Происшествия

Жыхарку Валожыну падманулі прадаўцы каструль і павесілі на яе крэдыт

Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Валожына і расказала гісторыю пра тое, як за грошы, якія на самай справе не магла сабе дазволіць затраціць, набыла набор каструль. І не проста набыла, а “павесіла” на сябе абавязкі па крэдыту.

Падобныя выпадкі – нярэдкасць. Самае крыўднае, што з пункту гледжання закона такіх дзеячаў да адказнасці прыцягваць няма за што – сілком на прэзентацыі нікога не цягнуць, праўда, па вушах недасведчаным людзям ездзяць добра, заманьваючы “бясплатным” падарункам ці пачастункам. У выніку подпіс у дагаворы на крэдыт ці растэрміноўку пакупнік ставіць самастойна.

Шмат “цудаў” адбываецца і пры так званым дыстанцыйным гандлі. Людзі, што імкнуцца набываць тавары праз Інтэрнэт, раз-пораз сутыкаюцца з крыўднымі момантамі: то перадаплату возьмуць, а тавар не вышлюць, то даставяць няякасную рэч, то прыбудзе нешта нават і блізка не падобнае на тое, што заказвалі. Даволі часта фіксуюцца выпадкі, калі пад выглядам новага прадаюць ужо былыя ва ўжыванні мабільныя тэлефоны пасля рамонту.

Раім кожнаму, хто рызыкуе наведвацца на розныя прэзентацыі і зусім не мае сілы волі, каб супрацьстаяць неадчэпным прадаўцам ці, асвойваючы Інтэрнэт-прастору, паддаецца на прыманкі ў сацыяльных сетках: перш, чым развітвацца з уласнымі фінансамі, атрымайце інфармацыю адносна прадаўца (адрас, кантакты, УНН); у выпадку падпісання нейкага дагавора ўважліва прачытайце дакумент, пры афармленні тавара ў крэдыт звяртайце ўвагу на тое, з якім банкам маеце зносіны, асабліва асцерагайцеся мікрафінансавых арганізацый – не забывайце, што давядзецца выплаціць не толькі кошт тавару, але і працэнты па крэдыце.

Што тычыцца вяртання тавару, то, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 года № 90-3 “Аб абароне правоў спажыўцоў”, пакупнік на працягу 14 дзён можа вярнуць пакупку, нават калі яна якасная, пры ўмове, што таварам ён не карыстаўся. Вярнуць можна і рэч, якую ўжывалі, але яна на працягу гарантыйнага тэрміна сапсавалася.

Паважыныя грамадзяне, калі вы трапілі ў падобную сітуацыю, звяртайцеся ў аддзел эканомікі, дзе вам абавязкова дапамогуць вызначыцца з дакладным алгарытмам дзеянняў. Тым, хто адчаяўся дамовіцца з недабрасумленным прадаўцоў мірным шляхам, не трэба забываць пра тое, што дабіцца справядлівасці можна праз суд. Дарэчы, у падобных выпадках няма неабходнасці аплачваць судовыя падаткі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ