Общество

Пагадненне паміж мужам і жонкай

Што такое шлюбны дагавор? Падрабязна аб гэтым відзе натарыяльных дзеянняў расказала загадчык натарыяльнай канторы Валожынскага раёна Марына ЦЕЛЯЖЭВІЧ.

– Першыя шлюбныя дагаворы ў нас пачалі заключаць у 2006 годзе. На сёння не магу сказаць, што гэта паслуга натарыуса самая запатрабаваная па ўсёй Беларусі, аднак цікавасць да яе значна ўзрасла. Наша натарыяльная кантора прыкладна па 2-3 такія натарыяльныя дзеянні за месяц здзяйсняе.

Маладыя людзі не так боязна адносяцца да ўсяго новага – яны сёння клапоцяцца пра сваю будучыню і, трэба адзначыць, падыходзяць да гэтага ўсвядомлена і адказна. Лічу, што гэта правільнае распараджэнне тым, што ў цябе ўжо ёсць у жыцці, – можна сказаць, крок наперад: зрабіў, закрыў старонку і пайшоў далей. Бачна, што наш менталітэт пакрысе мяняецца – людзі давяраюць дакументу.

Шлюбныя дагаворы маюць сваю асаблівасць: яны заключаюцца перад уступленнем у шлюб, але ў законную сілу ўступаюць толькі пасля таго, як шлюб будзе заключаны, падчас знаходжання ў шлюбе і найбольш часта перад разводам. Ва ўсіх трох варыянтах добраахвотная дамоўленасць мужа і жонкі спрыяе бяспецы іх капіталаў, беражэ нервы, грошы і час пры скасаванні шлюбу. Аб магчымасці складання шлюбнага дагавора, напэўна, варта было б распавядаць маладым людзям пры падачы заявы ў ЗАГС. Тады яшчэ любоў і давер бязмежныя, і не думаеш, што ў будучыні можа здарыцца нешта дрэннае.

Па правілах шлюбны дагавор складаецца толькі ў пісьмовай форме і абавязкова засведчваецца натарыусам. Каб яго падрыхтаваць і аформіць з захаваннем усіх прававых норм, можна звярнуцца да любога натарыуса. Пры сабе трэба абавязкова мець пашпарты. Пара павінна прадставіць дакумент, які пацвярджае рэгістрацыю шлюбу: гэта можа быць як само пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу, так і даведка з органаў ЗАГС.

У асноўным, у шлюбным дагаворы сямейная пара абумоўлівае моманты падзелу нерухомай маёмасці, але гэта не адзінае, што можа быць у ім агаворана. Можна прапісаць правы і абавязкі мужа і жонкі аб узаемным утрыманні – у тым ліку і пасля скасавання шлюбу, каму будуць належаць грашовыя ўклады, унесці пункт пра адказнасць па даўгах, парадак атрымання маёмасці, нажытай падчас шлюбу кожным з бакоў пасля скасавання шлюбу, агаварыць пытанні, звязаныя з выхаваннем дзяцей. Напрыклад, з кім яны застануцца пасля разводу, чыё прозвішча будуць насіць, як часта будуць бачыцца з матуляй ці бацькам – у залежнасці ад таго, з кім застануцца, парадак нясення сямейных расходаў, парадак, тэрміны, памер выплаты аліментаў і інш.

Важна, каб пры заключэнні шлюбнага дагавора кожны выразна разумеў паследкі тых умоў, пад якімі яны ставяць свой подпіс. Бо змяніць яго ў будучыні па жаданні толькі аднаго з бакоў дагавора немагчыма.

У сучасным свеце і ў рэаліях сённяшняга дня расстаўляць, як кажуць, да таго, як створыцца сям’я, усе кропкі над “і” правільна – гэта павышае культуру ўзаемаадносін у шлюбе, дысцыплінуе мужа і жонку, дапамагае захаваць добрыя стасункі, у тым ліку і пасля разводу. Жаданне заключыць шлюбны дагавор зусім не азначае ўзаемны недавер і з юрыдычнага боку ў яго больш станоўчых момантаў, чым негатыўных. Ніколі не бывае позна яго скасаваць – ён не абавязвае заўсёды прытрымлівацца нейкіх матэрыяльных каштоўнасцей, а дае ўпэўненасць: калі штосьці пойдзе не так, як планавалася, у сямейным жыцці (а гэта ж жыццё, і ў ім надараецца ўсялякае), ты засцеражэш сябе ад канфліктаў і іншых негатыўных момантаў.