўсяго жыцця мы з чалавекам побач – і ў радасці, і ў горы.

– Ці бываюць нестандартныя выпадкі, якія даводзіцца вырашаць, хоць гэта і не ўваходзіць у вашу кампетэнцыю?

– Сітуацыі надараюцца розныя – нават сена прасілі дапамагчы здабыць. Такі зварот паступіў з Багданаўскага сельсавета. І калі задаеш пытанне, што гэта, мабыць, не наш кірунак дзейнасці, чуеш у адказ: “Дык а хто нам дапаможа, калі не сацыяльная абарона?!”

– А пра валанцёрства, асабліва падчас пандэміі, і казаць не трэба…

– Так. У той складаны час ніхто нават і не думаў – нашы гэта абавязкі ці не. Дапамагалі, чым маглі, ішлі да людзей. Ды вось і зусім нядаўна, як выпала шмат снегу, сацыяльныя работнікі, нават калі і не трэба было па графіку ісці да гэтага чалавека, у першы ж дзень пасля снегападу прыйшлі з шуфлямі, расчысцілі дарожкі і праход для пажылых людзей. За што, дарэчы, атрымалі падзячныя пісьмы ў свой адрас, што так добра спрацавалі. Бо падапечныя не чакалі менавіта ў гэты дзень сацыяльнага работніка, а выйшлі на вуліцу – і здзівіліся: усё расчышчана, нібы хтосьці чарадзейнай палачкай махнуў.

– Галіна Фадзееўна, Вы стаялі ў самым пачатку зараджэння гэтай службы. Скажыце, калі ласка, наколькі павялічыўся спектр паслуг, якія аказваюцца ў цэнтры?

– У нас кожны год дабаўляецца новы кірунак у рабоце. Адзін з іх, што з’явіўся не так даўно, – навучанне родных ляжачых людзей догляду за імі. Бо кожны даглядае, як умее. А мы сёння маем такую магчымасць – прычым навучаем бясплатна і, што вельмі важна, прафесійна. Таксама з’явілася новая паслуга – дзённы догляд за чалавекам, які не разумее сутнасці сваіх дзеянняў. Такіх людзей нават небяспечна пакідаць дома адных: яны быццам яшчэ і бадзёрыя, і нават спрытна “бегаюць” па доме, аднак псіхалагічнае здароўе ў іх парушана. Знаходзіцца з імі пастаянна не кожны сабе можа дазволіць. Ёсць магчымасць для такой катэгорыі аказваць паслугі сядзелкі ці прывезці іх да нас у аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту – вось як дзяцей у дзіцячы сад, як не абсурдна гэта гучыць. Бо ніхто не застрахаваны ад такой сітуацыі, а выхад ёсць.

– Наколькі запатрабаваная паслуга сядзелкі ў наш час?

– На сёння ў нас у штаце 13 сядзелак. Але для аказання такой паслугі неабходны медыцынскія паказанні, а не проста жаданне родных, каб каля іх блізкага пажылога чалавека знаходзілася сядзелка.

– Ці павялічваецца колькасць людзей, якія жадаюць карыстацца паслугамі цэнтра і знаходзяцца на абслугоўванні?

– Колькасць стабільна аднолькавая: напрыклад, калі 150 чалавек “страцілі” за год, то пасля 152 набралі. Страцілі – не азначае, што пайшлі з жыцця: некаторых забіраюць дзеці, хтосьці пераафармляецца на сацыяльны ложак, пераязджае ў дом-інтэрнат. Лёс у кожнага свой.

– Якія якасці, на Ваш погляд, характэрныя для сацыяльнага работніка, акрамя спагады, дабрыні, міласэрнасці, ці яны і з’яўляюцца самымі галоўнымі?

– Усе пералічаныя якасці, бясспрэчна, важныя ў нашай прафесіі. Але не менш важна, напэўна, моцнае псіхалагічнае здароўе. Бо не заўсёды проста мець зносіны з пажылымі людзьмі – трэба ўмець кантраляваць свае эмоцыі, не паддавацца іх настрою і стану. Важна быць адказным: калі не прыйсці своечасова да чалавека, які вас чакае, можа здарыцца бяда. Бо пажылыя людзі перажываюць за свайго сацыяльнага работніка, як за сваіх дзяцей. Ну а для кагосьці яны і насамрэч становяцца дзецьмі, бо жыццё складваецца па-рознаму. Неад’емнай часткай нашай работы з’яўляецца цярпенне: трэба ўмець выслухаць чалавека, зразумець, а часам нават здагадацца, чаго ён хоча, неяк супакоіць і даступна ўсё патлумачыць. Бывае, што дастаткова цёплай размовы і добрага слова.

– Ведаю, што ваш калектыў станавіўся ініцыятарам укаранення некаторых паслуг?

– Часам мы самі прагназуем і вызначаем кірункі, у якіх будзем працаваць: іх дыктуе сучаснае вельмі рытмічнае жыццё. Пішам праекты – пасля ўдаецца знайсці фінансаванне, каб іх рэалізаваць. Нашы ідэі падтрымліваюць. Больш таго: мы былі штуршком для прыняцця, можна сказаць, агульнанацыянальных стратэгій. Так, тэмай прафілактыкі дэменцыі аднымі з першых сталі займацца. Таксама было і з прафілактыкай падзенняў: мала хто ведае, што ад іх можна засцерагчыся элементарнымі простымі спосабамі, пра якія нават не задумваемся.

– Што б пажалі ўсім, хто працуе ў такой вельмі важнай і запатрабаванай сферы?

– Адрасую самыя шчырыя словы ўдзячнасці свайму калектыву за работу, за тое, што яны такія надзейныя, безадмоўныя, чулыя. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, цярпення, няхай побач з вамі заўсёды будуць дарагія сэрцу людзі, а цеплыні вашай душы хапае на ўсіх, хто ў гэтым мае патрэбу.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ