Общество

МНС нагадвае: дзіцячае свавольства з агнём — прычына пажару!

Пажары, якія ўзнікаюць па прычыне дзіцячага свавольства з агнём — з’ява, на жаль, далёка не рэдкая. Фінал такіх пажараў можа быць вельмі трагічным. Амаль усе дзеці праяўляюць павышаную цікавасць да агню, не ўсведамляючы ў поўнай меры яго патэнцыйную небяспеку, іх нястрымна вабіць да гэтага цуду прыроды. Ва ўзросце ад трох да пяці гадоў дзеці ў сваіх гульнях часта паўтараюць дарослых, імітуючы іх дзеянні, працу. У гэтым узросце дзецям хочацца ўсё хутчэй даведацца і выпрабаваць на сабе. Імкненне да самастойнасці асабліва выяўляецца, калі дзеці застаюцца дома адны.

«Усе бацькі павінны імкнуцца да таго, каб іх дзеці ўсвядомілі, што запалкі — не цацка, а агонь — не забава. Бацькам неабходна навучыць дзяцей правільным дзеянням пры пажары. Пры выяўленні пажару або прыкметы гарэння дзіця любога ўзросту павінна неадкладна пакінуць памяшканне. Паведаміць пра пажар дарослым або ў пажарную службу па тэлефоне 101 або 112», — нагадаў работнік МНС Аляксей Сухадолец.

Бываюць выпадкі, калі дарослыя з прычыны розных абставінаў вымушаныя пакідаць дзяцей на нейкі час без нагляду. Гэта небяспечна, асабліва калі дзеці застаюцца ў зачыненых кватэрах або пакоях. У выпадку пажару яны не змогуць выйсці з небяспечнага памяшкання на вуліцу.

Што трэба рабіць, каб пазбегнуць пажару ад дзіцячага свавольства з агнём:

  • — расказвайце дзецям пра пажарабяспечныя паводзіны;
  • — будзьце прыкладам ва ўсіх сітуацыях, звязаных з захаваннем правіл пажарнай бяспекі;
  • — не пакідайце запалкі ў даступным для дзяцей месцы;
  • -не даручайце дзецям распальваць печы, газавыя пліты, самастойна ўключаць электрабытавыя прыборы;
  • — сыходзячы з дому, не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду дарослых;
  • — арганізуйце дзіцяці цікавы вольны час.

Вельмі важна, каб дзеці запомнілі гэтыя парады. Асабістым прыкладам вучыце дзяцей захаванню правілаў пажарнай бяспекі. Толькі вялікім клопатам аб нашых дзецях мы зможам папярэдзіць пажары ад дзіцячага свавольства з агнём, захаваць свой дом, маёмасць і самае дарагое — жыццё дзіцяці.