Сельское хозяйство

Па словах Ніны Кохан, толькі стараннай працай чалавек праслаўляе сябе

Аператар машыннага даення кароў Ніна КОХАН працуе на малочнатаварным комплексе “Даўбені” сельгасупраўлення “Бабровічы” другі год, тым не менш паказвае самыя высокія вынікі работы. Так, за мінулы год яна надаіла на адну карову 7577 кілаграмаў малака.

– Нарадзілася ў вёсцы Дзяляцічы, што ў Гродзенскай вобласці, – расказвае Ніна Міхайлаўна. – Ні ў якай іншай прафесіі сябе не ўяўляла. Таму і пайшла працаваць у свой родны калгас даяркай. Гэта быў 1986 год. Вы нават уявіць сабе не можаце, як я люблю сваю работу – усю душу ў яе ўкладаю. Іду на ферму з харошым настроем, бо там мяне чакаюць рагулі, а з работы – з пачуццём задавальнення, бо ўсё, што ад мяне залежыць, зрабіла. Да даручанай справы я заўсёды адносілася адказна, вынікі мела добрыя, пастаянна хадзіла ў перадавіках. 25 гадоў адрабіла ў калгасе “Маяк-Заполле”. Там у нас была ферма з прывязным утрыманнем кароў, на абслугоўванні знаходзіліся 50 кароў. Кожную рагульку ведала па мянушцы, размаўляла з імі – а яны ой як любяць ласкавае слова: і парыкаюць у адказ, і паліжуць.

Так склаліся жыццёвыя абставіны, што давялося змяніць месцажыхарства. Безумоўна ж, у “Бабровічах” зусім іншыя ўмовы працы: сучасны комплекс з найноўшым абсталяваннем, паўсюдна акуратненька, чысценька, мы стараемся падтрымліваць гэты парадак. Дойны статак намнога большы: у дзвюх з напарніцай абслугоўваем 500 кароў. Працуем пазменна, ёсць выхадныя. Кіраўніцтва гаспадаркі дало двухпакаёвую кватэру. У нас цудоўная загадчыца Раіса Іванаўна Навіцкая, добра ставіцца дырэктар Юрый Генрыхавіч. Дарэчы, вельмі ўдзячна яму, што ўзяў мяне на работу – у сваю чаргу, стараюся апраўдаць аказаны давер. Думала, што толькі годзік пабуду, а насамрэч затрымалася: мне тут падабаецца, калектыў дружны – усе стараюцца на агульны вынік.
Сама я ўжо на пенсіі, маю 4 дзяцей, 6 унукаў. Але з работай развітвацца не збіраюся – менавіта ў ёй, у гэтых штодзённых клопатах і турботах, якія прыносяць мне сапраўднае задавальненне, і бачу сэнс свайго жыцця.