Общество

Маёй душы тут па душы

2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Сям’я КАМАРОВЫХ прыехала ў Валожын больш за тры дзясяткі гадоў таму. Аляксандр Юр’евіч – расіянін з беларускімі каранямі, а вось Надзея Афанасьеўна родам з Яраслаўля. За гэты час Валожыншчына стала ім роднай: яны сцвярджаюць, што тут іх дом.

Аляксандр Юр’евіч Камароў нарадзіўся на Гомельшчыне ў вёсцы Лешчанец – на радзіме матулі. Бацька са Ржэва, але як прафесійны ваенны калясіў па ўсім свеце. У першы клас пайшоў у горадзе Калініне – цяпер гэта Твер, дзяцінства правёў на Каўказе, а школу заканчваў у Вентспілсе, што ў Латвіі. Армейскую службу праходзіў у Ліепаі, далей было Чарапавецкае ваеннае вучылішча. Ведае Берлін, Уладзівасток, Улан-Удэ, Далёкі Усход, Валагодскую вобласць.

У 1990 годзе па службе яго накіравалі ў нашу мясцовую воінскую часць.

– Мы з жонкай вельмі рады, што патрапілі ў Беларусь, – расказвае мой суразмоўца. – Калі вырашалася пытанне пераводу, запытаўся: ці далёка Валожын ад Гомеля (хацелася ж туды)? Палічылі-палічылі і прыйшлі да высновы – ну што там нейкіх 440 кіламетраў!? Па Манголіі едзеш 300 вёрст – пейзаж не мяняецца, арыентуешся толькі па сонцы. А ўвогуле, дзе б ты ні жыў, душу не абманеш – цягне на Радзіму…

Толькі прыехаў, спыніўся ў знаёмых – служылі разам. Убачыў ачышчальныя “азёры”, што за ваеннымі дамамі на Папоўцы, а гарачыня стаяла, і пытаюся: “А чаму ніхто не купаецца?..” Вось такім было першае ўражанне пра новае месца жыхарства.

Што застануцца тут назаўсёды, Камаровы зразумелі, як толькі ім выдаткавалі двухпакаёвую кватэру.

– Мы прыехалі і спачатку спыніліся ў інтэрнаце, – уключаецца ў размову Надзея Афанасьеўна. – Пасля засяліліся ў браніраваную кватэру, а калі атрымалі жыллё ад дзяржавы, вырашылі: шукаць лепшы варыянт не варта, бо ніколі не мелі, як кажуць, свайго кута. Напрыклад, як муж служыў у Манголіі, жылі ў бараках. Таму параўнаць было з чым. З-за пастаянных пераездаў дачка мяняла навучальныя ўстановы. А тут і школа побач, і паліклініка, і магазіны, фруктовы сад за домам – нас усё задавальняла.

– Беларусы заўсёды цэняцца сваім добразычлівым характарам, велікадушнасцю, гасціннасцю, – працягвае Аляксандр Юр’евіч. – Тут мірна пражываюць людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. А адносіны паміж людзьмі маюць вялікае значэнне. Я іду па Валожыне – са мной вітаюцца: як быццам усё жыццё знаёмыя. Гэта цешыць, радуе, супакойвае, бо ёсць куточак, дзе табе добра і хораша – як дома. Думаю, мяне разумее кожны: проста словамі пачуцці не перадасі. Прыемна, што не губляецца славянская нацыя. Многія словы, якія знаходзяцца ў рускім лексіконе, спрадвечна беларускія: напрыклад, кожны ваенны добра ведаў, што такое крокі і шыльда, аднак ніколі не задумваўся аб іх паходжанні. Дарэчы, пражыўшы ў Беларусі больш за 30 гадоў, мы таксама “набраліся” беларускай мовы і сталі, як кажуць, сябрукамі.

На маё пытанне: наколькі важна братэрства паміж народамі, гаспадар сямейства адказаў так:

– Само слова “братэрства” адказвае за яго сэнс: вельмі важна быць брацкімі народамі. Дружба народаў – самае галоўнае. Мы ж выраслі ў вялікай краіне, і ніхто ніколі не задумваўся, якой ён нацыянальнасці: жылі мірна і ў згодзе. Радуе, што і зараз стараемся адзін аднаго падтрымліваць. Калі прыехаў сюды ў 1990 годзе, была Беларуская акруга, і мне, прынёсшы аднойчы клятву Радзіме, давялося прысягаць на вернасць Рэспубліцы Беларусь. Я вельмі ўдзячны лёсу, што пераехаў сюды. І сёння магу з упэўненасцю сказаць: маёй душы тут па душы…

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА