
Мацвей КАПУСТА: «Злачынства, як рашэнне складанай задачы»
16 сакавіка – дзень супрацоўнікаў па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю
Па выніках службовай дзейнасці за 2022 год старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Валожынскага РАУС Мацвей КАПУСТА названы “Лепшым па прафесіі” сярод супрацоўнікаў Мінскай вобласці. Да Дня міліцыі адзначаны нагрудным знакам “За выдатную службу ў транспартных войсках” II ступені, а да свайго прафесійнага свята – Падзякай намесніка міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – начальніка крымінальнай міліцыі.
– Мацвей Алегавіч, падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі ад прызнання Вашай прафесіянальнай дзейнасці.
-Па-першае, нечакана, а па-другое – прыемна. Да ўзнагарод не імкнуўся – проста добрасумленна выконваў свае абавязкі.
– З чаго складаюцца крытэрыі адзнакі работы?
– Вынік залежыць ад колькасці выяўленых злачынстваў, ад катэгорыі і іх цяжкасці. Летась на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 11 злачынстваў па лініі эканамічнай злачыннасці, 4 з якіх адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, 2 – карупцыйныя: пачынаючы ад службовага падлогу да раскрадання шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Службовы падлог – гэта самае простае злачынства, калі ў афіцыйны дакумент людзі ўносяць недакладныя звесткі, каб штосьці скрыць. Напрыклад, на сельгаспрадпрыемстве адбыўся вялікі падзеж жывёлы, аднак, каб не выносіць, як кажуць, смецце з хаты, у справаздачы пазначаюцца лічбы ў некалькі разоў меншыя. У мінулым годзе ў нас былі ўзбуджаны 2 такія крымінальныя справы па артыкуле 427 Крымінальнага кодэкса.
Што тычыцца катэгорыі злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, у апошні час пачасціліся выпадкі, калі бухгалтары, у якіх ёсць доступ да электроннага кліент-банка, пераводзяць сабе большыя сумы грошай, чым налічаны: да прыкладу, зарплата ў сярэднім складае 1500 рублёў, а ў выніку на картачцы з’яўляецца сума ў два разы большая. І так працягваецца з месяца ў месяц. Апошні раз на адным з прадпрыемстваў выявілі суму ў 34 тысячы 700 рублёў, а перад гэтым былі 153 тысячы, 65 тысяч – а калі правялі рэвізію, то дайшло да 100 тысяч, чацвёрты выпадак склаў 60 тысяч рублёў. У гэтым кірунку пачалі больш мэтанакіравана працаваць і ўсё аналізаваць – адсюль з’явіліся і вынікі. Увогуле, супрацоўнікі групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю ў асноўным выбудоўваюць сваю работу на аператыўна-пошукавай дзейнасці.
Да нашай службы адносяцца і адміністрацыйныя правапарушэнні: у сферы незаконнага абароту лому металаў, кантрафактнай алкагольнай прадукцыі і спірту, незаконнага абароту валюты. У мінулым годзе выяўлены 5 фактаў парушэння адміністрацыйнага заканадаўства.
– Ведаю, што Вы скончылі Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў? Як прыйшлі ў гэту прафесію?
– З дзяцінства марыў служыць у сілавых структурах – падабалася ўсё аналізаваць, а ў праваахоўных органах ёсць магчымасць рэалізацыі такіх здольнасцей. Праўда, хацеў быць экспертам-крыміналістам, а выбраў эканамічнае права. Пачаў вучыцца – стала цікава: калі на першым курсе вучаць усіх разам асновам юрыспрудэнцыі, то з другога пачынаюць расказваць,
як выяўляць злачынствы, злоўжыванні, крадзяжы, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, хабарніцтва, махлярства і іншыя правапарушэнні. Мне больш падабаецца працаваць з лічбамі. Уявіце: у вас ёсць вялікі аб’ём даных, па якіх неабходна знайсці злачынцу. Сядзіш над імі дзень, другі, аналізуеш, зводзіш і тут неяк раптоўна знаходзіш адказ. Эмоцыі нават перадаць нельга – адчуваеш, што, нарэшце, знайшоў рашэнне вельмі складанай задачы.
– Юнацкія ўяўленні і рэаліі службы: наколькі яны падобныя ці розныя?
– Напачатку было вельмі складана. Калі праходзіў курс маладога байца, здалося, што патрапіў у нейкі кашмар: падымацца ў 6 гадзін раніцы, на зарадку, на абед, на заняткі – строем, а ўсё не паспяваеш… Паступова прывыкаеш, а далей нічога гэтага ўжо і не заўважаеш.
– Што самае галоўнае ў Вашай рабоце?
– У нашай службе важна мысліць шырока. Неабходна разбірацца ў многіх працэсах жыццядзейнасці, ведаць тонкасці многіх прафесій. Дзесьці сам вучышся, дзесьці навіны паслухаеш і возьмеш перадавы вопыт калег, дзесьці спецыяльную літаратуру пачытаеш, навуковы артыкул. Усе гэтыя тэарэтычныя пазнанні пасля можна прымяніць на практыцы.
– Разумею, што вопыт і жыццёвая мудрасць прыходзяць з гадамі, аднак на сваёй пасадзе Вы шосты год. Адкуль такія глыбокія веды?
– Усё залежыць не ад удачы, у прыватнасці, аператыўнай, а ў большай ступені ад таго, як арганізоўваецца гэта работа.
– Калі параўноўваць з іншымі раёнамі, якія віды злачынстваў больш характэрныя для нашага?
– Напрыклад, як з той жа бухгалтэрыяй, у нас ужо выяўлены 4 такія выпадкі – гэта многа для такога невялікага рэгіёну. Бо ў некаторых зарэгістраваны 1 выпадак, а ёсць і ўвогуле, дзе такіх злачынстваў няма, хаця прайшлі праверкі ўсіх бухгалтэрый.
– Як лічыце: гэта залежыць ад чалавечага фактара?
– Думаю, так. Бо, людзі, з якімі мы працуем, не п’яніцы, разгільдзяі ці хуліганы. Усе граматныя, адукаваныя, паважаныя – ніколі не падумаеш, што кіраўнік нейкага прадпрыемства можа сабе дазволіць браць хабар. А атрымліваецца – можа. Бываюць выпадкі, калі людзей на такое падштурхоўваюць складаныя жыццёвыя сітуацыі, тым больш, магчымасці такія ёсць, і яны лічаць, што застануцца беспакаранымі.
– Размаўляючы і прыводзячы факты, ці бачыце, што чалавек памыліўся і шчыра ў гэтым раскайваецца?
– Ёсць тыя, хто адзін раз па неразуменні здзейсніў штосьці супрацьпраўнае і больш ніколі не бярэцца за старое, а некаторыя, бы наркаманы, падсаджваюцца на эканамічную іголку. Калі гаварыць пра перавышэнне службовых абавязкаў, то неабавязкова, што чалавек штосьці для сябе займеў. Быў выпадак, калі ў сельгаспрадпрыемстве пракіслі 2 тоны малака. Кіраўнік прымусіў загадчыцу фермы выпісаць яго на сябе і выплачваць з зарплаты. Яна нікуды не заяўляла. Пры вывучэнні бухгалтарскіх дакументаў заўважылі, што чалавек набыў так многа малака. Вось так клубок і пачаў раскручвацца.
– Для Вас самае асноўнае – літара закону?
– Па-чалавечы, мне кожнага шкада: разумею, пасля такіх выпадкаў ламаецца лёс. Бывае, што перад табой сядзіць быццам і прыстойны чалавек, але ён нешта ўкраў: тлумачыць, просіцца, слязамі заліваецца. Аднак перад законам усе роўныя, бо на супрацьпраўныя дзеянні людзі ідуць усвядомлена і павінны адказваць аднолькава – незалежна ад сацыяльнага становішча.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ