Общество

Прадстаўляе сямейны тандэм Кербедзяў

Выстава “Цуды ад душы і сэрца”, дзе прадстаўлены работы Аляксандра і Іны Кербедзяў, праходзіць у Валожынскім краязнаўчым музеі.

Не верыцца, што гэты самавар выразаны з дрэва
Лялькі на шчасце маюць доўгую і тоўстую касу, якая з’яўляецца сімвалам жаночай сілы, азначае здароўе, дастатак і доўгае жыццё
Усе работы Іны Кербедзь зроблены з любоўю
Дамавічкі, што прыносяць здороўе

Дамавікі-ахоўнікі ўпрыгожаць любы інтэр’ер
Драўляны туфлік для прынцэсы

Аляксандра Антонавіча і Іну Леанідаўну – настаўнікаў працоўнага навучання гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 1 райцэнтра адпаведна – добра ведаюць на Валожыншчыне і за яе межамі. Яны неаднаразова станавіліся героямі публікацый на старонках раённай газеты. Гэтыя апантаныя творчасцю людзі не толькі самі вырабляюць прыгожыя рэчы, але стараюцца перадаць свае ўменні школьнікам. Яны шукаюць падыход да кожнага вучня, развіваюць іх здольнасці, натхняюць да асваення ўсё новых навыкаў. Вынік такой карпатлівай працы – неаднаразовыя перамогі іх выхаванцаў у абласных і рэспубліканскіх алімпіядах.

Кожная дэталь на пано ўражвае сваёй дасканаласцю

Аляксандр Антонавіч займаецца разьбой па дрэве. Яго шыкоўныя выставы не раз упрыгожвалі шматлікія раённыя святы. На многіх мужчына праводзіць майстар-класы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем у іх удзельнічаюць. Іна Леанідаўна – выдатная майстрыха, валодае рознымі тэхнікамі вырабу ўпрыгажэнняў, пашыву лялек. У доме Кербедзяў усё ад дэкору да мэблі зроблена рукамі гаспадароў.

Выстава ў музеі – вынік творчых знаходак сямейнага тандэму. Кожная работа, што тут прадстаўлена, з’яўляецца своеасаблівым самавыражэннем аўтара. Выразаныя з дрэва самавар, пано, чаравік, танк прыцягваюць позірк, прымушаюць на хвіліну спыніцца, каб палюбавацца іх непаўторнай прыгажосцю. Разнастайныя лялькі-абярэгі, скарбонкі-траўніцы, што валодаюць лячэбнымі ўласцівасцямі і з’яўляюцца абаронцамі ад злых духаў і хвароб, дамавічкі, святочная каза, каты “Неразлучнікі”, шкатулка ў тэхніцы “Кінусайга” і шмат іншага прадаставіла для экспазіцыі Іна Леанідаўна. Ва ўсе гэтыя ўнікальныя вырабы ўкладзены нейкія ідэя, сэнс, шмат любові і душэўная цеплыня майстра. Свет народнай лялькі загадкавы, ён валодае прыцягальнай сілай. Персанажы Іны Кербедзь прымушаюць яшчэ і яшчэ паглядзець на сябе, а некага і ўласнымі рукамі стварыць нешта падобнае.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара