Общество Сельское хозяйство

Вынікі перасягнулі ўсе чаканні

Залаты медаль на міжнароднай выставе “Прадэкспа-2023” у Маскве атрымала мясная кансерва, якая выпускаецца ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю “Тэраміт-Агра”, што ў аграгарадку Бабровічы.

Юбілейная, 30-я выстава праходзіла з 6 па 10 лютага ў “Экспацэнтры”, што на Краснай
Прэсне. Нягледзячы на санкцыйны ціск, сёлета ў ёй прымалі ўдзел больш за 2000 кампаній з 35 краін, у тым ліку з Бразіліі, Ірана, Непала, Перу, Партугаліі, Сербіі, Турцыі, Францыі, Швейцарыі і Шры-Ланкі. Беларусь арганізавала нацыянальную экспазіцыю, дзе праводзілася дэгустацыя прадуктаў айчынных прадпрыемстваў.

Выстава “Прадэкспа” праводзіцца пры садзейнічанні Міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі і кіраўніцтва Масквы пад патранатам Гандлёва-прамысловай палаты. Яна ўваходзіць у дзясятку буйнейшых у Расіі і Усходняй Еўропе, з’яўляецца адной з самых маштабных і аўтарытэтных падзей у сферы харчавання, напіткаў, тэхналогій і рашэнняў і вызначае вектар развіцця расійскай харчовай індустрыі. Яна не толькі адкрывае для спажыўцоў якасныя прадукты харчавання, але і садзейнічае прасоўванню, росту і развіццю харчовага рынку.

Як адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара ТАА “Тэраміт-Агра” Уладзімір Круглік, валожынскія вытворцы прадставілі на расійскую выставу тры пазіцыі мясных кансерваў: свініну, ялавічыну і навінку – тушонку з курыцы. Перамогу ў конкурсе “Інавацыйны прадукт” атрымала “Ялавічына тушаная ў сваім саку” ў намінацыі “Інавацыя ў тэхналогіі”.

Вынікі выставы “Прадэкспа-2023”
• 2032 кампаніі з 35 краін свету
• 30 тэматычных салонаў
• 67753 унікальныя наведвальнікі з 106 краін
• 98342 квадратныя метры – агульная плошча выставы

– Пра тое, што атрымаем залаты медаль, – нават і не марылі. Хаця нашы мясныя кансервы насамрэч смачныя і якасныя – рыхтуюцца строга па дзяржаўным стандарце, які пацвярджае, што прадукцыя прайшла праверку і адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі. Напрыклад, у той жа тушонцы з ялавічыны ўтрымліваецца 97,5 працэнта кускавога мяса плюс выдатнае спалучэнне невялікай колькасці спецый – солі, цыбулі, чорнага молатага перцу і лаўровага лісту, – расказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Перамога на такім высокім узроўні дае магчымасць заключаць кантракты з буйнымі расійскімі кампаніямі – гандлёвай сеткай “Пяцёрачка”, “Ваенгадлем”.

Фаршаўкладальнік Мілан ЦІМАФЕЕЎ – адзін з самых маладых і перспектыўных работнікаў вытворчасці
Галоўная задача рабочай Святланы БАРАДАКА – кантраляваць, каб вага прадукцыі строга адпавядала нормам

Будаўніцтва прадпрыемства пачалося ў 2014 годзе. У снежні 2015 года яго ўвялі ў эксплуатацыю і пачалі работу. Напачатку займаліся вытворчасцю мясных паўфабрыкатаў – у асноўным з ялавічыны, кураціны. Прадукцыя пастаўлялася ў дзіцячыя школы і сады, бальніцы Мінскай вобласці, на камбінат “Вітамінхарчавання”. Працавалі са многімі беларускімі заводамі – рыхтавалі сыравіну для Брэсцкага, Ваўкавыскага, Слуцкага мясакамбінатаў. Паўтара года перапрафіляваліся і абсталявалі тут кансервавы цэх – пачалі выпускаць гатовую прадукцыю з ялавічыны і свініны з паглыбленай пера- і тэрмаапрацоўкай. На сёння на прадпрыемстве працуюць 25 чалавек. Магутнасць вытворчасці складае ад 20 да 25 тысяч бляшанак за змену.

Камплектоўшчык гатовай прадукцыі Дзмітрый ЖДАНОВІЧ штодзень адгружае спажыўцам сотні кілаграмаў мясных кансерваў

Мясныя кансервы актыўна набываюць буйныя гандлёвыя сеткі – “Еўрагандаль”, “Карона”, “Капеечка”, “Дабрацэн”, наладжаны аптовыя пастаўкі на фірмы Расійскай Федэрацыі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА