Спорт

Яму падуладны баявыя майстэрствы

Міліцыянер-вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы Валожынскага РАУС Максім Джураеў заваяваў Кубак Мінскай вобласці па ушу (саньда), а ў мінулыя выхадныя прадставіў наш раён на Міжнародным турніры памяці курсанта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Гвішыані, што традыцыйна праходзіць у Лядовым палацы ў Маладзечне.

Нарадзіўся і вырас Максім у гарадскім пасёлку Юрацішкі. У вялікай сям’і, дзе выхоўваліся пяцёра дзяцей, вялікую ўвагу надавалі спорту. Маці займалася бегам, гандболам, валейболам і іншымі гульнявымі відамі спорту. Стараўся не адставаць ад яе і бацька, а пасля і 4 сыны, і дачушка. Наш герой з маленства захапіўся лёгкай атлетыкай.

Яшчэ ў школе ён заявіў пра выдатную фізічную падрыхтоўку. Мэтанакіраваны хлопчык паставіў рэкорды ў сваёй навучальнай установе па безе на 100 і 200 метраў. Між іншым, пазней у безе на 100 метраў яму не хапіла ўсяго 3/10 секунды, каб стаць кандыдатам у майстры спорту.

У старэйшых класах ён паказаў выдатныя вынікі падчас Рэспубліканскай алімпіяды дапрызыўнай і прызыўнай моладзі па шматбор’і. А калі стаў прызёрам Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай падрыхтоўцы, то без экзаменаў паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Але абставіны склаліся так, што з салідарнасці з лепшым школьным сябрам, з якім яны разам вучыліся, Максім вырашыў забраць дакументы і вярнуцца дамоў. Той трапіў у аварыю і фізічна не мог далей займацца.

Для іх гасцінна расчыніў дзверы Іўеўскі сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй, дзе юнак атрымаў спецыяльнасці трактарыста і вадзіцеля катэгорыі С. Падчас вучобы ён знайшоў у Іўі секцыю па кікбоксінгу і стаў там займацца, каб не страціць фізічнай формы.

Пасля заканчэння сярэднеспецыяльнай навучальнай установы наш герой спрабаваў уладкавацца на працу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, але гэта не атрымалася з-за стану здароўя (там вельмі высокія патрабаванні).

Хлопец збіраўся ўжо адправіцца на тэрміновую ваенную службу, але тут яму прапанавалі работу ў органах унутраных спраў. Так 19-гадовы юнак распачаў працу міліцыянерам-вадзіцелем аператыўна-дзяжурнай службы Валожынскага РАУС.

Быць на добрым рахунку ў кіраўніцтва, узорна выконваць свае службовыя абавязкі малодшаму сяржанту міліцыі Максіму Віктаравічу Джураеву дапамагаюць жыццёвыя прынцыпы, якія былі закладзены бацькамі. Яго галоўнае правіла – у любой сітуацыі заставацца чалавекам.

Праца аператыўна-дзяжурнай службы ідзе ў кругласутачным рэжыме. Змена доўжыцца 24 гадзіны. Асноўная задача – пастаянны кантроль за аператыўнай абстаноўкай у раёне, своечасовы прыём і рэгістрацыя інфармацыі і паведамленняў аб здарэннях і неадкладнае рэагаванне на іх.

У задачы міліцыянера-вадзіцеля ўваходзяць: праверка і падтрыманне ў спраўным тэхнічным стане замацаванага за ім аўтатранспарту, быць гатовым у любы час пры камандзе “на выезд” даставіць следча-аператыўную групу або ўчастковага да месца здарэння. Спачатку маладому чалавеку было складана жыць па строгім распарадку, але дзякуючы сваім старэйшым калегам з усімі цяжкасцямі міліцэйскай службы хутка справіўся. Паступова праца ў такім рытме стала звыклым ладам жыцця.
У Валожыне малады чалавек, нягледзячы на вялікую занятасць, не здрадзіў захапленню спортам. Кожную нядзелю ён ездзіць на заняткі ў фізкультурна-спартыўны клуб “Гладыятар” у Маладзечне.
У верасні мінулага года ён разам з супрацоўнікам аддзела ДАІ Аляксеем Чаркасам прыняў удзел у спарынгу, дзе заняў першае месца. Гэтыя спаборніцтвы былі падрыхтоўкай да Кубка Мінскай вобласці, дзе наш герой стаў пераможцам.

Таксама за гэты час Максім у складзе каманды раёна паўдзельнічаў у абласным асеннім кросе на 6 км, дзе занялі 2-е месца. Гэта дало падставу ў складзе каманды Мінскай вобласці прадэманстраваць сваё майстэрства ў Чэмпіянаце Беларусі па лёгкаатлетычным кросе на 8 км на прызы “Народнай газеты”.

У бліжэйшых планах Максіма Джураева – прыняць удзел у спаборніцтвах па рукапашным боі сярод супрацоўнікаў МУС, якія адбудуцца ў наступным месяцы. Пажадаем яму поспехаў у спорце і, зразумела, у службе.

Анжэла РАДЫНА