Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
23.05.2015. У якасці літкансультанта ўдзельнічаў у ІХ абласным злёце маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”. Пад такой жа назвай выйшаў зборнік вершаў, дзе змешчаны творы 47 аўтараў. Сярод іх – людзі розных прафесій, студэнты і школьнікі.
У Купалаўскія “Акопы” выехалі ад Мінскай абласной бібліятэкі. Я сядзеў побач з Міколам Чарняўскім, а Галіна Каржанеўская з Таццянай Сівец. Па дарозе абмяркоўвалі творы маладых, дзяліліся ўражаннямі.
“Дзе канчаецца асфальт?” – запытаўся ў мяне Мікола Чарняўскі. Я падумаў і адказаў, што не ведаю.
“Асфальт канчаецца там, дзе пачынаецца твой Валожынскі раён! Праўда, гэта было гадоў пяцьдзясят таму. У Валожынскім раёне ўсе дарогі былі брукаваныя…” – сказаў Мікола Мікалаевіч. Сапраўды ў нас амаль усе дарогі былі брукаваныя. Я памятаю, як з Лягез у Ракаў ездзілі па брукаванцы. Ды і сёння ў дзядзькі Віці ў Лягезах каля хаты ў двары ляжыць брук…
У Харужынцах, дзе знаходзіцца філіял Музея Янкі Купалы “Акопы”, прайшло свята паэзіі. Са сцэны разам з намі, літкансультантамі-настаўнікамі, выступалі маладыя паэты. Было сонечна і святочна. У злёце паэтаў Міншчыны я ўдзельнічаў шосты раз. Гледзячы на сцэну, узгадваў тых, хто тут раней выступаў і ўжо ніколі не выступіць. Адны адышлі ў лепшы свет, другія ўжо з кватэр не выходзяць, трэціх сюды не запросяць. Сумна. І ўсё ж не так сумна, як часам падаецца, бо новыя паэты нараджаюцца, растуць і пішуць беларускія вершы пра Беларусь…
24.05.2015. Сёння Людміла Рублеўская была экскурсаводам па Кальварыйскіх могілках. Правесці экскурсію папрасіў Алег Дзьячкоў, які прывёз у Мінск поўны аўтобус людзей. Дзве гадзіны мы хадзілі па могілках. Час ад часу я дапаўняў Людміліны аповеды пра знакамітых дзеячаў культуры і іх родных, якія спачываюць на Кальварыі. Потым разам з магілёўцамі мы наведалі Прылукі, дзе стаіць палац Чапскіх. З 1872 года Прылукі былі ўладаннем вядомага калекцыянера і нумізмата Эмерыка Чапскага, а з 1897 года – ягонага сына Юрыя (Ежы). Цяпер у палацы месціцца інстытут аховы раслін. У палацы Чапскіх быў зняты першы ў БССР мастацкі фільм “Лясная быль”. Гэта чорна-белае нямое кіно выйшла на экраны 26 снежня 1926 года. Агледзеўшы палац, мы паехалі ў вёску Воўкавічы, дзе ў 1904 годзе быў збудаваны касцёл Сэрца Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі. Асноўную частку сумы на будаўніцтва ахвяраваў граф Е. Чапскі. У 1950-я гады касцёл быў зруйнаваны. Непадалёк месца, дзе быў касцёл, узвышаецца вялікі чорны мармуровы крыж. Гэта магіла жонкі фундатара касцёла Юзэфы Караліны Чапскай. Помнік быў зроблены ў Варшаве, а потым прывезены на могілкі. Далей экскурсія працягнулася без нас. У Станькаве і Койданаве мы з Людмілай былі. У Мінск вярнуліся на прыгарадным аўтобусе, задаволеныя знаёмствам з магілёўцамі і экскурсіяй…
26.05.2015. Маладзік, як мяч прабіты, з якога паветра сышло…
27.05.2015. Удзельнічаў у адкрыцці выставы ў гімназіі-каледжы мастацтваў, прысвечанай 70-годдзю Перамогі. Пахадзіў па калідорах. Паўспамінаў, як сюды кожны дзень сем гадоў вадзіў дачку і сына. Яшчэ працуе іх першая настаўніца Зінаіда Кірылаўна. Зазірнуў у клас. Дзеці як дзеці, і ўсё ў гімназіі-каледжы, здаецца, добра, але няма таго, што раньш было. Развітаўшыся з Зінаідай Кірылаўнай, выйшаў на вуліцу. На вуліцы дождж. Сумны, як я…
28.05.2015. У восем гадзін прыйшоў на працу. Каля дзвярэй майго кабінета ўжо стаяла жанчына. Гадоў за пяцьдзясят. Прыехала здалёку. Прывезла вершы, напісаныя пад Цвятаеву і Ахматаву. Нядрэнна напісаныя. Рэдка такое бывае, каб немалады чалавек прыйшоў, нідзе не друкаваўшыся, з творамі падобнага ўзроўню. Звычайна вершы слабенькія, тыпу: “Я цябе любіла. Ты мяне любіў. Я цябе забыла. Ты мяне забіў…”. Прагледзеўшы некалькі твораў, я выказаў сваю думку і папрасіў пачытаць услых, бо вершы былі запісаны ў сшытку часам не вельмі разборліва. Жанчына пачала чытаць, а я час ад часу пахвальваць. Запытаўся, як завуць. Запісаў. Гаварылі амаль гадзіну. Здавалася б, усё скончыцца добра.
Ды не! Калі я сказаў, што мы, на жаль, не маем магчымасці друкаваць усіх, хто хоча, бо ёсць адбор, і ёй трэба спачатку надрукавацца хаця б у “Нёмане”, жанчына з мілай ператварылася ў нямілую: “А навошта Вы запісалі, як мяне завуць?” Давялося парваць і выкінуць у сметніцу паперчыну. Праўда, праз хвілін пяць я ўсё ж здолеў растлумачыць цяперашнюю сітуацыю з паэзіяй, якая стала амаль нікому не патрэбнай. Развіталіся, усміхаючыся адзін аднаму.
Праз хвілін дзесяць прыйшла яшчэ адна паэтка. Ёй вылучыў з паўгадзіны часу. Потым жанчына з казкамі. Зноў прагаварылі з гадзіну. Толькі выйшла з кабінета казачніца, як з’явілася бабулька з паэмай пра Мінск. За бабулькай зайшла жанчына з прозай. Незаўважна і абед прайшоў.
Пасля трох гадзін я выйшаў па выдавецкіх справах у горад і сустрэў на вуліцы вясёлых хлопцаў у форме пагранічнікаў. Сёння іх свята. Паглядзеўшы на хлопцаў, усміхнуўся: “Няма каму мяжу ахоўваць, вось і пішучыя жанчыны прарваліся да мяне…”
У творчасці, як у вялікай чарзе, могуць затаптаць…
29.05.2015. Сёння не людзі залежаць ад Паэзіі, а Паэзія ад людзей…
30-31.05.2015. Мой зямляк Павел Каўрыга, які выкладае ў БДУ на геафаку, запрасіў мяне выступіць перад студэнтамі, што на Валожыншчыне каля вёскі Калдыкі на геастанцыі “Заходняя Бярэзіна” праходзяць практыку…
Дробныя птушкі перад машынай пералятаюць дарогу, як самагубцы ці экстрэмалы… На палях ходзяць буслы, як геадэзісты… За Валожынам стаіць вятрак, нібыта знак, што тут Еўропа…
Прыехалі а чацвёртай гадзіне. На геастанцыі, якая знаходзіцца ў лесе, цішыня. Студэнты разышліся па сваіх вучэбных справах. З доміка выйшаў выкладчык, які пачуў, што мы прыехалі. “Учора ў нас быў Глобус…” – расказваючы пра лясное жыццё-быццё, паведаміў мужчына. Пачуўшы пра гэта, я падумаў: “Маладзец Валодзя, што наведаў адарваных ад горада студэнтаў”. Праз паўгадзіны я даведаўся, што тут учора быў не Адам Глобус, а студэнцкая вечарына “Музычны глобус”…
Сосны, як геадэзічныя збудаванні… У лесе студэнты з заплечнікамі, як дыверсанты… Спявалі птушкі. Раптам стала ціха, і пайшоў дождж. Адна музыка замяніла другую… Над поймай ракі праляцелі два лебедзі. Белыя, як анёлы…
Пасля вячэры ўсе сабраліся ў клубе. Вечарына пачалася з “Купалінкі”, якую праспявала студэнтка чацвёртага курса. Яна для сяброў ужо свая эстрадная зорка. Лізавета Гурская прачытала верш Уладзіміра Караткевіча “Беларуская песня”. За гэта я падарыў ёй сваю кніжку “Заўтра была адліга”.
Потым гучалі вершы, што напісалі самі студэнты пад час практыкі. Амаль да адзінаццаці гадзін выступаў я. Вёў імпрэзу Уладзімір Малашэнкаў. Напрыканцы Павел Каўрыга падарыў мне сваю кнігу “Метэаралогія і кліматалогія (Беларуска-руска-англійскі даведнік)” з аўтографамі студэнтаў сваёй кафедры.
Да двух гадзін ночы з выкладчыкамі гаварылі пра жыццё-быццё. Па іх просьбе чытаў вершы. Слухалі, не перабівалі…
Схадзіўшы на студэнцкую лінейку, з Паўлам Каўрыгам паехалі ў Мінск. У некалькіх кіламетрах ад геастанцыі на ўскрайку лесу я заўважыў вялікага рыжаватага зайца. Ён назіраў за намі, нібыта студэнцкі дазорац, які замаскіраваўся пад зайца…
03.06.2015. З Маладзечна прыязджаў Міхась Казлоўскі. Падарыў мне зборнік “Там, дзе Уша серабрыцца”, дзе прадстаўлены 32 творцы, дзейнасць і жыццё якіх непасрэдна звязана з маладзечанскім краем. Укладанне і прадмова Міхася Казлоўскага. На вокладцы зборніка фотаэцюд Генадзя Селядца “Лета”. Ва ўступным слове Міхась напісаў: “У свой час Генадзь Каханоўскі, праглядаючы чарговы нумар часопіса “Маладосць”, з відавочным гонарам прамовіў: “Глядзі, нашы ідуць у літаратуру”. Для мяне Маладзечыншчына – родны край, і таму я з задавальненнем паўтараю за Генадзем Каханоўскім: “Нашы ідуць у літаратуру!” Акрамя зборніка, Міхась Казлоўскі падарыў мне паштоўку, выдадзеную з нагоды выхаду ў “Мастацкай літаратуры” кнігі пра Язэпа Драздовіча “Праз церні да зорак”…
05.06.2015. З Іванам Вараўкам сябрую з часу (1980-я гады) нашага знаёмства на літаб’яднанні “Крыніцы” пры “Чырвонай змене”. Цяпер зрэдку сустракаемся, а так усё па тэлефоне дзелімся сваімі жыццёвымі навінамі. Іван нарадзіўся ў вёсцы Ілья на Вілейшчыне. Працуе на заводзе ў Мінску. Зрэдку піша вершы і яшчэ радзей друкуецца. Нікому, хто хадзіў на літаб’яднанне і потым выбіўся ў вядомыя пісьменнікі, Іван не зайздросціць. Сёння мы з ім сустрэліся. Гаварылі пра бацькоў. Іванавай маці 90 гадоў. Цяпер яна, на жаль, у бальніцы. Сёе-тое новага з вершаў пачыталі адзін аднаму.
06.06.2015. Удзельнічаў у ХV Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Напачатку наведалі Вязынку. Чыталі вершы каля помніка Янку Купалу. На дзіва людзей прыйшло нямала. Потым у Маладзечне ў Палацы культуры выступіў у паэтычнай гасцёўні “Красуй, Беларусь”. Думаю, што многіх цікавіць адказ на пытанне: “Як там на фестывалі было?” Мой адказ: “На жаль, вас там не было, таму так было, як было. І магло быць лепей, але і магло быць горай…”
07.06.2015. Прачытаў!!! Чацвёртую, заключную кнігу цыкла раманаў Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”. У беларускай літаратуры падобнай маштабнасці і моцы твора (усе чатыры кнігі) няма. Можаце мяне за гэту выснову пабіць, але я ад яе не адмоўлюся. Гэта гавару не таму, што Людміла Рублеўская мая жонка, а таму што чытаю амаль усё і ўсіх і гэты раман у чатырох кнігах прачытаў ад першай да апошняй старонкі і як чытач, і як рэдактар, і як крытык. І калі б твор быў напісаны іншым выдатным пісьменнікам-мужчынам, а іх у нас на сённяшні дзень столькі, што можна на пальцах адной рукі пералічыць, то… Словам, віншую ўсіх, хто радаваўся і будзе радавацца, чытаючы Людмілу Рублеўскую, што ў нас, беларусаў, ёсць цыкл выдатных гістарычных раманаў пра Беларусь XVIII стагоддзя.
08.06.2015. Здаецца, чым усё больш вясной спілоўваюць таполяў, тым у чэрвені ўсё больш таполевага пуху… Сёння на працы ніхто з аўтараў не турбаваў мяне, і толькі таполевы пух лётаў пад вокнамі кабінета, як пер’е графаманаў…
09.06.2015. Гарачыня. У некага мора перад вачамі, а ў мяне мора рукапісаў…
З Людмілай хадзілі ў Купалаўскі музей на “Канцэрт для сяброў” Алеся Камоцкага. Народу было сотні паўтары. Слухаючы песні, забыўся пра многае, што перашкаджае жыць з добрым настроем. У перапынках паміж песнямі Алесь з сябрамі, якія яму падыгрывалі на гітарах, жартаваў, згадваў былыя канцэрты, дзяліўся думкамі пра тое, што яму падабаецца і чаму. Я занатаваў: “Дзяцінства – гэта калі твой кот старэйшы за цябе…” Праўда, гэта словы не Алеся, але яны сапраўды пра дзяцінства…
10.06.2015. Калі ніхто з аўтараў не тэлефануе, тады мне здаецца, што я не на сваю працу прыйшоў ці іншапланетнікі перарэзалі тэлефонныя драты…
11.06.2015. А палове на сёмую гадзіну быў у прамым эфіры тэлеперадачы “Добрай раніцы, Беларусь!”. Гаварылі пра акцыю “Лета з добрай кнігай”. Забралі мяне з дому а палове на шостую. Ехалі па амаль пустым праспекце. Звярнуў увагу, што на пляцы Якуба Коласа выстава рэпрадукцый карцін Міколы Селяшчука.
Раніцой на лузе белы туман ператварыўся ў белага каня, а вечарам белы конь у белы туман…
Паміраючы па гэты бок нябёс, на іншым баку з’яўляемся на свет…
12.06.2015. Заходзячае сонца прасвечвае лістоту бярэзніка, нібы шукае бяздомных птушак…
13.06.2015. Ездзіў у родныя Пугачы. Адзін… У аўтобусе было паўнютка народу. Некаторыя з катамі і сабакамі, як у вандроўным пагарэлым цырку… У Пугачы прыехалі сем чалавек. Нікога не ведаю…
Іду па вуліцы. Углядаюся ў зелень дрэў, дзе стаіць родная хата. Стаіць…
У садзе трава вырасла вышэй за калена. Матылі па-над ёй, як лятаючыя кветкі… У хаце, як на востраве, дзе яшчэ нядаўна існавала жыццё…
Схадзіў да дзядзькі Шуры. Пагаварыў, як з бацькам. Ён адзіны, хто застаўся са стрыечных бацькавых братоў…
Касіў амаль пяць гадзін. Прыходзілі нейчыя дзеці, каб паглядзець на пісьменніка… Яблыкаў амаль не будзе, нібыта яблыні зразумелі, што нам не да яблыкаў… Жабы ў траве. Каторая з іх зачараваная прынцэса? Пярынка ў траве, як анёльская…
За мной у хату заляцела муха, як шпіёнка… Вада ў кране іржавая, як паэзія пачаткоўца…
Над вёскай коршак, як гаспадар… Зялёныя стрэлкі цыбулі паказваюць бясхмарнае неба. Паліў грады… Пранеслася па вуліцы машына, як звар’яцелая…
Ідучы на аўтобусны прыпынак, спыніўся каля сажалкі. Плаваюць дзікія качкі. Прыгожыя. Здаецца, прыгажэйшыя, чым тады, калі я тут з сябрамі хлапчукамі лавіў рыбу… На прыпынку сеў на лаўку, дзе мама сядзела, чакаючы мяне з горада…
Ехаў у Мінск, як на іншую планету…
14.06.2015. Людміле патэлефанаваў аўтар “Буквара” Анатоль Клышка і прапанаваў сустрэцца паблізу нашага дома на аўтобусным прыпынку, каб падарыць нам кніжку. Праз дзесяць хвілін Людміла вярнулася з “Новым запаветам” у перакладзе з грэчаскай. Анатоль Канстанцінавіч, каб зрабіць справу, вывучыў грэчаскую мову. Гамера чытаў у арыгінале. Словам, мы цяпер маем “Новы запавет” на беларускай мове…