Официально

Алгарытм вызначаны: як будуць харчавацца работнікі ўстаноў адукацыі

Прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2023 года № 356 “Аб парадку арганізацыі харчавання педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дакументам вызначаецца парадак арганізацыі харчавання педагагічных і іншых работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, агульнай сярэдняй (акрамя вучылішчаў алімпійскага рэзерву), спецыяльных дзіцячых садоў, спецыяльных школ, спецыяльных школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых і спецыяльных лячэбна-выхаваўчых устаноў, што фінансуюцца з рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў.

Акрамя таго, у пастанове агаворваюцца планаванне расходаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў на гэтыя мэты, памер і парадак спагнання платы за харчаванне работнікаў устаноў адукацыі.

Работнікам устаноў адукацыі прадастаўляецца аднаразовае харчаванне па іх жаданні за плату.

Для арганізацыі харчавання работнікаў устаноў адукацыі выкарыстоўваецца абслугоўванне ў форме папярэдняга заказу ў адпаведнасці з прыкладнымі двухтыднёвымі рацыёнамі харчавання, якія распрацоўваюцца для харчавання навучэнцаў старэйшай узроставай групы адпаведнага тыпу і віду ўстановы адукацыі.

Плата работнікаў устаноў адукацыі за харчаванне ўстанаўліваецца ў памеры 100 працэнтаў ад дзеючых грашовых норм расходаў на харчаванне ў дзень на аднаго навучэнца старэйшай узроставай групы адпаведнага тыпу і віду ўстановы адукацыі з улікам павышаючага каэфіцыента ў выпадку, калі яго прымяненне прадугледжана заканадаўствам у сферы арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі.

Пры разліку платы за харчаванне не ўлічваюцца дні, калі работнікі ўстаноў адукацыі не атрымлівалі харчаванне.

Плата за фактычна прадастаўленае харчаванне ажыццяўляецца работнікамі ўстаноў адукацыі штомесяц не пазней 25 чысла бягучага месяца на бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі па ўліку бюджэтных і іншых дзяржаўных сродкаў арганізацый, якія вызначаюцца заснавальнікамі ўстаноў адукацыі і (або) абласнымі (Мінскім гарадскім) выканаўчымі камітэтамі ў адпаведнасці з бюджэтным заканадаўствам.

Па пісьмовай заяве работніка ўстановы адукацыі плата за харчаванне ўтрымліваецца наймальнікам з заработнай платы работніка.

Па інфармацыі nastgaz.by