Общество

Жыхарка раёна Вікторыя ШАШКО расказала: адкуль пайшла назва чыгуначнай станцыі “Валожын”

Я – жыхарка вёскі Лаўскі Брод і, напэўна, самая старэйшая падпісчыца раёнкі. Выпісваю яе з 1957 года і ўважліва чытаю. У пераднавагоднім нумары газеты быў надрукаваны нарыс пра чыгунку. Можа каму цікава ведаць, адкуль пайшла назва станцыі “Валожын”.

Былі ўзведзены тры аднолькавыя станцыі ў нашай мясцовасці: “Палачаны”, “Лістапады”, “Багданава”. У час вайны 1914 года фронт праходзіў праз нашу вёску. Немцы стаялі ў Ластаянцах, рускія – у нас. Фронт цягнуўся далей на Крэва. Станцыя “Лістапады” была ў кіламетры ад фронту. Немцы яе разбамбілі. Пасля пачалася рэвалюцыя, іншыя войны. Уладам было не да станцыі. Валожынскія купцы (у асноўным яўрэі) пабудавалі на свае сродкі невялічкую станцыю каля вёскі Гародзькі. Сюды ім было зручней вазіць тавары. А каб помнілі, что будавалі валожынцы, назвалі станцыю “Валожын”. Вакзальчык быў маленькі.

Пасля апошняй вайны станцыя стала разрастацца і набыла цяперашні выгляд. А ў Лістападах зараз толькі прыпыначны пункт. Застаўся адзін дом. Раней яго называлі “казармы”, а цяпер “белы дом”. Жылі тут сем’і рабочых. Яшчэ і зараз жыве сям’я. Усё гэта я чула ад людзей, якія працавалі на чыгунцы. Іосіф Бараноўскі быў машыністам паравоза. Сымон Чаховіч абслугоўваў масты, іх у нашай мясцовасці чатыры. Памерлі яны ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Звесткі пра станцыю “Лістапады” ёсць у архіве. Але ўжо цяперашнія людзі не ведаюць пра гэта.

Вікторыя ШАШКО,
жыхарка вёскі Лаўскі Брод