Общество

Аляксандр Шакун: прафесію выбраў на ўсё жыццё

Старшы прапаршчык унутранай службы запасу Аляксандр ШАКУН у 1996 годзе паступіў працаваць вадзіцелем у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і
да выхаду на пенсію ні разу не пашкадаваў пра свой выбар.

Аляксандр Уладзіміравіч ніколі не думаў, што звяжа лёс з прафесіяй выратавальніка. У пачатковай школе, як і ўсе хлапчукі, марыў стаць лётчыкам ці касманаўтам. Аднак жыццё больш рэалістычнае: пасля заканчэння школы была вучоба ў вучылішчы, служба ў войску. Калі вярнуўся дадому, знаёмы, які на той час ужо працаваў вадзіцелем на пасту ў Ракаве, прапанаваў уладкавацца працаваць да іх. Малады чалавек паспрабаваў… і ўсё атрымалася!

За час службы адбылося шмат розных надзвычайных сітуацый. Кожны пажар – бяда для людзей. Заўсёды, прыязджаючы на месца выкліку, думаецца: галоўнае, каб ніхто не пацярпеў. Больш за 15 гадоў мужчына прапрацаваў вадзіцелем у Ракаве. Ён упэўнены, што гэта быў сапраўды вялікі і складаны раён выезду. Рэдка здаралася, што за дзяжурныя суткі падраздзяленне нікуды не выязджала.

Бывалі выпадкі, калі патрабавалася адкінуць усе пачуцці, эмоцыі, праявіць стрыманасць. Назаўсёды запомніўся выезд на дарожна-транспартнае здарэнне. Па паведамленні ў машыне быў заціснуты чалавек. Абсталявання ў той час, акрамя бензарэза, ніякага не было. Спрабавалі пілаваць акуратна, каб не прычыніць моцнага болю пацярпеламу. А тут фельчар як закрычыць: “Што вы цырымоніцеся, не глядзіце на яго, рабіце сваю справу! Адкрыецца ўнутраны крывацёк – памрэ!”

25 гадоў службы праляцелі імгненна, як гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч, “не паспеў і вокам міргнуць”. Увесь час удасканальваліся тэхніка і абсталяванне. Як толькі ён прыйшоў на службу, у баявым разліку быў “131-ы” ЗІЛ, а цяпер – сучасны МАЗ з механізаваным інструментам. Значна палепшыліся бытавыя ўмовы.

За прафесіяналізм і адданасць сваёй справе Аляксандр Шакун неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і атрымліваў падзякі, быў занесены на Дошку гонару Валожынскага раёна як лепшы работнік органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. У скарбонцы яго дасягненняў – медаль “За бездакорную службу” III ступені, нагрудны знак “Выдатнік”.