Официально

Кожны закон разглядаецца з карысцю для людзей

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алег СЕМЯНЧУК правёў “Прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян у райвыканкаме.

На “Прамую лінію” ад валожынцаў тэлефанаванняў не паступіла, а вось вырашыць набалелае прыйшлі чатыры чалавекі. Большасць ужо не аднойчы звярталіся ў розныя інстанцыі, пабывалі не на адным прыёме ў высокіх чыноўнікаў, аднак адказамі так і не задаволены.

У прыватнасці, два звароты тычыліся зямельных пытанняў. Пенсіянерка з вёскі ніяк не можа падзяліць мяжу з суседкай, з якой пражывае побач дзесяцігоддзямі. А вось мужчына, маючы маёмасць на супрацьлеглых участках, раздзеленых вуліцай, жадае аб’яднаць іх у адзін надзел, хаця па гэтай дарозе ходзяць суседзі.

На хвалюючае пытанне ў пенсіянеркі назбіраўся цэлы стос адказаў з кампетэнтных крыніц, але кропка так і не пастаўлена

Пажылая гаспадыня дзвюх кароў прасіла дэпутата пасадзейнічаць у выдзяленні пашы для жывёлы бліжэй да дому.

Як адзначыў пасля прыёму Алег Семянчук, ёсць такія пытанні, якія насамрэч неабходна вырашаць, – у інтарэсах чалавека і ў інтарэсах дзяржавы.

– Што тычыцца той жа пашы, людзі здаўна звыклыя да такога ладу жыцця: на жаль, ужо мала хто трымае тых жа кароў, таму трэба ісці насустрач. І гэтым павінна займацца мясцовая ўлада. Работа дэпутата больш накіравана на заканадаўчую дзейнасць, – падкрэсліў Алег Аляксеевіч. – А ёсць пытанні, па якіх людзі звяртаюцца ў каторы раз, прайшоўшы не адно ведамства, бо не згодны з прынятымі рашэннямі. Усё павінна быць па законе: а калі ёсць такія законы, што не працуюць на практыцы, прапаную звяртацца, каб мы маглі ўнесці ў іх змяненні. Бо кожны закон павінен працаваць для людзей і для дзяржавы.

Па словах дэпутата, па яго ініцыятыве ў адзін з указаў Прэзідэнта ўжо ўнесены змены. Гэта тычыцца пытання па выдзяленні субсідый для пагашэння крэдытаў на будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў.

Здарылася так, што спецыяліст аднаго з райвыканкамаў дапусціў памылку, і сям’я атрымала субсідыі на 48 тысяч рублёў менш. Праз некаторы час у райвыканкаме гэту памылку заўважылі: унеслі змены ў рашэнне райвыканкама, накіравалі дакументы ў Беларусбанк, а там адмовілі, патлумачыўшы, што не маюць права ўносіць змены ў дагавор аб крэдытаванні і субсідзіраванні. Мы звярнуліся ў Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, якое распрацоўвала гэты ўказ: там патлумачылі, што банк мае такое права, аднак банк усё роўна адмовіўся. Давялося ізноў звяртацца ў міністэрства і сумесна ўносіць змены ў адпаведны ўказ. І толькі тады Беларусбанк пералічыў патрэбную суму, – расказаў Алег Семянчук. – Калі пісалі ўказ, ніхто не думаў, што можа здарыцца такая сітуацыя.

Ці яшчэ адзін выпадак. Чалавек звярнуўся за кампенсацыяй, якая выплачваецца пры пераводзе з пячнога ацяплення на электрычнае. Яму патлумачылі, што, згодна з указам, на такія выплаты маюць права толькі тыя, хто пражывае ў блакіраванным доме, а ён пражывае ў неблакіраванным доме. Каб зразумець больш дэталёва, патлумачу: блакіраваным лічыцца, напрыклад, двухпавярховы чатырохкватэрны дом з выхадам на вуліцу з кожнай кватэры, а ў такім жа, толькі неблакіраваным, ёсць для выхаду адзін пад’езд. Пагадзіцеся, што ў блакіраваным доме ўмовы пражывання лепшыя. І вось яго жыхары маюць права на кампенсацыю, а ў неблакіраваным – не. Звярнуліся ў Міністэрства энергетыкі, абгрунтавалі, што ўказ быў прапрацаваны недэталёва, таму неабходна ўнесці змены. Да довадаў прыслухаліся, і змены ўжо рыхтуюцца.

Кожны закон, над якім працуюць дэпутаты падчас сесій парламента, разглядаецца з карысцю для людзей. Хтосьці можа сказаць, што новыя законы ўзмоцнілі адказнасць за некаторыя парушэнні дысцыпліны. Так, але яны тычацца толькі тых, хто здзяйсняе правапарушэнні, і былі прыняты для таго, каб ведалі, што давядзецца адказваць, і каб захаваць мір і супакой на нашай зямлі.
Зараз мы працуем над законам аб сацыяльнай падтрымцы людзей – каб на дзяржаўным узроўні забяспечыць падтрымку той катэгорыі насельніцтва, якая ў гэтым насамрэч мае патрэбу, каб дайсці да кожнага і палепшыць сітуацыю і ў гэтай галіне.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара