Экономика

Сустрэлі векавы юбілей

100 гадоў на рынку банкаўскіх паслуг

26 снежня “Беларусбанк” святкуе вялікую юбілейную дату – 100-годдзе з дня ўтварэння. З гэтай нагоды ў раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства для работнікаў і ветэранаў працы цэнтра банкаўскіх паслуг № 605 ААТ “ААБ Беларусбанк” у горадзе Валожыне.

Мерапрыемства распачалося праглядам відэароліка “Шлях даўжынёй у стагоддзе”, дзе адлюстраваны дасягненні арганізацыі ва ўсіх сферах яе дзейнасці. За гады свайго існавання “Беларусбанк” стаў сімвалам надзейнасці і стабільнасці, сапраўды народным банкам, які заўсёды побач.

Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг Сяргей Патапчук уручыў Анастасіі Галоўчыц Падзяку старшыні райвыканкама

Першым павіншаваць прысутных, выказаць шчырыя словы ўдзячнасці і падзякі за нялёгкую, але такую патрэбную працу на сцэну падняўся дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг Сяргей Патапчук. Таксама ён уручыў Падзякі старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў спецыялістам па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг 1-й катэгорыі Раісе Станкевіч і Анастасіі Галоўчыц, вядучаму спецыялісту па продажы рознічных банкаўскіх прадуктаў Таццяне Бандаровіч.

Юбілейным медалём “Беларусбанк – 100 год” узнагароджаны кіраўнік аперацыйнай службы Антаніна Субач, спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг 1-й катэгорыі Раіса Станкевіч, загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Віталій Пупа, які за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у дасягнутыя вынікі работы банка ў 2022 годзе атрымаў яшчэ адну высокую ўзнагароду – Ганаровую грамату Мінскага абласнога ўпраўлення № 500. Падзяка дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг № 605 аб’яўлена вядучаму спецыялісту адміністрацыйна-гаспадарчай службы Аляксею Спічаку.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сняжана Нахай заахвоціла Падзячным лістом Наталлю Жук и Алену Мацаль

У гэты дзень у глядзельнай зале цэнтра культуры сабраліся сапраўдныя прафесіяналы, якія знайшлі справу свайго жыцця і аддаюць любімай працы ўсе сілы, веды і майстэрства. Павіншаваць іх са святам на сцэну паднялася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сняжана Нахай. Яна ўручыла Падзячныя лісты вядучаму спецыялісту па продажы рознічных банкаўскіх паслуг Наталлі Жук і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі цэнтра банкаўскіх паслуг № 605 Алене Мацаль, якая ў сваю чаргу таксама выканала прыемную місію ўзнагароджання.

Алена Садоўская, Алена Каранік і Кацярына Зінкевіч атрымалі Падзякі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі

Падзякі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі з яе рук атрымалі спецыялісты па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг Алена Садоўская, Алена Каранік і Кацярына Зінкевіч.

Са святочнымі віншаваннямі і пажаданнямі росквіту, бесперапыннага грашовага патоку, фінансавай стабільнасці, надзейных партнёраў, перспектыўных кадраў, выніковых праектаў і спрыяльнага эканамічнага клімату да юбіляраў – калектыву цэнтра банкаўскіх паслуг № 605 – звярнуліся начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг № 514 ААТ “Белаграпрамбанк” Віктар Падгайскі і кліент банка, дырэктар ПГУП “Мігліёр-Дзі” Дзмітрый Азарэвіч.

На працягу ўсяго мерапрыемства цудоўныя музычныя нумары работнікам банкаўскай сферы дарылі салісты раённага цэнтра культуры і Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, народны ансамбль народнай песні “Сваякі”.

Заключным акордам святочнай урачыстасці прагучаў гімн ААТ “ААБ Беларусбанк”.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара