Галіна Міхайлаўна Сліж – славуты ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці Валожыншчыны. У 70-80-я гады мінулага стагоддзя яе імя ведала ўся Беларусь. Простая, вельмі старанная, працавітая, акуратная, усёй душой аддадзеная любімай справе, праслаўляла сябе, родную гаспадарку і свой раён, 43 гады адрабіўшы даяркай у калгасе “Лоск”. Заслужаны калгаснік, уваходзіла ў склад даярак-чатырохтысячніц. З’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароджана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, знакамі “Ударнік дзявятай, дзясятай пяцігодак”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”. Не злічыць заслужаных грамат і ўзнагарод.
Г. М. Сліж нарадзілася ў Лоску. Калі ёй было 2 гады, бацьку забралі на вайну. Ён быў разведчыкам – 9 разоў вяртаўся з задання, на 10-ы – забілі. Сям’і прыслалі паведамленне: пахаваны ў Паўднёвай Прусіі, крыжавыя дарогі, Дом тэатра, брацкая магіла. Брату на той час было 5 гадоў, малодшай сястры – 6 месяцаў. Матуля хварэла, а выжываць неяк трэба было.
– У першы клас пайшла – матуля ў школу не пускае, бо за сястрой трэба даглядаць. Дык пайду, ірву лён, гляджу, дзеці ідуць на ўрокі. Ведаеце, што рабіла: кіну гэты лён, скіну з галавы хустку, укручу ў яе кніжку і сшытак і ў карэлай сукенцы, у якой была, басанож лятом у школу. А вечарам вярнуся, маці так накрычыць і адлупцуе – за тое, што ўцякла ў школу. Вось так пахадзіла, праз дзень-два, толькі чатыры класы. А вучылася надта добра, дырэктар школы дадому прыходзіў, хваліў, прасіў пускаць на заняткі. Але матуля сказала, што няма каму дома дапамагаць. Пасля восем класаў скончыла – вучылася ў вячэрняй школе.
У 13 гадоў пайшла ў брыгаду: наўкола галеча, людзі, капаючы бульбу, употайкі стараліся прыхаваць хоць некалькі клубняў – хто ў прыпол, хто ў кішэні. У мяне быў пашыты каптан з тоўстай падшэўкай – адпару і туды накладу-накладу і іду, як гара, да хаты. Брыгадзір бачыць, але не крычыць. У яго такая прыказка была: “Усё, гамон! Гэта дзіця не вырасце ніколі, яно будзе гарбатае, бо занадта моцна працуе”. Вельмі старалася, была ў наймітках у людзей. Хадзіла лён мяць, ізноў брыгадзір заўважыў і кажа: “Божай мой, гэта дзіця вырвала болей, чым старыя. Яно не выжыве – яно памрэ”. І ўсе так гаварылі. А Бог даў, выжыла і ў 16 гадоў пачала даіць кароў, – са слязамі на вачах расказвае мая гераіня.
Пакуль фермы былі без электрычнасці, даіла 14 кароў. Пасля перавялі ў новы кароўнік, падвялі святло, падключылі даільныя апараты, групу павялічылі. Прарабіла два гады, і старанную дзяўчыну забралі ў радзільнае аддзяленне: даверылі самую адказную справу – раздой пяршачак. А вось там усё рабілася ўручную: стаяла па 30 і больш галоў дойнага статка – іх даіла тры разы на дзень. Маладыя цялушкі, як раздойвала, біліся, капытамі сваімі ўсе пальцы на нагах адтапталі і амаль што без пазногцяў пакінулі. Яе не адпускалі ў адпачынак – плацілі кампенсацыю. Загадчыца фермы казала: “Галя, без цябе загіне ўсё”. А яна настолькі шкадавала скаціну, што не магла адмовіць – сама роды прымала ад кароў, цялят вырошчвала. Калгаснікі, хто не трымаў уласнай каровы, выпісвалі ў гаспадарцы сабе малако: прыйдуць на ферму і кажуць: “Галіна Міхайлаўна, толькі ты давай мне малако”.
– Выйдзем ісці на дойку, а раней было, што на полі даілі, ездзілі на кані, загадчыца фермы кажа: “Жанчыны, бярыце ўсе прыклад з Галі, паглядзіце, якія ў яе чыстыя вёдры”. А яны ў адказ: “Добра – ёй бульбяны медаль дадуць за гэта”. Ведаеце, а я так старалася. Вось, ідзе праверка на ферму, загадчыца пацікавіцца, хто з даярак дзяжурыць, а як даведаецца, што я, кажа: “Ідзём – усё будзе ў парадку”. Яны мне так давяралі, а я рабіла лепш, чым дома. Бо дома ўсяляк было. Зразумейце, чацвёра дзетак: два месяцы ў дэкрэтным адпачынку пабуду і іду на работу. У тры гадзіны ночы ўсхаплюся, пакармлю, перапаўю, пакладу і пакіну да 6-7 раніцы. Што яно там робіць – не ведаю. Дапамагаць не было каму, бо муж працаваў даглядчыкам – таксама рана на працу выходзіў. І я так моцна рабіла – скажу, як на споведзі, што на мяне ніхто ніколі дрэннага слова не сказаў. Усе паважалі. У нас было добрае начальства: старшыня калгаса Міхаіл Вікенцьевіч Ягоўдзік, галоўны заатэхнік Ганна Францаўна Канановіч, загадчыца фермы Фаіна Іванаўна Сліж. Я ж з раённай Дошкі гонару не сыходзіла! Была членам праўлення калгаса, сядзела ў прэзідыуме, з’яўлялася пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва IX, X пяцігодак.
Што ж вы думаеце: еду на сход у сталіцу ў машыне з першым сакратаром райкама партыі Мікалаем Данілавічам Казачонкам. Саромеюся – я ж простая даярка. Заселяць нас у гасцініцу “Мінск”, дык ён прыйдзе вечарам і запытаецца: “Галіна Міхайлаўна, а ці добра цябе засялілі?” Думае, што я ж ніколі не паскарджуся, нават калі што і не так, буду ціхенька плакаць і маўчаць… Сяджу ў прэзідыуме, ідзе ўсё начальства, возьмуць мяне ззаду за плечы і кажуць: “Добры дзень, Сліж!” Чатыры гады ездзіла на сесіі Вярхоўнага Савета БССР. Тады ў кіраўніцтве краіны быў Пётр Міронавіч Машэраў. Што за чалавек! Мы, дэпутаты-калгаснікі, стаім у калідоры ў перапынку, ён выйдзе, пасярэдзіне стане, пагутарыць з намі. Так прыемна было!
Надоі ў перадавой даяркі былі высокія. Ганаровыя граматы ад праўлення калгаса, райкама партыі, Мінскага абкама атрымлівала штогод – з 1971-га па 1988-ы гады: за паспяховае правядзенне зімоўкі жывёлы, павелічэнне вытворчасці і нарыхтоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі.
Пытаюся ў Галіны Міхайлаўны, як жа дасягалася гэта вялікае малако:
– Падключу апарат, ён выдаіць кароўку і далей ужо пад другую падстаўляю. А пасля рукамі кожную перадаю. Чаму? Панесла мераць малако – не хапае паўлітра. Падляцела да адной, да другой, падаіла і гэтага паўлітра даліла. Што ручная дойка, а што апаратам – дзве вялікія розніцы. Усякае надаралася: апарат доіць, адзін сасок зажме і да канца не выдаіць, малако застанецца. Другі раз падключыш, не праверыўшы, а гэны сасок ужо разбалеўся.
Я так любіла сваю работу і ўвесь час была так занята, што не ведала людзей у Лоску. У мяне адзін шлях – на ферму, з фермы – дадому. Уласная гаспадарка, дзеці, не было часу куды схадзіць. А маладая як была, хацелася ж на танцы: не паспяваю дадому зайсці, на хаду распранаюся, залятаю на ферму, адзяваю халат і басанож па гнаі бягу да кароў. Усю маладосць так і прабыла.
…У кожнага пакалення сваё жыццё – яно ніколі не будзе падобнае да жыцця продкаў. Усё мяняецца і рухаецца наперад – такі закон светапабудовы. Але павучыцца ў сваіх дзядуляў і бабуль ёсць чаму. Яны не ставілі перад сабой ніякіх вялікіх мэт – іх ніхто не вучыў быць самадастатковымі, станавіцца лідарамі. Проста працавалі, як кажуць у народзе, ад душы. І прыходзілі слава, павага, гонар, якія грэюць сэрца да апошніх дзён жыцця. Таму трэба абавязкова азірнуцца назад, да сваіх каранёў, каб упэўнена крочыць наперад.
З душой і любоў адносіцца да справы навучыла гора.
Не было бацькі, матуля ні разу ў калгас не схадзіла, а мы ж выжывалі самі з сябе.
А цяпер, паверце, 83-і год пайшоў, амаль што страціла зрок, а ўсё роўна так хачу рабіць.
Мне нельга шмат ляжаць, бо тады ўсё баліць.
А як хаджу, памаленьку рухаюся, то ўжо і лягчэй. Іду і кажу: “Божанька мой!
Каб Ты мне даў вочкі, я б усю работку яшчэ рабіла”.
Дзеці да сябе ў горад завуць, а я не хачу ў цагляны дом – лепш буду ў сваёй хатцы.
Галіна СЛІЖ
Алена ЗАЛЕСКАЯ