Без рубрики Общество

Робяць жыццё валожынцаў камфортным

Свята стала нагодай яшчэ раз расказаць пра людзей, якія працуюць у гэтай сферы

Ала ЧЭРНЯ больш за 35 гадоў працуе ў камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Для яе прафесія швачкі – не проста абавязак, а любімая справа, якая прыносіць задавальненне. З-пад працавітых рук жанчыны выходзяць цёплыя коўдры, лёгкія падушкі, наматрацнікі, прыгожая пасцельная бялізна, спецадзенне і інш. Яна лёгка справіцца з любым індывідуальным заказам. За гады сваёй дзейнасці Ала Зянонаўна атрымала шмат грамат і падзяк рознага ўзроўню, не аднойчы станавілася гераіняй публікацый у раённай газеце. У мінулым перыядзе швачка, як і звычайна, паказала выдатныя вынікі.

У 2008 годзе Дзмітрый РУДОВІЧ уладкаваўся на працу ў Валожынскі жылкамунгас. Ён адвучыўся на машыніста аўтакрана, і калі арганізацыя набыла адпаведную новую машыну, мужчына з радасцю стаў кіраваць ёй.

Тым больш, што такая мара з’явілася ў яго яшчэ ў дзяцінстве, калі сусед па дачы прыязджаў туды на пад’ёмным кране на базе ЗІЛа. Ён не толькі дазваляў хлопчыку пасядзець у кабіне, але і вучыў кіраваць магутнай тэхнікай.

На сённяшні дзень Дзмітрый Яўгенавіч у сваёй справе майстар найвышэйшага ўзроўню, мае 7-ы разрад машыніста аўтакрана. Ён добра ведае і віртуозна валодае падуладнай яму тэхнікай. Практычна ўсе дамы, што былі пабудаваны ў Валожыне за апошнія 15 гадоў, узводзіліся з дапамогай нашага героя. Не абыходзяцца без яго і пры выкананні капрамонтаў, тэрміновых аварыйна-аднаўленчых работ, спілоўванні аварыйных дрэў і інш. Калі дзесьці выйшла з ладу свідравіна і трэба падаваць ваду, то мужчына ў любы час дня і ночы, нават у выхадны дзень кідае ўсе свае справы і спяшаецца на працу.

У зімовы час Дзмітрый Рудовіч перасаджваецца на МАЗа: чысціць снег, пасыпае дарогу сумессю пяска і солі і марыць аб любімай рабоце на кране.

Практычна ўвесь час побач з ім чатырохногі сябар – англійскі кокер-спаніэль Лары, якога сям’я набыла тры гады назад. Сабака апантаны машынамі, а таму заўсёды суправаджае гаспадара. У транспарце ён добра ведае сваё месца, паводзіць сябе акуратна, не перашкаджае кіраваць, а ўважліва назірае за дарогай. У такой суполцы працаваць весялей.

Анастасія КУЗЬМІНЫХ больш за 11 гадоў працуе бармэнам у рэстаране гасцінічнага комплексу “Карона”, што размясціўся ў цэнтры Валожына.

Дзяўчына, якая нарадзілася і вырасла ў г. п. Радашковічы, 15 гадоў таму прыехала ў раён па размеркаванні пасля заканчэння Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Ціхі, утульны гарадок спадабаўся Анастасіі Уладзіміраўне з першага погляду, а таму вырашыла звязаць з ім свой далейшы лёс.

Прыгожая маладая жанчына ў стыльным адзенні гаворыць, што работа достаўляе сапраўднае задавальненне і больш за ўсё падабаецца яе дынамічнасць і непасрэдныя зносіны са шматлікімі людзьмі. Асабліва любіць, калі ў рэстаране спраўляюць вялікія мерапрыемствы: вяселлі, юбілеі. Тады тут многа народу, руху, музыкі, што зараджае энергіяй, пачуццём свята не толькі гасцей, але і ўвесь калектыў, які Анастасія Уладзіміраўна па праве лічыць сваёй другой сям’ёй.

Калектыў пральні ў складзе Таццяны САКАЛОЎСКАЙ, Алены САЕВІЧ, Святланы ЗАЙЦАВАЙ, Алёны КАЛУГІНАЙ і Дар’і ЖУРКЕВІЧ унёс найбольшы ўклад у аб’ём паслуг, што ў мінулым перыядзе аказаў камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва. У 2022 годзе яны супрацоўнічалі з 25 арганізацыямі. Праз рукі жанчын прайшлі 127,9 тоны бялізны, выручка ад іх такой нялёгкай працы склала амаль 202 тысячы рублёў.

На працягу больш як шасці гадоў машыніст аўтагрэйдара ўчастка аўтатранспарту жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна Сяргей БАНДАРЫК рэгулярна, згодна з графікам вытворчасці работ, выязджае на прафіляванне, грэйдзіраванне, падсыпку грунтавых дарог. А зімой расчышчае іх ад снегу.

Падчас завей наогул няма часу думаць пра адпачынак. Парой прыходзіцца працаваць з 4 гадзін раніцы да позняга вечара. Дзейнасць грэйдарыста, на першы погляд, можа падацца простай і манатоннай. На самай справе, як кажа Сяргей Сцяпанавіч, яна вельмі розная і часам патрабуе ювелірнай дакладнасці. Акрамя дасканалага ведання тэхнікі і цвёрдых навыкаў, патрабуюцца ўважлівасць, акуратнасць, вытрымка, адказнасць. Не кажучы ўжо пра ўменні “адчуваць” абочыну і своечасова ўбачыць пад снегам небяспеку. Паршакласны спецыяліст работу заўсёды выконвае якасна і ў тэрмін, уважліва адносіцца да тэхнікі, якую пастаянна трымае ў стане гатоўнасці.

Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва выказвае падзяку ўсім сваім калегам за самаадданую, добрасумленную працу і віншуе з прафесійным святам.

Анжэла РАДЫНА
Фота аўтара і Сяргея БОБРЫКА