У гэту нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі паліўнай прамысловасці.
Калектыў Валожынскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва”, нягледзячы на эканамічныя санкцыі, змяншэнне колькасці карыстальнікаў натуральных відаў паліва, трывала трымае марку стабільна і, самае галоўнае, з прыбыткам працуючага прадпрыемства. Розныя былі часы, але наш “райтоп”, а менавіта так па звычцы называюць яго ў народзе, ужо амаль тры дзесяцігоддзі надзейна і штодзённа забяспечвае палівам усіх, хто мае патрэбу.
Так, так – мы не памыліліся, калі сказалі штодзённа. Апошнія тры гады сітуацыя ў гэтай галіне кардынальна змянілася: жадаючыя набыць дровы і торфабрыкет ізноў запісваюцца на чаргу. Яна невялікая – чакаць заказу даводзіцца на працягу месяца-паўтара, а вось грукат ад колкі драўляных калодак не спыняецца тут ні на дзень.
Як расказаў кіраўнік Міхаіл Радына, дрываколы працуюць з 6 гадзін раніцы да 7 вечара і ў будні, і ў выхадныя.
– Безумоўна ж, задаволены, што ёсць попыт на нашу прадукцыю, хаця памятаем і часы, калі самі тэлефанавалі патэнцыяльным карыстальнікам, давалі аб’явы ў газеты, але сапраўдны рух пачынаўся толькі восенню – людзі “ажывалі” лічы перад самым пачаткам новага ацяпляльнага сезона, – адзначае Міхаіл Ігнацьевіч. – Цяпер запіс на дастаўку паліва пачынаецца ўжо 2 студзеня. І на сёння ёсць чарга. За няпоўныя восем месяцаў сёлета рэалізавалі шэсць тысяч кубічных метраў дроў і дзве тысячы тон торфабрыкету.
Усяго па раёне 1532 домаўладанні, якія ацяпляюцца гэтымі відамі паліва і маюць права на датацыю з боку дзяржавы. Але заказваюць не ўсе: хтосьці з гаспадароў пераязджае на зіму ў горад. Ёсць і тыя, хто не прапісаны, аднак, наадварот, пастаянна пражывае ў дачным доме. Такой катэгорыі насельніцтва таксама аказваем паслугу – праўда, ацяпленне ім абыходзіцца ў два з паловай разы даражэй.
Пастаяннымі спажыўцамі з’яўляюцца воінскія часці: ім на ацяпляльны сезон патрэбны 2,5 тысячы кубічных метраў дроў. Завозім паліва таксама на сельсаветы, ФАПы, некаторыя навучальныя ўстановы ў сельскай мясцовасці.
Да прафесійнага свята – Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці – падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена вадзіцелю лесавоза Леаніду Жукоўскаму і трактарысту Аляксею Стасяловічу. Граматай абласнога галіновага кіраўніцва будуць узнагароджаны вадзіцель МАЗа Уладзімір Зянько і дрывакол Сяргей Шакун.
З прыбыткам працуе і Стаўбцоўскі ўчастак – ёсць сродкі і на паліва, і на запасныя часткі, і на заработную плату.
Акрамя асноўных відаў дзейнасці, не спыняецца работа на ўчастку па выпуску пілетаў у Філіпінятах. Цяпер там ідзе нарыхтоўка саломы: крыху застаўся запас з мінулага года, а ўвогуле трэба нарыхтаваць 120 тон саломы, ці 800 рулонаў. На жаль, з-за закрыцця межаў ужо пяць месяцаў мы не пастаўляем пілеты за мяжу, але вытворчасць не закрылі. Невялікія аб’ёмы прадукцыі возім у гіпермаркеты сталіцы – спадзяёмся, што сітуацыя ўсё-такі наладзіцца.
Па-ранейшаму дапамагаем сельгаспрадпрыемствам раёна. Вясной паўмесяца трактар працаваў на льнокамбінаце. Ужо чацвёрты месяц тэхніка занята на розных відах работ у “Падбярэззі”. А з 5 верасня прыступім да дастаўкі з палеткаў цукровых буракоў – дамоўленасць з Гарадзейскім цукровым заводам заключылі загадзя. Будуць задзейнічаны тры МАЗы.
Карыстаючыся магчымасцю, з нагоды прафесійнага свята хочацца падзякаваць работнікам і нашага філіяла, і Стаўбцоўскага ўчастка за старанную працу. Прыемна, што кожны ідзе насустрач, разумее важнасць сваёй прафесіі, стараецца і робіць ад душы. Жадаю плёну і годных заробкаў, моцнага здароўя і дабрабыту ў доме, шчасця і мірнага неба над галавой.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА