Общество

Каб старасць была ў радасць

У мінулую пятніцу ў памяшканні пакоя “Родам з СССР” сабраліся людзі пажылога ўзросту. Мерапрыемства “Зямлі маёй і землякам”, прысвечанае Году гістарычнай памяці, для іх арганізавала работнік культуры Таццяна Ланько. На сустрэчу завіталі прадстаўнікі Валожынскага краязнаўчага музея, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, натарыяльнай канторы.

Шмат карыснай інфармацыі атрымалі ўдзельнікі мерапрыемства «Зямлі маёй і землякам»

Таццяна Валянцінаўна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што бацькоўскі край – гэта не толькі месца, дзе мы нарадзіліся, але і тое, дзе жывём. Многіх лёс закінуў у Валожын ужо дарослымі, але з часам горад стаў для іх самым родным месцам на Зямлі. Дзякуючы цёплым, клапатлівым адносінам жыхароў, ён з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожым і ўтульным. Моладзь павінна ведаць багатую гісторыю Валожыншчыны, і каму, як не людзям пажылога ўзросту, даносіць яе сваім унукам і праўнукам.

У кожнага чалавека жыве патрэба спазнання нечага новага і з гадамі яна толькі ўзрастае. Многія ўдзельнікі сустрэчы на транспарце аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама аб’ездзілі з экскурсіямі ўжо амаль усю Мінскую вобласць, наведалі шмат цікавых месцаў у Гродзенскай. Пра тое, ці добра мы ведаем свой раён, прымусіла задумацца дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. Яна заўважыла, што ў апошні час людзі ўсё больш сталі цікавіцца мясцовымі турыстычнымі маршрутамі, а на Валожыншчыне ёсць шмат чаго цікавага. Таксама Наталля Паўлаўна запрасіла наведаць музей, дзе ўвесь час дзейнічаюць розныя выставы. Экскурсаводы з задавальненнем правядуць экскурсіі як па музеі, так і па горадзе.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай расказала пра катэгорыі пажылых людзей, якія падлягаюць сацыяльнаму абслугоўванню. Ёсць людзі адзінокія, ёсць такія, чые дзеці жывуць далёка, але нашчадкі некаторых проста забыліся, што маюць бацькоў, і гэта асабліва сумна. Калі першым дзяржава аказвае ўсялякую дапамогу, то з апошнімі ёсць шмат нюансаў.

На аказанне паслуг на даму маюць права ўсе, хто дасягнуў 65-гадовага ўзросту, ці маладзейшыя, калі маюць інваліднасць. У залежнасці ад функцыянальнага стану пажылога чалавека, які вызначаюць спецыялісты медустановы, аказваецца розны пералік сацыяльных паслуг. Работнікі цэнтра дапамагаюць вырашаць і розныя гаспадарчыя пытанні, забяспечваюць індывідуальнымі сродкамі рэабілітацыі. Нядаўна тут пачалі вучыць догляду за ляжачымі людзьмі, што вельмі важна. Для гэтай паслугі прадугледжаны і выезд на дом.

Супрацоўнікі Валожынскага краязнаўчага музея распрацавалі некалькі турыстычных маршрутаў, якія ахопліваюць даволі значную тэрыторыю раёна. Маршрут ваенна-патрыятычнай тэматыкі “Валожын-Доры-Ракаў-Івянец” праходзіць праз мясціны знішчэння і захаванні ахвяр перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Маршруты “Валожын-Пяршаі-Малая Люцінка-Івянец”, “Валожын-Сакаўшчына-Вішнева-Дзясятнікі і Дубіна” носяць культурна-пазнавальны характар. Яны пазнаёмяць з традыцыямі, абрадамі, народнымі промысламі, рамёствамі і гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, сярод якіх 34 аб’екты маюць статус рэспубліканскага значэння.

Шмат валожынцаў наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, дзе займаюцца спортам, прафілактыкай дэменцыі, удзельнічаюць у валанцёрскім руху і інш.
Натарыус Алена Сікорская паведаміла пра нюансы, якія ўзнікаюць, калі паўстае пытанне распарадзіцца сваёй маёмасцю. Для прыняцця правільнага рашэння лепш загадзя пракансультавацца ў натарыяльнай канторы. Ёсць выпадкі, калі не трэба хвалявацца, нашчадкі мірна атрымаюць спадчыну па законе, але бывае і іншае. Тады неабходна скласці завяшчанне. Для пенсіянераў на дадзеную паслугу прадугледжана 50-працэнтная скідка. Важна ведаць, што ў прыватызаванай кватэры, нягледзячы на складзены дакумент, ёсць доля мужа ці жонкі і ўсіх дзяцей. А гэта пасля пагражае судовымі разборамі. Алена Уладзіміраўна адказала на шматлікія пытанні, што ўзніклі ў прысутных, а таксама заўважыла, што ў натарыяльнай канторы можна зрабіць даверанасць на атрыманне дапамогі на памперсы і іншае для хворых людзей.

Затым увазе пажылых людзей удзельнікі хору “Спяваючыя сэрцы” прапанавалі невялікі канцэрт. Вясёлыя песні ў іх выкананні парадавалі і ўзнялі настрой. Пасля выступлення ва ўсіх жадаючых была магчымасць паказаць свае здольнасці: спець, станцаваць, прадэманстраваць іншы талент. Прысутныя з задавальненнем ёй скарысталіся.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара