Год мира и созидания Сельское хозяйство

Ала Караткова: люблю работу – я з ёй не расстануся

“Старасць мяне дома не застане!” – усміхаючыся, кажа жывёлавод фермы Дубіна Юрздыцкая сельгаспрадпрыемства “Агра-Дубінское” Ала КАРАТКОВА. Па выніках работы за мінулы год Ала Францаўна занесена на раённую Дошку гонару як адзін з лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі. У гэтым месяцы яна адсвяткуе прыгожы юбілей і такое прызнанне стане выдатным падарункам да асабістага свята.

– Многія мне кажуць: пенсіянерка, можна ўжо і адпачыць, – расказвае перадавая цялятніца.– Люблю работу – я з ёй не расстануся, хаця ніколі не думала, што на пенсіі буду працаваць у гаспадарцы, ды яшчэ на ферме. Дагэтуль шмат гадоў рабіла паштальёнам, сацыяльным работнікам, поварам у сталовай. А цяпер так задаволена! Жыву ў Цябутах. Штодзень спецыяльная машына возіць за 18 кіламетраў – там мяне з самага ранку чакаюць маленькія “выхаванцы”. Вось нядаўна 40 цялят аддала далей на вырошчванне, 60 засталося. А ўсяго на абслугоўванні знаходзіцца пад 130 галоў. Сярэднясутачныя прывагі на дарошчванні склалі летась 723 грамы. Справа вельмі адказная: за імі трэба глядзець і працаваць з усёй аддачай.

Што жывёла любіць догляд – гэта зразумела кожнаму, хто звязаны з жывёлагадоўляй. Але такой дагледжанасці, чысціні і парадку можна пазайздросціць і павучыцца: усе клетачкі пабеленыя, цяляткі чысценькія, падасланыя – ляжаць, бы ў пярыне, і нават у праходзе пасыпана вапнай – бы снегам хто пацерушыў. Адразу бачна: хто душу ў работу ўкладае – той і вынікі мае!