Сельгасупраўленню “Бабровічы” ўнітарнага прадпрыемства “Мінскаблгаз” прысвоены статус “Племянны завод па развядзенні буйной рагатай жывёлы абердзіна-ангускай пароды”.
Абердзіна-ангусы – мясная высокапрадукцыйная парода жывёлы. Іх развядзенне адкрывае перад сельгаспрадпрыемствам перспектывы арганізацыі экспартных паставак жывёлы. А вось тое, што яны атрымалі статус племянной гаспадаркі, дае магчымасць разлічваць на датацыю з боку дзяржавы.
Юрый БЯЛЯЎСКІ, кіраўнік сельгасупраўлення “Бабровічы”:
– Летась мы прадалі 26 быкоў абердзіна-ангускай пароды – як звычайнае сельгаспрадпрыемства па 6 рублёў 70 капеек за кілаграм жывой вагі. З атрыманнем новага статуса кошт ялавічыны павысіцца на 2-3 рублі, бо гэта ўжо будуць племянныя быкі. Увогуле, племянныя гаспадаркі трапляюць пад дзяржаўныя праграмы, згодна з якімі яны могуць атрымліваюць бюджэтныя сродкі на патаненне вытворчасці прадукцыі: у прыватнасці, на закупку біяматэрыялу (спермы) для асемянення кароў; здачу аналізаў ДНК для атрымання генетычных пашпартоў; рэалізацыю жывёлы і інш.
Пачыналася ўсё два гады таму, калі мы закупілі 25 племянных цялушак на Гроднаплемпрадпрыемстве. Пасля завезлі яшчэ 60 галоў з Кобрына Брэсцкай вобласці: заплацілі вельмі дорага – 5 тысяч рублёў за адну цялушку. Так як грошы былі ўкладзены, вырашылі справу развіваць.
Пакрываецца статак толькі штучным асемяненнем. За імі даглядае адзін чалавек.
Абердзіна-ангускія каровы не дояцца. Тлустасць малака ў іх складае звыш за 6 працэнтаў – усё яно ідзе на кармленне цялят. Бычкі ад матачнага пагалоўя ў шэсць месяцаў адымаюцца на адкорм – на ўтрыманні ў сярэднім за дзень яны даюць прывагі ў 1100-1300 грамаў. А вось цялушкі ходзяць побач з “мамкамі” ажно да моманту свайго пакрыцця: іх прызначэнне – узнаўленне маладняку.
Усё матачнае пагалоўе пакуль пакідаем у сябе – прадаём толькі быкоў. Вось і зараз рыхтуем на продаж 8 быкоў вагой пад 700 кілаграмаў. Выхад чыстага мяса ў іх складае ў сярэднім 70 працэнтаў, прытым як у звычайнай чорна-пярэстай пароды – 47-50 працэнтаў. Істотна адрозніваецца і якасць абердзіна-ангускай ялавічыны – яна з выразнымі прожылкамі, больш сакавітая і мяккая. Менавіта з гэтай пароды атрымліваецца мрамарнае мяса.
Абердзіна ангуская парода кароў – самая папулярная парода буйной рагатай жывёлы мясной напрамку. Выведзена ў XIX стагоддзі ў Шатландыі ў горных раёнах з суровым кліматам шляхам скрыжавання чорнай камолай жывёлы графства Абердзіншыр і бурага – графства Ангус. Карова генетычна бязрогая, у асноўным чорнай масці, з кароткімі адносна тушы нагамі.
Абердзіна-ангусы адрозніваюцца высокай прадукцыйнасцю, устойлівай спадчыннасцю. Жывёла здольная хутка прыстасоўвацца да неспрыяльных умоў надвор’я і можа ўтрымлівацца на адкрытым паветры нават у самыя моцныя маразы.
На сёння абердзіна-ангуская парода кароў з’яўляецца другой па распаўсюджанасці ў свеце. Каля 80 працэнтаў усёй мармуровай ялавічыны вырабляецца менавіта з бычкоў гэтай пароды.
Канстанцін ПУЧКО, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі:
– Зараз у нас налічваецца 298 галоў абердзіна-ангускай пароды: з іх 169 галоў закупілі, а 128 – атрыманы прыплод. Яны больш непатрабавальныя, чым іншая буйнай рагатая жывёла: устойлівыя да захворванняў, раней развіваюцца як фізічна, так і фізіялагічна. Адзіны момант – крыху агрэсіўныя: людзям, якія за імі даглядаюць, трэба быць напагатове.
Каб атрымаць статус племяннога завода, неабходна было, па-першае, падрыхтаваць усе дакументы па ветэрынарнай частцы. Па-другое, з кожнай галавы быў адабраны ДНК-матэрыял, які накіроўваўся на даследаванне ў Жодзіна: на сёння кожная асобіна гэтай пароды мае генетычны пашпарт, які пацвярджае, што жывёла сапраўды чыстакроўная і племянная.
Для прыцягнення кадраў у сельскагаспадарчую вытворчасць у аграгарадку Бабровічы пачалося будаўніцтва новага 24-кватэрнага жылога дома з усімі выгодамі. Новабудоўля ўзводзіцца за кошт сродкаў Мінскаблгаза ў рамках інвестыцыйнага праекта. Работы без выхадных вядзе кампанія “Іман” – адна з буйнейшых на айчынным будаўнічым рынку.
Дом будзе трохпавярховы. Ужо цалкам зроблены фундамент, ідзе ўстаноўка першага паверха. Плануецца, што навасёлаў шматпавярхоўка прыме гэтай восенню.
На дадзены момант пры штатнай колькасці ў 220 чалавек у сельгасупраўленні “Бабровічы” працуюць 175 работнікаў. Гаспадарка мае патрэбу ў жывёлаводах, механізатарах, у спецыялістах зоатэхнічнай і ветэрынарнай служб.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА