Общество

Калі мінулае ўвасабляюць лялькі

Цудоўная выстава “Лялькі савецкай эпохі” пачала працаваць у Валожынскім краязнаўчым музеі.

Аўтар экспазіцыі – добра ўжо вядомая ў нашым раёне маладзечанка Святлана Кузьмічова, якая сапраўды дала новае жыццё цацкам, што былі выпушчаны ў часы СССР. Частка лялек прадстаўлена ў аддзенні, у якім некалі папала ў магазіны з завадскіх канвеераў, а для большасці – аўтар майстравала новыя ўборы.

Выстава складаецца з васьмі блокаў, якія прысвечаны розным тэмам. Адзін з іх расказвае пра падзеі ваенных гадоў. Тут мы бачым ляльку ў вобразе сястры міласэрнасці часоў Вялікай Айчыннай вайны. Адзін пупс прадстаўляе Мальчыша-Кібальчыша ў будзёнаўцы, бушлаце і з шашкай у руцэ, які імчыць на кані. У другім можна разгледзець Васілія Цёркіна – героя паэмы Аляксандра Твардоўскага. Нельга не зачапіцца поглядам за дэсантніка ў блакітным берэце і іншых герояў.

Наступны блок прысвечаны школе. Прыбраныя ў савецкую школьную форму хлопчык і дзяўчынка ў белым фартуху сядзяць за партай, яшчэ адна вучаніца стаіць каля дошкі побач з настаўніцай. Цікава выглядаюць гімназіст 40-50-х гадоў з ранцам на плячы, піянерважатая і інш.

Шмат увагі аўтар выставы надала розным дзіцячым гульням, ім адведзены цэлыя тры блокі. Азін з іх расказвае, як дзеці бавілі вольны час на двары, якія гульні ладзілі ў цёплыя дзянькі, другі – непасрэдна пра заняткі ў пясочніцы, трэці – адлюстроўвае зімовыя забавы. Менавіта тут знаходзіцца самая высокая (77 см) лялька Наталля ў бэзавай сукенцы. Уборы лялек выклікаюць асаблівую цікавасць, бо менавіта так у савецкі час бацькі адзявалі сваіх маленькіх дзетак.

Адзін з блокаў распавядае пра прафесіі СССР. Сярод экспанатаў можна ўбачыць маляршу, прадаўца, швачку, сцюардэсу, у ролі якой выступае лялька Жанна, пупсаў у адзенні матросаў. У 50-60-х гадах такія матроскі і берэты з лентамі карысталіся папулярнасцю ў юнага пакалення.

Прадстаўлены на выставе і блок, прысвечаны вясельным строям. Менавіта лялек у такіх сукенках садзілі некалі на машыны нявест, калі маладажоны ехалі ў ЗАГС. Тут жа размясціліся пупсы-немаўляты, сярод якіх вылучаецца цёмнаскуры хлопчык.

Героям любімых казак дзятвы прысвечаны асобны блок, дзе можна ўбачыць Бураціна, Мальвіну, Чырвоную Шапачку, Папялушку, Нязнайку і інш.

Безумоўную цікавасць выклікае блок “Дружба народаў”, дзе лялькі ўбраны ў нацыянальныя строі рэспублік, што ўваходзілі ў склад СССР. Тут кідаюцца ў вочы жаночы і мужчынскі беларускія народныя касцюмы. Асобна можна выдзеліць цыгана на белым кані Сняжку і цыганку Эсміральду.
Непаўторныя перажыванні выклікае падборка паштовак савецкіх часоў з выявамі лялек, якая дае яшчэ адну падставу ўспомніць не такое ўжо і далёкае мінулае.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара